Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

бліскаце́ць, ‑ціць; незак.

Зіхацець, пералівацца святлом; іскрыцца. Між хмызнякоў і траў бліскацела ржавая балотная вада. Пестрак. Пад ..[сонечнымі] праменямі бліскацела, знікаючы пад калёсамі аўтобуса, [стужка] шашы. Мяжэвіч.

блі́скаць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да бліснуць (у 1–3 знач.).

бліско́тны, ‑ая, ‑ае.

Які бліскаціць, пераліваючыся, іскрыцца. А ноч — то стрымае хмарку, каб тут пахадзіла. То бліскотнаю зоркай з вышыняў махне. Кірэенка. [Васіль] з нейкай злосцю павёў касою. Мокрая, бліскотная трава пакорліва, амаль нячутна легла. Мележ.

бліску́часць, ‑і, ж.

Уласцівасць бліскучага.

бліску́чка, ‑і, ДМ ‑чцы; Р мн. ‑чак; ж.

Разм. іран. Розныя бліскучыя рэчы. Збігнеў палез пад крысо кажуха ў кішэню, дастаў жменю бліскучак: залатых гадзіннікаў, пярсцёнкаў, ланцужкоў, брошак... Карпюк.

бліску́чы, ‑ая, ‑ае.

1. Які бліскае, ззяе, вылучае святло, прамені. Па шкляным цёмна-сінім небе мігцяць зоркі — буйныя, бліскучыя. Бядуля. Высока ўзняўшы ўгару рукі, маладая жанчына вешала на.. [ялінку] бліскучыя каляровыя цацкі. Васілевіч. // Які свеціцца, блішчыць, выяўляючы ўнутраны стан чалавека (пра вочы). У той жа міг да нас падбегла двое падлеткаў, хлапчук і дзяўчынка, разгарачаныя, з бліскучымі вачамі. Краўчанка.

2. перан. Вельмі добры. Парадныя залы ў Белавежскім палацы былі прыведзены ў бездакорны, бліскучы парадак. В. Вольскі. Прыбыўшы .. [на заставу] чатыры месяцы таму назад, маёр застаў жыллёвыя ўмовы далёка не бліскучымі. Брыль. // З вельмі добрай знешнасцю, шыкоўна апрануты. Пераступіў парог [Сашка], бліскучы і жыццярадасны. Чорны. // Выдатны, надзвычайны. Бліскучыя поспехі. Бліскучы аналіз фактаў. □ Маркс і Энгельс выхавалі бліскучую плеяду пралетарскіх рэвалюцыянераў. «Звязда». [Бутылін:] — Ручаюся, праз тры гады.. [Іванова] сама ў нашым жа інстытуце будзе чытаць бліскучыя лекцыі. Васілевіч.

блі́снуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; зак. і аднакр., чым і без дап.

1. Ярка заблішчаць, заззяць (пра сонца, зоркі, агонь і пад.). Бліснула маланка. □ Раптам.. [краўцу] здалося, што каля пільні бліснуў на момант агонь. Чорны. Яшчэ падалі буйныя кроплі, а ў разрыве хмары ўжо бліснула сонца. Карпаў. У далечыні бліснуў прамень пражэктара. Васілёнак. // Заблішчаць, засвяціцца (аб прадметах, у якіх адлюстроўваецца святло). Калі-нікалі блісне серп на сонцы. Бядуля. Час ад часу, гуляючы, выскачыць рыба пад паверхняй вады, блісне серабрыстай луской на сонцы і цяжка плёхнецца назад у ваду. Галавач. Бліснула на тэлеграфных правадах раса. Хомчанка.

2. Паказацца (пра яркія прадметы). Ельнік неўзабаве разбегся і, уся залітая сонцам, бліснула аўсяная паляна. Чорны. Наперадзе бліснула чорнае вока лясною азярка. Навуменка.

3. Зіркнуць (пра імгненны позірк). Твар у Веры змяніўся, вочы бліснулі пакрыўджана і непрыязна. Кулакоўскі. // Прамільгнуць (аб праяўленні якіх‑н. пачуццяў праз характэрны бляск вачэй, выраз твару). Нядобрыя іскаркі бліснулі ў вачах старой. Кірэйчык. У вачах хлопчыка бліснула нянавісць. Гамолка. На твары.. [паненкі] ў першы момант выразна бліснуў спалох, але зараз жа змяніўся на злосць. Зарэцкі. Потым твар.. [Драпезы] паволі пачаў святлець, пакуль на ім не бліснула шчырая ўсмешка захаплення. Паслядовіч.

4. перан. Ярка праявіцца. Калі сапраўдны талент блісне, Яго ніхто ніколі не зацісне. Корбан. // Вызначыцца, вылучыцца чым‑н. Самалюбівы, аматар усякіх маланебяспечных, але гучных спраў,.. [Шуст] заўсёды кідаўся туды, дзе можна было раптам бліснуць перад камандаваннем. Шчарбатаў.

5. перан. Раптам з’явіцца; прамільгнуць. Бліснула думка. □ Надзя слухала мяцеліцу, слухала думы свае, чакала, глядзела, а мо блісне прамень надзеі. Галавач.

блісь,

1. выкл. Выказвае кароткатэрміновасць дзеяння паводле дзеясл. бліснуць, бліскаць. Блісь-блісь! успыхваюць бліскаўкі, Агністанітныя брыжы. Колас.

2. у знач. вык. Адпавядае дзеясл. бліснуць, бліскаць. [Грасыльда:] — Я ўжо думала, што заснула, працерла вочы... Ажно нешта раптам блісь ад месяца пад варыўнёй. Пташнікаў.

бліц, ‑у, м.

Лямпа для імгненнай моцнай успышкі святла пры фатаграфаванні. У вестыбюлі палаца культуры было людна, зырка ўспыхвалі бліцы. Сабаленка.

бліц...,

Першая састаўная частка складаных слоў, якая адпавядае па значэнню словам: «вельмі хуткі», «маланкавы», напрыклад: бліцтурнір, бліцпаход.