Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

безрука́ўка, ‑і, ДМ ‑ўцы; Р мн. ‑кавак; ж.

Куртка або кофта без рукавоў. Цяпер, калі «рэдактар» скінуў кубанку, шынель і ў чорнай аўчыннай безрукаўцы паўзверх гімнасцёркі сеў за стол, скрытая трывога і злосць яго пачала непрыкметна пераходзіць на смех, які ўжо, здаецца, пачаў праступаць на твары. Брыль.

безрулявы́, ‑ая, ‑ое.

Спартыўная (акадэмічная) лодка для двух весляроў без рулявога.

безрысо́рны, ‑ая, ‑ае.

Які не мае рысор. Безрысорная брычка.

безува́жлівасць, ‑і, ж.

Уласцівасць безуважлівага.

безува́жлівы, ‑ая, ‑ае.

Тое, што і безуважны.

безува́жнасць, ‑і, ж.

Уласцівасць безуважнага; абыякавыя, раўнадушныя адносіны да каго‑, чаго‑н. Кацярына бачыла Андрыянаву безуважнасць да сябе. Марціновіч. Дзед Піліп змоўк і з дэманстратыўнай безуважнасцю закурыў сваю вялізную старасвецкую піпку. Зарэцкі.

безува́жны, ‑ая, ‑ае.

Які не праяўляе ніякай цікавасці да каго‑, чаго‑н.; раўнадушны. Не падымаючы вачэй, з апушчанай галавой рушыў Саўка з лесу.. Ён быў дужа стомлены, атупелы, безуважны, прыбіты. Колас. // Які выказвае безуважнасць. Каршукоў глядзеў на мёртвы горад, на абгарэлыя чорныя коміны абыякавымі, безуважнымі вачамі. Асіпенка.

безудзе́льнасць, ‑і, ж.

Уласцівасць безудзельнага; раўнадушнасць. Даччына безудзельнасць прайшла міма Арынінай увагі, і яна спакойна села на канапу. Карпаў.

безудзе́льны, ‑ая, ‑ае.

Які не прымае ніякага ўдзелу ў чым‑н.; абыякавы да ўсяго. Аўтар як быццам быў зусім безудзельны да таго, што чытаў, што ажыло пад яго пяром, прайшоўшы праз думку і пачуццё. Лужанін. // Уласцівы, характэрны такому чалавеку. Безудзельны позірк.

безула́ддзе, ‑я, н.

Адсутнасць дзяржаўнай улады; адсутнасць кіраўніцтва. У Журавічах, якія ад Альхова за дваццаць вёрст, безуладдзе... Навуменка. // Адсутнасць здольнасці валодаць сабой. Ведаючы сваё безуладдзе над уласнай весялосцю, .. [Герасім Іванавіч] неяк раптам, праз сілу, устае на ногі і падыходзіць да акна. Карамазаў.