шты́фтавы, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да штыфта; змацаваны штыфтамі; які мае штыфты. Штыфтавае злучэнне. Штыфтавая малатарня.
штых, ‑а, м.
Тое, што і штык. — Цёмна, нічога не відаць, — сказаў чырвонаармеец, нагнуўшы галаву над цёмным прагалкам. — А ты штыхом памацай, — параіў другі. Крапіва. Вось і бойка. Куля з шаблямі, Штых з гарматай сустракаліся. Грамыка.
шты́хель, ‑я, м.
Ручны разец, які выкарыстоўваецца для гравіроўкі і абточвання дробных дэталей у гадзіннікавай справе, дакладнай механіцы.
[Ням. Stichel.]
штэ́вень, штаўня, м.
Спец. Асабліва трывалая частка корпуса судна, якой завяршаецца каркас судна на носе і карме.
[Гал. steven.]
штэ́йгер, ‑а, м.
Уст. Горны майстар, які загадвае руднымі работамі.
[Ням. Steiger.]
штэ́йгерскі, ‑ая, ‑ае.
Уст. Які мае адносіны да штэйгера, належыць яму. Штэйгерскія абавязкі.
штэйн, ‑у, м.
У металургіі — прамежкавы або пабочны прадукт, які атрымоўваецца пры плаўцы руд каляровых металаў.
[Ад ням. Stein — камень.]
штэ́мпель, ‑я, м.
1. Від пячаткі з выпуклым адбіткам або надпісам. — То шукай яго, калі ён твой знаёмы, у турме, — строга сказаў.. [местачковец] і загрукаў паштовым штэмпелем па канвертах. Якімовіч. // Адбітак, зроблены такой пячаткай. Паштовы квіток са штэмпелем і цяпер ляжыць у бакавой кішэні .. ватоўкі [Міканора]. Кулакоўскі. А з Далёкага Усходу пісьмы з вайсковымі штэмпелямі ішлі яшчэ доўга. Ракітны.
2. Уст. Від штампа (у 1 знач.), якім выбіваюць рысунак на манетах, медалях і пад.
[Ням. Stempel.]
штэ́мпельны, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да штэмпеля; зроблены штэмпелем. Штэмпельны адбітак. // Які прызначаны, служыць для штэмпелявання. Штэмпельная падушка. Штэмпельны прэс.
штэмпелява́нне, ‑я, н.
Дзеянне паводле знач. дзеясл. штэмпеляваць.