Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

разлага́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да разлажыць ​2 (у 2 знач.).

разлаго́дзіць, ‑годжу, ‑годзіш, ‑годзіць; зак., каго.

Разм. Зрабіць лагодным, больш лагодным. — Ну чаго, чаго ты так маркоцішся? — змяніла тон Адэля і абняла яго.. — і гэтым разлагодзіла бацьку. Броўка.

разлаго́днець, ‑ею, ‑ееш, ‑ее; зак.

Разм. Паддацца лагоднасці, стаць лагодным, ласкавым. Васіль развесяліўся, разлагоднеў, быццам не ён сам, а Хведар зрабіў яму даўно жаданую ласку. М. Стральцоў.

разла́д, ‑у, М ‑дзе, м.

1. Адсутнасць адзінства, адпаведнасці, згоднасці. Душэўны разлад. □ Пісьменнік [Янка Брыль] трапна паказаў сацыяльны разлад паміж бацькамі і дзецьмі, разлад, які канчаткова і беспаваротна загубіў бацькоў-мукасеяў. Майхровіч.

2. Нязгода, нелады; раздор. У разладзе, які з прыходам Просі пасяліўся ў Антосевай сям’і, відавочна выяўлялася нейкая памылка: толькі — якая? чыя? Васілевіч. Пакутуючы ад разладу з Лёдзяй, .. [Юрка] цэлую ноч прыдумваў самыя неверагодныя кары сабе і Севу. Карпаў.

разладава́ць, ‑дую, ‑дуеш, ‑дуе; зак., што.

Вызваліць ад грузу; разгрузіць. Пакуль падняць і адвалачы вагоны, трэба раней разладаваць, муку адправіць на бліжэйшую станцыю. Карпюк.

разла́ддзе, ‑я, н.

Разм. Тое, што і разлад. [Ігнась] міжвольна азірнуўся на [віноўнікаў] свайго душэўнага разладдзя. Мурашка.

разла́джаны, ‑ая, ‑ае.

1. Дзеепрым. зал. пр. ад разладзіць.

2. у знач. прым. Які прыйшоў у непрыгоднасць; няспраўны. Разладжаны станок.

разла́джвацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.

1. Незак. да разладзіцца.

2. Зал. да разладжваць.

разла́джваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да разладзіць.

разла́дзіцца, ‑ладзіцца; зак.

1. Прыйсці ў няспраўнасць. Тады нешта разладзіўся ляжак і нельга было выпаліць у печы, каб не напусціць поўную хату дыму. Сачанка.

2. Расстроіцца, парушыцца, перастаць ладзіцца. Дружба разладзілася. □ Але вяселле ўжо разладзілася, госці паўставалі з-за стала і пачалі разыходзіцца. Сабаленка. [Галіна:] — [Пісаў], што ніколі не забудзе тых дзён... Пісаў, што ўспамінае, — таксама... Але хутка перапіска разладзілася. Мележ.

3. Страціць свой строй, лад. Станок разладзіўся.

4. Расстроіцца, сапсавацца (пра здароўе).