Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

бестрыво́жны, ‑ая, ‑ае.

Які не ведае трывог. У бестрывожнае юнацтва Падзьмула горача вайна, І давялося мне спазнацца З трывогай — грозная яна. Ляпёшкін.

бестсе́лер, ‑а, м.

У шэрагу замежных краін — ходкая, выдадзеная вялікім тыражом, кніга; ходкі тавар.

[Ад англ. best — лепшы, большы і sell — прадавацца.]

бестурбо́тнасць, ‑і, ж.

1. Уласцівасць бестурботнага; адсутнасць турботы. Лабановіч аднойчы сустракаўся з ім і ўпадабаў пастуха за бестурботнасць, [весялосць] і лагоднасць. Колас.

2. Бестурботныя адносіны да чаго‑н. А на гэтых пасяджэннях знаходзіліся ахвотнікі і пахвальвалі .. [Шалюту] за заслугі. Пачало расці патрошку зазнайства, з’явілася бестурботнасць. Дуброўскі.

бестурбо́тны, ‑ая, ‑ае.

Які з лёгкасцю адносіцца да жыццёвых спраў і турбот; бесклапотны. Даверлівая і бестурботная,.. [Таня] сама ва ўсім вінавата. Грамовіч. // Уласцівы такому чалавеку. Бестурботны характар. // Які выяўляе адсутнасць турботы. [Максім Сцяпанавіч] уваходзіў у палату з бестурботнай усмешкай. Карпаў. На шчоках у Чухноўскага гарыць румянец, у вачах — бестурботны блакіт. Пестрак. // Не звязаны з жыццёвымі турботамі, далёкі ад іх. Меншыя Аўгініны дзеці — два хлопчыкі — спалі бестурботным сном шчаслівага дзяцінства. Колас.

бестэрміно́вы, ‑ая, ‑ае.

Які не мае тэрміну, не абмежаваны ім. Бестэрміновы пашпарт. □ Зямля, якую займаюць калгасы, замацоўваецца за імі ў бясплатнае і бестэрміновае карыстанне, гэта значыць навечна. Канстытуцыя БССР.

бесхара́ктарнасць, ‑і, ж.

Уласцівасць бесхарактарнага.

бесхара́ктарны, ‑ая, ‑ае.

Які лёгка паддаецца чужому ўздзеянню; бязвольны. Яна слабая, бесхарактарная. Яшчэ маці казала: «У цябе, Віка, характар — што разагрэты воск. З яго што хочаш можна вылепіць». Шамякін.

бесхаці́нец, ‑нца, м.

Чалавек, пазбаўлены свайго роднага жылля, воляю лёсу асуджаны на бадзянне па свеце. Сам бацька, бесхацінец, амаль жабрак, у вачах сялян выглядаў панскім сабакам. Лужанін.

бесхаці́нка, ‑і, ДМ ‑нцы; Р мн. ‑нак; ж.

Жан. да бесхацінец.

бесхрыбе́тнасць, ‑і, ж.

Уласцівасць бесхрыбетнага. Тут, у апошняй сцэне, ад маналогаў і рэплік Сама патыхае жыццёвым гартам, пераконанасцю чалавека, які шмат чаго пабачыў, перажыў, таму мае права на навучанне, на тое, нават, каб кінуць папрок многім за мяккацеласць, бесхрыбетнасць у барацьбе з прыгнятальнікамі. Навуменка.