шматфа́зны, ‑ая, ‑ае.
Спец. Які праходзіць некалькі або многа фаз. Шматфазны генератар пераменнага току. Шматфазны пераменны ток.
шматфа́рбны, ‑ая, ‑ае.
1. Тое, што і шматкаляровы (у 1 знач.). Яны [каменьчыкі] шматфарбныя, бліскучыя, празрыстыя; у іх дзівосныя імёны: Халцадон, Сердалік, Нефрыт... Брыль.
2. перан. Яркі, каларытны. Шматфарбны свет у мае ўваходзіць знічкі, Каб акунуцца ў крыніцу сэрца І песняй непаўторнай празвінець. Панчанка. Шматфарбная краса формы нішто, калі ў ёй няма ніякага зместу, — такую выразную думку ўклаў у гэты верш паэт. Лойка.
шматцылі́ндравы, ‑ая, ‑ае.
Які мае некалькі або шмат цыліндраў. Шматцыліндравы аўтамабіль. Шматцыліндравы матор.
шмат’я́русны, ‑ая, ‑ае.
Які мае некалькі ці шмат ярусаў, гарызантальных радоў, размешчаных у выглядзе паверхаў. Пры браме была яшчэ высокая шмат’ярусная вежа. «Помнікі».
шмаццё, ‑я, н., зб.
Тое, што і шмоцце. Я падстаўляю зэдлік і лезу на печ, з якой патыхае сырой аўчынай, разграбаю нейкае шмаццё і адразу засынаю. Ус.