даўгару́кі, ‑ая, ‑ае.
З доўгімі рукамі. З выгляду гэта быў падлетак, худы, даўгарукі, з тонкай шыяй, а па хадзе, па прыгорбленай постаці — мужчына. Мележ.
даўгата́, ‑ы, ДМ ‑гаце, ж.
Адна з геаграфічных каардынат — вугал паміж плоскасцямі пачатковага мерыдыяна і мерыдыяна данага пункта.
даўгатва́ры, ‑ая, ‑ае.
З доўгім, прадаўгаватым тварам. Крывец, даўгатвары, з як бы ўціснутымі шчокамі, пыхнуўшы папяросаю.., паспачуваў: — Пэўна, адстаў [Грэчка] дзе-небудзь і заблудзіўся. Мележ.
даўгахва́левы, ‑ая, ‑ае.
З вялікай даўжынёй хвалі. Даўгахвалевае выпрамяненне. // Які працуе на доўгіх хвалях, прымае доўгія хвалі. Даўгахвалевая радыёстанцыя. Даўгахвалевы прыёмнік.
даўгахво́сты, ‑ая, ‑ае.
З доўгім хвастом. Даўгахвостая вавёрка, відаць, нечым напалоханая, рыжай маланкай узлятае ўгору па карабатай кары дуба. Паслядовіч.
даўгашы́і, ‑яя, ‑яе.
З доўгай шыяй. Даўгашыі гусак.
даўгашэ́рсны, ‑ая, ‑ае.
З доўгай шэрсцю. Даўгашэрсная парода авечак.
даўго́тны, ‑ая, ‑ае.
Спец. Які мае адносіны да даўгаты. Часціцы ляцяць уздоўж мерыдыяна, дрэйфуюць у даўготным напрамку. «Звязда».
даўгуне́ц, ‑нца, м.
Сорт ільну з доўгім негалінастым сцяблом.