Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

лагапаты́чны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да лагапатыі.

лагапа́тыя, ‑і, ж.

Заганы ў вымаўленні (картавасць, шапялявасць, заіканне і пад.).

[Ад грэч. lógos — слова, мова і páthos — хвароба.]

лагапе́д, ‑а, М ‑дзе, м.

Спецыяліст па лагапедыі.

лагапеды́чны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да лагапедыі. Лагапедычная бальніца.

лагапе́дыя, ‑і, ж.

Навука аб недахопах вымаўлення і іх лячэнні.

[Ад грэч. lógos — слова, мова і paidea — выхаванне, навучанне.]

лагары́фм, ‑а, м.

У матэматыцы — паказчык ступені, у якую трэба ўзвесці лік-аснову, каб атрымаць дадзены лік. Сістэма лагарыфмаў. □ Янча перагортвае табліцу лагарыфмаў і, адшукаўшы патрэбную функцыю вугла, запісвае яе ў сшытак. Васілевіч.

[Ад грэч. logos — адносіны і arithmos — лік.]

лагарыфмава́нне, ‑я, н.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. лагарыфмаваць.

лагарыфмава́цца, ‑муецца; незак.

Зал. да лагарыфмаваць.

лагарыфмава́ць, ‑мую, ‑муеш, ‑муе; заг. лагарыфмуй; зак. і незак., што.

У матэматыцы — знайсці (знаходзіць) лагарыфм дадзенага ліку.

лагарыфмі́чны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да лагарыфма. Лагарыфмічныя табліцы.

•••

Лагарыфмічная лінейка гл. лінейка (у 2 знач.).