Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

трыу́мф, ‑у, м.

1. Урачыстая сустрэча палкаводца і яго войска ў Старажытным Рыме ў сувязі з дасягнутай перамогай.

2. Бліскучы поспех, выдатная перамога; урачыстасць. Трыумф ленінскай нацыянальнай палітыкі. □ Міцеў трыумф пачаўся ў красавіку, калі ён занёс дырэктару заяву з просьбай прыняць экзамены за тры чвэрці дзевятага класа. Навуменка.

[Лац. triumphus.]

трыумфава́ць, ‑фую, ‑фуеш, ‑фуе; незак.

Разм.

1. над кім-чым і без дап. Атрымліваць перамогу, браць верх. Над краем шыбеніц, астрогаў Трыумфаваў каронны кат. Купала.

2. без дап. Радавацца, весяліцца з прычыны перамогі над кім‑н., з поваду поспеху ў чым‑н. Станіслаў трыумфаваў, смакуючы наперад выйгрыш закладу. Гурскі.

трыумфа́льны, ‑ая, ‑ае.

1. Які служыць для ўрачыстага шэсця трыумфатара; збудаваны ў гонар якога‑н. трыумфу, перамогі, урачыстасці. Трыумфальная арка.

2. Урачысты, пераможны; які праходзіць з незвычайным уздымам. Трыумфальнае шэсце. □ — Цімафей Ільіч хоча зрабіць у ваш гонар, Міхаіл Дзям’янавіч, нейкае трыумфальнае віншаванне, — сказаў Трухан. Даніленка.

трыумфа́тар, ‑а, м.

1. У Старажытным Рыме — палкаводзец-пераможца, якога сустракалі з трыумфам.

2. перан. Той, хто дасягнуў бліскучага поспеху, перамогі ў чым‑н.

[Лац. triumphator.]

трыумфа́тарскі, ‑ая, ‑ае.

Які належыць, уласцівы трыумфатару. Клалі цыноўкі пад вокнамі Ціхіх дамоў песняпеўцаў, Каб не пашкодзіў іх думам Гром трыумфатарскіх калясніц. Гаўрусёў.

трыфо́ль, ‑ю, м.

Вадзяная ці балотная травяністая расліна з паўзучым карэнішчам і трайчастым лісцем, якія выкарыстоўваюцца ў медыцыне як жаўцягонны і паляпшаючы апетыт сродак; бабок.

[Лац. trifolium.]

трыфто́нг, ‑а, м.

Спец. Спалучэнне трох галосных гукаў у адным складзе.

[Ад грэч. tri- — у складаных словах тры і phtongos — гук.]

трыхатамі́я, ‑і, ж.

Надзел цэлага на тры роўныя часткі. // Спец. Чляненне паняцця на тры члены на аснове іх процілегласці.

[Ад. грэч. tricha — траяка і thomē — разрэз.]

трыхафіты́я, ‑і, ж.

Грыбковае захворванне чалавека і жывёл.

трыхі́на, ‑ы, ж.

Маленькі круглы чарвяк, лічынкі якога паразітуюць у мышцах свіней і іншых жывёлін і з мясной ежай перадаюцца чалавеку.

[Грэч. trichinos — валасяны.]