шмо́ткі, ‑так; адз. шмотка, ‑і, ДМ ‑тцы, ж.
Разм. зніж. Прадметы адзення, адзежа. [Чалавек:] — Паехалі твае шмоткі, дружа, на дэзінфекцыю. Мехаў. Вось якая наша бабка ўмеліца — са старых падраных шмотак і такую прыгожую посцілку выткала. Каліна.
шмо́цце, ‑я, н., зб.
1. Паношанае рванае адзенне, бялізна і пад. Бычыха наўмысля апранала сына ў такое шмоцце, што толькі б Шмуілу яго выкінуць. Кулакоўскі. [Паліцыянты] перавярнулі ўсё шмоцце на палацях, адзін палез на печ і пачаў ператрушваць Салвесішыну пасцель. Сабаленка.
2. Кусочкі, шматкі чаго‑н. Апошняя пачка [грошай] была разарвана на шмоцце. Лобан.
шму́ляцца, ‑яецца; незак.
1. Выцірацца, зношвацца ад частага ўжытку (звычайна пра адзенне). Шмуляецца каўнер.
2. Церціся, сцірацца, націрацца (пра скуру). Ад грубай тканіны шмуляецца шыя.
шму́ляць, ‑яю, ‑яеш, ‑яе; незак., што.
1. Выціраць ад частага ўжытку (звычайна адзенне).
2. Церці, сціраць, націраць (скуру). Цвёрды хамут шмуляе каню шыю.
шмуцты́тул, ‑а, м.
Спец. Ліст паперы, змешчаны перад пачаткам кнігі або перад яе раздзеламі, на якім даюцца загаловак, ілюстрацыі і г. д.
[Ад ням. Schmutztitel.]
шмыг, выкл. у знач. вык.
Разм. Ужываецца паводле знач. дзеясл. шмыгаць — шмыгнуць. [Тарас:] Пакуль я схапіў аўтамат, дык ён [Віткоўскі] гэтым часам шмыг у кусты і даў драла ў лес. Гурскі. Шустры жоўценькі клубок Шмыг са сцежкі пад дубок. Ад квактухі ён адстаў, Ціўкаць жаласна пачаў: — Памажыце, ціў-ціў-ціў, Маці родную знайсці. Галіноўская. Верабейчык — ціў-ціў-ціў! — Носам вострым пакруціў, Лапкай шоргнуў па суку, Крыллем пляснуў па баку І ў каноплі мігам — шмыг! Дзеружынскі.
шмыгану́ць, ‑ну, ‑неш, ‑не; ‑нём, ‑няце; зак.
Разм. Тое, што і шмыгнуць. [Петрык:] — Ты [Антусёк] дазволу не пытай — Шмыганём употай: Хай злуе важаты, хай Нас шукае потым... Гілевіч. Пакуль мама карміла малога, нянька ціхенька шмыганула за дзверы. Брыль. Вулька зразумела, ці мо адчула, што гаворка павінна весціся без яе, устала з лаўкі і шмыганула ў сенцы. Кулакоўскі. Дарога спусцілася ў лагчынку, паднялася на пагорак, павярнула направа і шмыганула ў хвойнік. Сачанка.
шмы́гаць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.
Разм.
1. Хутка, жвава хадзіць, рухацца, перамяшчацца каля каго‑, чаго‑н., паміж кім‑, чым‑н. Шмыгала сарока Па садах і парках, Збірала навокал Навіны пляткарка. Калачынскі. Між дарослых шмыгалі дзеці — гулялі ў квача, бегалі па прасторнай зале вакол пышнай пальмы. Шыловіч. На вуліцы мітусіліся людзі, шмыгалі ў розныя бакі аўтамашыны. Пянкрат.
2. чым. Тое, што і шморгаць (у 4 знач.). Паўлік шмыгаў носам і аж затойваў дух. Пальчэўскі.
шмыгну́ць, ‑ну, ‑неш, ‑не; ‑нём, ‑няце; зак.
Разм.
1. Аднакр. да шмыгаць.
2. Хутка, непрыкметна пайсці, знікнуць. Не марудзячы больш ні хвіліны, Сяргей, хаваючыся за машыну, шмыгнуў за вугал гаража. Мележ. [Гендарсан] адчыніў кантору, а сам шмыгнуў за перагародку. Чарнышэвіч.
шмэ́ндрык, ‑а, м.
Разм. Звычайна пра падлетка, несур’ёзнага хлопца. Развялося гэтых вусатых шмэндрыкаў. □ Засталіся ў хатах старыя, малыя ды такія шмэндрыкі, як мы. Пянкрат.