Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

разлі́ўшчык, ‑а, м.

Рабочы, які займаецца разліўкай чаго‑н.

разлі́ўшчыца, ‑ы, ж.

Жан. да разліўшчык.

разлі́цца, разальецца і разліецца; пр. разліўся, ‑лася, ‑лося; заг. разліся, зак.

1. Выліцца часткова або поўнасцю; расплюхацца. Малако разлілося. □ Язэп так і не данёс лыжку да рота. Зацірка разлілася. Асіпенка.

2. Размеркавацца па розных пасудзінах (пра вадкасць).

3. Заліць якую‑н. прастору, паверхню чаго‑н.; расцячыся. Тая нафта, што разлілася тонкім слоем па паверхні вады, загарэцца ўжо не магла. «Полымя». // Выйсці з берагоў. Рэчка разлілася так шырока, як не разлівалася ўжо многа год, вада падышла пад самыя хаты. Шамякін. А там, дзе чарнеў заскарузлы алешнік, разлілася сажалка, увабраўшы ў сябе ўсю ясную сінь летняга неба. Ракітны.

4. перан. Разысціся ва ўсе бакі, па ўсёй прасторы чаго‑н., у межах чаго‑н. Усход святлее, ціха грае і пераліваецца гэта ясната, залатая багра — шчаслівы смех дня, каб дыяментамі разліцца на свежых маладых лісціках, на чысцюткіх кроплях расы. Колас. Голас .. [Надзі] пачаў прыкметна дрыжэць, на твары разлілася пунсовая чырвань. Гроднеў. Па пакою разліўся знаёмы і дарагі мне бэзавы пах. Кірэенка.

разліццё, ‑я, н.

Дзеянне паводле дзеясл. разліваць — разліць (у 2 знач.); дзеянне і стан паводле дзеясл. разліцца (у 1–3 знач.).

разлі́ць, разалью, разальеш, разалье; разальём, разальяце і разлію, разліеш, разліе; разліём, разліяце; пр. разліў, ‑ліпа, ‑ло; заг. разлі; зак., што.

1. Выліць часткова або поўнасцю; расплюхаць. Разліць малако. □ Мама несла ваду на каромысле, а .. [козлік] гэта ззаду падкраўся ды знячэўку як стукне ёй пад калені — ажно прысела і ваду разліла. Брыль. Карткі раздаваліся на выпускным вечары. Былі тосты. Нехта разліў віно на яе фатакартачку. Савіцкі.

2. Пераліць якую‑н. вадкасць з адной пасудзіны ў некалькі іншых. Мы чакалі, пакуль Эдзік адкаркуе бутэльку віна, разалье яго ў шклянкі, якія мы трымалі ў руках. Гаўрылкін.

3. безас. Прымусіць выйсці з берагоў. За Вынісцамі рэчку разліло вельмі шырока, уся .. грэбля была пад вадой. Скрыган.

4. перан. Распаўсюдзіць ва ўсе бакі, па ўсёй прасторы чаго‑н., у межах чаго‑н. Галя сядзіць на прыступцы ганка. Сонца ўжо разліло на зямлі ранішняе, яшчэ халаднаватае святло. Сабаленка. Па-над вуліцай калгаснаю пах таполі разлілі. Машара.

•••

Вадой не разліць (не разальеш) каго — пра неразлучных сяброў.

разлі́чаны, ‑ая, ‑ае.

1. Дзеепрым. зал. пр. ад разлічыць.

2. у знач. прым. Наўмысны, загадзя абдуманы, не выпадковы. Назаўтра Мсціслаў паспрабаваў расказаць Міхаліне Раўбіч аб сапраўдным жыцці Алеся, аб разлічанай знявазе, якую чыніў яму невядомы вораг. Караткевіч. [Хлопец] так быў заняты працай, што здавалася, нічога не заўважаў вакол — рухі разлічаныя, дакладныя, увішныя. Ваданосаў.

разлі́чвацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.

1. Незак. да разлічыцца.

2. Несці адказнасць за каго‑, што‑н. [Дзядзька Іван:] — Не ўмеў [зяць] сумленна з працы жыць, дык цяпер вось разлічваецца... Васілевіч. За гэты свой і свайго начальства промах Арцём Іванавіч сам разлічваецца. Мележ.

3. Зал. да разлічваць.

разлі́чваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.

1. Незак. да разлічыць.

2. Меркаваць, мець намер. На рыбалку мы разлічвалі трапіць гадзіны за дзве да надыходу змроку. Сіняўскі. Падышоў не бацька, як .. [Лёдзя] разлічвала, а маці. Карпаў. // Спадзявацца на ажыццяўленне чаго‑н. [Іван Харытонавіч:] — У такім разе і мы будзем разлічваць на вашу дапамогу. Новікаў. Спаткаць тут знаёмых [Іван] не разлічваў, а таму заказаў нават гарэлкі, што пры іншых абставінах, бадай, не дазволіў бы сабе. Аношкін. // Ускладаць надзеі на каго‑н. [Якаўлеў:] — Адным словам, на .. [Валю] можаш разлічваць: не падвядзе, чалавек свой! Анісаў.

разлічы́цца, ‑лічуся, ‑лічышся, ‑лічыцца; зак.

1. Цалкам расплаціцца з кім‑н. (за работу, за тавар і пад.). Разлічыцца з афіцыянтам. □ [Заранік], устаўшы з-за стала, падзякаваў і памкнуўся быў разлічыцца за начлег, але цётка Марта так энергічна накінулася на яго, што ён выхапіў, нібы апараную, руку з кішэні, куды палез па грошы. Хадкевіч. // перан. Адпомсціць каму‑н. за што‑н.; звесці рахункі з кім‑н. Калі здаралася, што хто-небудзь крыўдзіў Толіка, ці яго кацянё, Алёша, як віхор, налятаў на віноўніка, гатовы з ім сурова разлічыцца. Васілевіч. // перан. Адмовіцца, вызваліцца ад чаго‑н. Разлічыцца з ілюзіямі.

2. Разм. Звольніцца, узяць разлік. Разлічыцца на рабоце. □ — Вунь, стрыечны брат твайго мужа, бадай, як і ты, гадоў дзесяць пражыў у Мінску, а цяпер разлічыўся на заводзе і з усёй сям’ёй прыехаў сюды. М. Ткачоў.

3. Зрабіць разлік у страі. Капітан Ігнатаў загадаў разлічыцца па парадку. Алешка. — На першы-другі разлічыцца!.. Здвоіць рады! Куляшоў.

разлічы́ць, ‑лічу, ‑лічыш, ‑лічыць; зак., каго-што і з дадан. сказам.

1. Правёўшы падлік, вылічэнне, вызначыць размер, колькасць чаго‑н. Разлічыць кошт будаўніцтва. Разлічыць выдаткі. □ [Сініцкі:] — Як мага больш сеяць раілі партызаны, бо ў той час вельмі цяжка было разлічыць, колькі і як удасца пасеяць наступнай вясной. Залескі. // Зрабіць тэхнічны або матэматычны разлік чаго‑н. Разлічыць канструкцыю. □ «Набат» нечакана зноў пачаў адхіляцца ўбок ад той крывой, якую разлічылі электронныя машыны. Шыцік. // на каго-што (звычайна ў форме дзеепрым. зал. пр.). Прызначыць, зрабіць прыгодным, годным для каго‑, чаго‑н. Кніга разлічана на спецыялістаў сельскай гаспадаркі. Стадыён разлічаны на тры тысячы месц. □ Усё тыя ж густыя акацыі [у Пінску], нібы ў Адэсе.. Той жа трывалы і гладкі тарцовы брук, разлічаны на доўгія гады. В. Вольскі.

2. і без дап. Прадугледзець усё неабходнае для дасягнення жаданага выніку. Аднак жа .. [Мішурын] не разлічыў сваіх сіл і к канцу другога дня пачаў адчуваць вялікую стомленасць. Чорны. // Прыйсці да вываду, вызначыць, рашыць. Петрык разлічыў правільна. Як толькі ён скончыў чытаць, усе загаманілі: — Вось які бацька ў Петрыка. Жычка.

3. Выдаць зарплату. Калгаснікаў разлічылі за летнія месяцы. // Выдаўшы запрацаваныя грошы, звольніць. [Артур:] — Мяне разлічылі з завода ў Рызе хутка пасля твайго арышту. Гартны.

4. Правесці разлік у страі.

5. на што, для чаго (звычайна ў форме дзеепрым. зал. пр.). Зрабіць што‑н. для таго, каб выклікаць пэўную рэакцыю, вынікі. Кожны .. рух [Стэфкі], кожны смяшок, кожны бліск вачыма і зубамі быў разлічаны на эфект. Бядуля.