Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

нае́зніцтва, ‑а, н.

1. Занятак наезніка (у 1 знач.); верхавая язда.

2. Прафесія наезніка ў цырку або на скачках.

3. Уст. Наезды невялікіх атрадаў кавалерыі або асобных коннікаў на непрыяцеля.

нае́зны, ‑ая, ‑ае.

Разм. Які прыехаў, паехаў адкуль‑н. Наезны люд.

нае́сці, ‑ем, ‑ясі, ‑есць; ‑ядзім, ‑ясце, ‑ядуць; пр. наеў; ‑ела; заг. наеш; зак.

Разм.

1. чаго і без дап. З’есці што‑н. у нейкай колькасці. Наесці ў рэстаране на пяць рублёў.

2. што і чаго. Атрымаць, нажыць у выніку сытнай яды. [Самусевіч:] — Ну, добра, я дакажу, што Самусевіч можа працаваць, і не абы-як... — Хто цябе ведае, — знарок ўпікалі яго. — Сала на жываце наеў, а ў галаве скразнякі загулялі... Броўка.

нае́сціся, ‑емся, ‑ясіся, ‑есца; ‑ядзімся, ‑ясцеся, ‑ядуцца; пр. наеўся, ‑елася; заг. наешся; зак.

Пад’есці, перастаць быць галодным. Трэзар наеўся, лёг на лаве каля мяне і спакойна заснуў. Бядуля. Узяліся меншыя браты абед варыць: зарэзалі вала, разабралі і зварылі. Самі наеліся і брата накармілі. Якімовіч.

нае́хаць, ‑еду, ‑едзеш, ‑едзе; зак.

1. Едучы, наткнуцца на каго‑, што‑н. Наехаць на камень. □ Танк зароў, наехаў на пліту гусеніцай і крутануўся. Лужанін. // Едучы, сустрэць каго‑н. Чубара аклікнулі адразу, як ён наехаў на пост. Чыгрынаў.

2. Прыехаць у вялікай колькасці. Гасцей наехала поўная хата. □ Партызаны ўзялі шмат трафеяў і зніклі ў невядомым напрамку, а ў Вяшэйку наехала шмат карнікаў. Курто.

3. Прыехаць знянацку, раптам. Ужо змяркалася, а дзядзькі Цімоха не было.. Я вельмі баяўся, хаця каб ён не наехаў, пакуль мы паглядзім [склеп]. Баранавых.

4. перан. Разм. Ссунуцца са свайго месца, засланіўшы сабой што‑н. Шапка наехала на вочы. □ На роўным высокім ілбе.. [Шаманскага] збягаліся маршчынкі, бровы выгнуліся дугой, а густыя чорныя, прычэсаныя ўгору валасы наехалі на лоб. Дуброўскі.

наёмнік, ‑а, м.

1. Салдат або афіцэр, які служыць у наёмнай арміі. Армія з наёмнікаў.

2. Тое, што і найміт.

наёмніца, ‑ы, ж.

Жан. да наёмнік (у 2 знач.).

наёмніцкі, ‑ая, ‑ае.

Які належыць наёмніку, уласцівы яму.

наёмніцтва, ‑а, н.

Становішча, стан наёмніка.

наёмны, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да найму. Наёмная плата. // Які адбываецца, робіцца на аснове найму. Наёмная праца.

2. Які працуе, служыць у наймах. Наёмны салдат. □ Манапалістычная буржуазія імкнецца да максімальнага павелічэння нормы прыбавачнай вартасці за кошт .. перанапружвання фізічных сіл наёмных рабочых. «Звязда».

3. Які здаецца ці наймаецца за плату, не свой. Наёмная кватэра.

4. перан. Падкуплены, прадажны. Наёмны забойца. Наёмны шпіён.