Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

даве́ку, прысл.

Да канца жыцця; заўсёды. Я — вам любоў даю ў павадыры: Нясіце ў чысціні яе давеку, Нясіце заўтрашняму чалавеку яе крылатасць і яе дары. Гаўрусёў. Маленькі сабачка давеку шчаня. Прыказка.

даве́р, ‑у, м.

Тое, што і давер’е. Відаць, у падзяку за давер, Саша хацеў расказаць пра дзяўчыну як можна больш харошага і прыемнага. Кулакоўскі.

даве́ранасць, ‑і, ж.

Тое, што і даручэнне (у 2 знач.). Даверанасці, якія выдаюцца грамадзянамі, засведчваюцца ў натарыяльным парадку. Грамадзянскі працэсуальны кодэкс БССР. Цётка Куліна аформіла даверанасць, я ўзяў у Васіля сумку і пайшоў у Рудню па пісьмы і газеты. Жычка.

даве́раны, ‑ая, ‑ае.

1. Дзеепрым. зал. пр. ад даверыць.

2. у знач. прым. Надзелены давер’ем. Аксён Каль выступаў ад грамады як давераная асоба. Колас.

3. у знач. наз. даве́раны, ‑ага, м. Асоба, якая дзейнічае па чыім‑н. даручэнні. Выбраць давераных. Давераны ў справах.

даве́р’е, ‑я, н.

Пераконанасць у чыёй‑н. шчырасці, чэснасці, добрасумленнасці і заснаваныя на іх адносіны да каго‑, чаго‑н. Карыстацца давер’ем. Заслужыць давер’е. Страціць давер’е. Апраўдаць давер’е. □ Так была наладжана сувязь з калгасам, і гэтай сувязі [Цімох] стараўся не губляць, наадварот, ён яшчэ болей замацоўваў яе, заваёўваючы давер’е з боку асобных калгаснікаў. Колас.

•••

Увайсці (уцерціся) у давер’е гл. увайсці.

даве́рлівасць, ‑і, ж.

Уласцівасць даверлівага. Дзіцячая даверлівасць. □ Таццяна радасна ажывілася — ёй надзвычайна прыемна было, што Зелянюк ставіцца да яе з шчырай даверлівасцю і нават радзіцца з ёй. Зарэцкі.

даве́рлівы, ‑ая, ‑ае.

Які лёгка верыць у шчырасць, праўдзівасць каго‑, чаго‑н., схільны аказваць давер’е. Ліда сустрэла настаўніка, паздароўкалася, абняла яго руку, прытулілася да яе, як даверлівае дзіця. Колас. // Які выражае давер’е. Даверлівы тон. □ Дзед прысеў каля ўнукаў, паглядзеў у іх даверлівыя вочы, пацалаваў абаіх. Пестрак. // Заснаваны на давер’і. Даверлівыя адносіны паміж людзьмі.

даве́рнік, ‑а, м.

Той, хто выдаў каму‑н. даручэнне (у 2 знач.).

даве́рніца, ‑ы, ж.

Жан. да давернік.

даве́рны, ‑ая, ‑ае.

Які сведчыць аб даручэнні каму‑н. чаго‑н. Давернае пісьмо.