тру́шчыцца, ‑шчыцца; незак.
Разм.
1. Ламацца, крышыцца. Не ўмяшчаючыся ў берагах, лёд напаўзаў на пясок, крышыўся, трушчыўся і з лёгкасцю падмінаў пад сябе прыбярэжны лазняк. Краўчанка. Прыглушана загулі скалы. Вялізныя [камяні] павольна і плаўна скакалі з уступа на ўступ, трушчыліся і падалі ўніз буйным каменным дажджом. Савіцкі.
2. Зал. да трушчыць.
тру́шчыць, ‑шчу, ‑шчыш, ‑шчыць; незак., каго-што.
Разм.
1. Біць, крышыць на дробныя часткі. Ногі рвуцца самі, лезуць у снег, крышаць нешта цвёрдае і хрусткае пад сабою — гэта ступаюць на шкло, трушчаць яго на друзачкі... Пташнікаў.
2. Ламаць, крышыць, разбураць. А міны ўсё вылі і вылі, трушчылі дрэвы, ссякалі галлё, запальвалі зямлянкі. Шамякін. Там, дзе дзік ламачча трушчыць, Дзе мелодый — незлічона, У славутай нашай пушчы — Рай для птушак і вучоных. Панчанка.
3. Знішчаць каго‑, што‑н. [Соміку] яскрава ўявілася, як рушыцца ўніз грузны кавалак, падбірае, камечыць і трушчыць пад сабою Рыгора. Крапіва.