трохшлю́бны, ‑ая, ‑ае.
1. Які тры разы ўступаў у шлюб або знаходзіўся адначасова ў трох шлюбах.
2. Які паходзіць ад трох шлюбаў. Трохшлюбныя дзеці.
трох’я́русны, ‑ая, ‑ае.
З трыма ярусамі, гарызантальна размешчанымі адзін над другім. Трох’ярусная пабудова..
тро́шачкі, прысл.
Разм. Тое, што і трошкі. — Я трошачкі пасяджу, таварыш камісар. А потым я даганю вас, — не расплюшчваючы вачэй, шаптаў баец. Шамякін.
тро́шачку, прысл.
Разм. Тое, што і трошкі. Хоць бы трошачку ценю, Хоць бы кроплю вады, Хоць бы сівы арол Засланіў крыллем сонца! Панчанка. Нос быў трошачку задзёрты, але кірпатым яго нельга было назваць. Васілёнак.
тро́шкі, прысл.
Нямнога, крышку, чуць. А харошы ўсё ж бацька... Трошкі пабойваўся яго Міколка, а любіў яшчэ болей. Лынькоў. Наталька хацела стаць трошкі бліжэй да дзвярэй. Колас. Можа, мне і здалося тады, што Сямён Васільевіч трошкі ўедліва сказаў апошнія словы. Дуброўскі.
тро́шку, прысл.
Разм. Тое, што і троху. Раптам з елкі шышка — стук! А за ёй другая — Смольная, тугая — Шлоп! Каб трошку, дык у лоб. Гілевіч.
тро́шчаны, ‑ая, ‑ае.
Спец. Прыгатаваны, атрыманы трашчэннем. Трошчаныя ніткі.
тры... і трох...
Першая састаўная частка складаных слоў; абазначае: 1) які складаецца з трох частак, раздзелаў і пад., напрыклад: трохкласны, трохпакаёвы, трохтомны, трохпавярховы, трыножак, трыплан; 2) які мае тры аднолькавыя прадметы, прыкметы, уласцівасці і пад., напрыклад: трохвугольны, трохматорны, трохстопны; 3) трайны па масе, па аб’ёму, па даўжыні і пад., напрыклад: трохатамны, трохвалентны, трохдзённы, трохрублёвы, трохпудовы.