Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

шматфа́зны, ‑ая, ‑ае.

Спец. Які праходзіць некалькі або многа фаз. Шматфазны генератар пераменнага току. Шматфазны пераменны ток.

шматфа́рбны, ‑ая, ‑ае.

1. Тое, што і шматкаляровы (у 1 знач.). Яны [каменьчыкі] шматфарбныя, бліскучыя, празрыстыя; у іх дзівосныя імёны: Халцадон, Сердалік, Нефрыт... Брыль.

2. перан. Яркі, каларытны. Шматфарбны свет у мае ўваходзіць знічкі, Каб акунуцца ў крыніцу сэрца І песняй непаўторнай празвінець. Панчанка. Шматфарбная краса формы нішто, калі ў ёй няма ніякага зместу, — такую выразную думку ўклаў у гэты верш паэт. Лойка.

шматцылі́ндравы, ‑ая, ‑ае.

Які мае некалькі або шмат цыліндраў. Шматцыліндравы аўтамабіль. Шматцыліндравы матор.

шмат’я́русны, ‑ая, ‑ае.

Які мае некалькі ці шмат ярусаў, гарызантальных радоў, размешчаных у выглядзе паверхаў. Пры браме была яшчэ высокая шмат’ярусная вежа. «Помнікі».

шмаццё, ‑я, н., зб.

Тое, што і шмоцце. Я падстаўляю зэдлік і лезу на печ, з якой патыхае сырой аўчынай, разграбаю нейкае шмаццё і адразу засынаю. Ус.

шморг, выкл. у знач. вык.

Ужываецца паводле знач. дзеясл. шморгаць — шмаргануць. Бабіна дачка — шморг! і выцягнула з.. [чароціны] сталёвы прут. Якімовіч. — А старшыня, — не спыняўся расказчык, — адскочыўся ды за люстэрка. Хустачку выняў — шморг, шморг — выціраецца. Брыль.

шмо́рганне, ‑я, н.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. шморгаць.

шмо́ргацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.

1. Церці сваёй паверхняй аб паверхню іншага прадмета. Зараз жа пастронкі напяліся, як струны, раскудзеленыя вузлы на іх шморгаліся па конскіх баках. Чорны.

2. перан. Абл. Знаходзіцца, быць дзе‑н., каля чаго‑н., сярод каго‑н. (звычайна, пра непажаданую ці непрыемную прысутнасць каго‑н.). [Майзель:] — Розныя Баргоны-шмаргоны шморгаюцца на бровары, каля бровара, п’юць піва і ашукваюць рабочых. Мурашка.

шмо́ргаць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.

1. каго-што і без дап. Цягнуць, тузаць кароткімі, рэзкімі рухамі. Да Панаса падышлі абодва хлопцы. Адзін — бледны, спалохаўся, шморгае Панаса за рукаў кашулі. Галавач. — Зоя Кірылаўна! Ён мяне за косы шморгае... Дубоўка. // Шморгаючы, зрываць што‑н. або абрываць з паверхні. Цудоўныя каштаны! Толькі гэты аднарукі «прынцыпал» на злосць яму, Гукану, шморгае лісце. Цэлую галіну абарваў. Шамякін. Маці з цёткаю пільна завіхаюцца, шморгаюць у кошыкі буйныя спелыя ягады. Ус.

2. што і без дап. Праводзіць па чым‑н., намазваючы што‑н. Тоўстую шэрую нітку [Іван] шморгае кавалачкам воску. Лынькоў. // Церці па чым‑н. Хуценька шморгаю шчоткаю зубы, мыюся — усё раблю спехам. Савіцкі. На парозе.. спакойна сядзеў пацук і шморгаў пярэдняй лапаю сабе па носе. Чорны.

3. чым. Прыціскаючы, праводзіць чым‑н. па якой‑н. паверхні, утвараючы характэрны гук. А сам [Венька] крадком, крадком, паўз сцяну бэзу адбегся падалей і, схаваўшыся за кустамі, пазіраў, як Шурка шморгае карабком па запалцы. Шыловіч.

4. чым. З шумам часта ўцягваць носам паветра. Слаўка стаяў у кутку, шморгаў носам і злосна пазіраў на брата. От, гэты свісток! Няхай. Суседкі смяюцца, хлеба малому даюць, а той шморгае носам з марозу ды: «Не хачу хлеба, дай сала». Брыль.

шмо́ргнуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; зак.

Аднакр. да шморгаць (у 4 знач.).