Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

наздрава́тасць, ‑і, ж.

Уласцівасць і стан наздраватага; порыстасць.

наздрава́ты, ‑ая, ‑ае.

З невялікімі, частымі адтулінамі, дзірачкамі; порысты. Наздраваты хлеб. Наздраваты шлак. □ Пачарнелы снег быў наздраваты і храбусткі. Новікаў. Над імклівым, сцюдзёным бяздоннем нябачна штурхаліся, шоргаліся, кружылі на месцы і зноў спяшаліся за плынню шэрыя, наздраватыя крыгі. Брыль.

наздраві́на, ‑ы, ж.

Спец. Наздраватае, порыстае месца; сітавіна.

наздра́ты, ‑ая, ‑ае.

З вялікімі ноздрамі. Часам галава [каровы] прыпыніцца, у шыбу ўпрэцца вільготная наздратая пыса і зашуміць моцна, нюхнуўшы паветра. Крапіва.

наздры́цца, ‑рыцца; незак.

Разм. Рабіцца наздраватым, порыстым. Дзе-нідзе наздрыўся зімовымі завеямі снег. Асіпенка.

наздыма́ць,

гл. назнімаць.

назеляні́ць, ‑ню, ‑ніш, ‑ніць; зак., што і чаго.

Разм. Афарбаваць што‑н. у зялёны колер; зрабіць вельмі зялёным.

назе́мны, ‑ая, ‑ае.

1. Які знаходзіцца, размешчаны на паверхні зямлі. Наземны вестыбюль метро. Наземны аб’ект. □ Узвесці наземныя збудаванні сучаснай магутнай цеплавой станцыі не так проста. Шыцік. Чутны былі гудкі, снавалі ў цемені аганькі. У вялікіх наземных будынках грукаталі і сіпелі машыны. Лупсякоў.

2. Які дзейнічае на зямной паверхні. Наземныя машыны. □ Тым часам партызаны.. быццам расталі дзе, [іх].. не магла знайсці ў зімовых лясах ні наземная разведка, ні нават паветраная. Чыгрынаў. // Які праводзіцца, робіцца на зямной паверхні. Наземныя вымярэнні. □ З белых пустэльняў поўначы, дзе разгараліся жорсткія паветраныя сутычкі, лепш былі відаць жорсткія наземныя баі на другіх франтах. Кучар.

наззыва́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., каго.

Склікаць вялікую колькасць каго‑н. Наззываць гасцей.

назіра́льнасць, ‑і, ж.

Здольнасць бачыць, заўважаць факты, з’явы, якіх не бачаць, не заўважаюць іншыя. Развіваць назіральнасць. Вострая назіральнасць. Адсутнасць назіральнасці. □ Андрэйка вызначаўся дасціпнасцю і не па гадах вялікай назіральнасцю. Кавалёў.