Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ло́гавішча, ‑а, н.

1. Тое, што і логава. Непадалёку ад лясной сцежкі было воўчае логавішча. Чорны. Мы павінны ўзмацніць удары па варожых камунікацыях, па варожых логавішчах. Паслядовіч.

2. Месца масавага размяшчэння зверыны; лежня. У той час цюленяў на Каспійскім моры вадзілася багата. Логавішча іх было і на Бурым востраве. Хомчанка.

ло́гік, ‑а, м.

Спецыяліст па логіцы.

ло́гіка, ‑і, ДМ ‑гіцы, ж.

1. Навука аб законах і формах мыслення. Фармальная логіка. Дыялектычная логіка. Матэматычная логіка.

2. Ход разважанняў, вывадаў. У выступленні Тамары менш было запалу і рашучасці, затое логіка якая! Ермаловіч. // Правільнасць, разумнасць мыслення. [Міхал] ніколі не вызначаўся асаблівай выдатнасцю логікі ў думках. Чорны. Фронт быў ад нас яшчэ за сотні кіламетраў, але насуперак логіцы ўсім захацелася пачуць у гэтых выбухах грукат сваёй артылерыі. Карпюк.

3. Унутраная заканамернасць. Логіка рэчаў. □ Дзіўныя справы .. захапляюць мяне сваёй навізной, такім незвычайным для нашага жыцця паваротам падзей і логікай з’яў. Быкаў.

[Грэч. logikē.]

ло́дар, ‑а, м.

Разм. неадабр. Той, хто не хоча працаваць; гультай.

ло́дарнічанне, ‑я, н.

Разм. неадабр. Дзеянне паводле знач. дзеясл. лодарнічаць.

ло́дарнічаць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.

Разм. неадабр. Ухіляцца ад працы; гультайнічаць.

ло́дачка, ‑і, ДМ ‑чцы; Р мн. ‑чак; ж.

1. Памянш.-ласк. да лодка (у 1 знач.).

2. звычайна мн. (ло́дачкі, ‑чак). Род адкрытых жаночых туфляў без раменьчыкаў і шнуркоў. Не адпускаючы рукі Сяргея, .. [Ліна], як матылёк, пырхала каля яго ў чаканні новага танца, ад нецярплівасці прытупвала сваімі новенькімі лодачкамі. Хомчанка.

ло́дачнік, ‑а, м.

Той, хто займаецца перавозкай на лодцы.

ло́дачніца, ‑ы, ж.

Жан. да лодачнік.

ло́дачны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да лодкі, прызначаны для яе. Лодачная станцыя.