Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

назбі́рваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да назбіраць (у 1 знач.).

назбяга́цца, ‑аецца; зак.

Збегчысяў вялікай колькасці. Назбягалася суседзяў, Хто з поля, хто з хаты. Русак.

на́зва, ‑ы, ж.

1. Абазначэнне словам чаго‑н., найменне чаго‑н. Назва мінералу. □ [Сыны] ведаюць цяпер назвы ўсіх птушак, .. назвы розных дрэў. Бядуля. // Абазначэнне словам аднаго прадмета, адной з’явы і пад., якое вылучае іх з шэрагу ўсіх іншых. Назва вуліцы. Назва рамана. □ Нехта даў трапную назву вёсцы — Запалянка. Пестрак.

2. Спец. Асобны друкаваны твор, які мае адзін загаловак. Выдадзена 70 назваў падручнікаў. У бібліятэцы некалькі тысяч назваў кніг. // Абазначэнне аднаго прадмета, незалежна ад колькасці тых, што ўжо ёсць. Цэх спецыяльнага ліцця пачне выпускаць каля ста назваў дэталей. «Беларусь».

•••

Адна (толькі) назва — аб кім‑, чым‑н., што не адпавядае свайму прызначэння).

назвалака́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., чаго.

1. Цягнучы, зняць з чаго‑н. або адкуль‑н. у вялікай колькасці. Назвалакаць мяшкоў з воза.

2. Сабраць, сцягнуць у адно месца вялікую колькасць чаго‑н. Назвалакаць кучу галля.

назвала́кваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., чаго.

Тое, што і назвалакаць.

назва́льваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., чаго.

Неакуратна скідаць, злажыць у адно месца вялікую колькасць чаго‑н. Назвальваць дроў.

названі́цца, ‑званюся, ‑звонішся, ‑звоніцца; зак.

Разм. Пазваніць многа, удосталь. Названіўся за дзень.

назва́ны, ‑ая, ‑ае.

1. Дзеепрым. зал. пр. ад назваць.

2. у знач. прым. Які не знаходзіцца ў кроўных, роднасных сувязях. Названы сын. Названая нявеста. □ Нарэшце, перацалаваўшыся са свёкрам і свякрухаю, з цешчаю і названым цесцем, яны накіраваліся ў расчыненую хату. Васілевіч.

назва́рваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., чаго.

Спец. Зварыць, злучыць шляхам зваркі вялікую колькасць чаго‑н. Назварваць труб.

назва́цца, ‑завуся, ‑завешся, ‑завецца; ‑завёмся, ‑завяцеся; зак.

1. Прыняць, узяць сабе якую‑н. назву, імя і пад. [Іван:] — Заўтра ж трэба зрабіць табе добрыя дакументы. Кім ты хочаш, пазвацца? Новікаў.

2. Сказаць, назваць сваё імя, прозвішча, становішча і пад.; адрэкамендавацца. Навічок назваўся Апанасам Вялічкам. Машара.

3. Разм. Напрасіцца, навязацца да каго‑н. з чым‑н. — Зразумела, — сказаў Лабановіч. — панне Ядвісі будзе шмат прыемней пайсці ў кампаніі Грыгора і Негруся, які напэўна сам назавецца ў праважатыя. Колас.