штампава́ць, ‑пую, ‑пуеш, ‑пуе; незак., што.
1. Вырабляць што‑н. пры дапамозе штампа (у 1 знач.). Дэталі можна не толькі выточваць, а і штампаваць. Шахавец.
2. Ставіць штамп (у 2 знач.) на што‑н. Штампаваць паперу.
3. перан. Рабіць што‑н. без душы, фармальна, па старых гатовых узорах. Усю зіму раённы апарат Старанна штампаваў калгасам дырэктывы. Корбан.
штампо́вачны, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да штампоўкі (у 1 знач.). Штамповачная вытворчасць. Штамповачны цэх. // Які прызначаецца, служыць для штампоўкі. Штамповачны молат.
штампо́ўка, ‑і, ДМ ‑поўцы, ж.
1. Дзеянне паводле дзеясл. штампаваць (у 1 знач.). Гарачая штампоўка. □ Пятра так прывабіла магчымасць перайсці на штампоўку дэталі, якую яны дагэтуль выточвалі, ён так блізка прыняў да сэрца Андрэеву задуму, што і сам пачаў увесь час жыць ёю. Шахавец.
2. Р мн. ‑повак. Гатовы выраб ці дэталь, зробленыя пры дапамозе штампа (у 1 знач.). Працэнт выпуску штамповак.
штампо́ўшчык, ‑а, м.
1. Рабочы, спецыяліст па штампоўцы.
2. перан. Разм. Пра чалавека, які робіць што‑н. па гатовых збітых узорах.
штампо́ўшчыца, ‑ы, ж.
Жан. да штампоўшчык (у 1 знач.).
шта́нга, ‑і, ДМ ‑нзе, ж.
1. Спец. Металічны стрыжань, які выкарыстоўваецца як састаўная частка многіх інструментаў, механізмаў, канструкцыі і пад. Буравая штанга. □ Галіна Адамаўна ўзялася рукой за штангу бормашыны, да болю сціснула яе. Шамякін. Эластычна ўзлятае ў .. неба баскетбольны мяч, рытмічна паскрыпваюць штангі турнікоў. Мікуліч.
2. Перакладзіна або брус футбольных, хакейных варот. Мяч адляцеў ад штангі варот.
3. Спартыўны снарад для заняткаў цяжкай атлетыкай, які складаецца з металічнага стрыжня, на канцах якога прымацоўваюцца здымныя дыскі. Там у .. [рэдактара] былі гіры і штанга, і ён прыступіў да гімнастычных практыкаванняў, а потым заняўся туалетам. Колас.
[Ням. Stange.]
шта́нгавы, ‑ая, ‑ае.
Спец. Звязаны з выкарыстоўваннем, прымяненнем штангі (у 1 знач.). Штангавае свідраванне.
штангенцы́ркуль, ‑я, м.
Інструмент для лінейных вымярэнняў невялікіх дэталей, вырабаў. Адразу ж адключыў другі станок — на вока заўважана, што дэталі пайшлі бракованыя. Замераў штангенцыркулем — ажно пяць рэгулятараў запароў. Мыслівец.
[Ням. Stangenzirkel.]
штангі́ст, ‑а, М ‑сце, м.
Спартсмен, які займаецца фізічнымі практыкаваннямі са штангай (у 3 знач.).
штанда́р, ‑а, м.
1. Уст. Сцяг адпаведнага колеру, часта з вышываным або намаляваным гербам, як знак дзяржавы, вайсковай часці або якой‑н. грамадзянскай арганізацыі. Над шчыльнымі радамі крыжаносцаў лунаюць шматлікія сцягі і штандары з малюнкамі злавесна чорных арлоў, ваўкоў, мядзведзяў, з крыжамі, мячамі і рознымі рыцарскімі эмблемамі. В. Вольскі. // Сцяг кавалерыйскіх часцей у рускай (з 1731 па 1917 гг.) і некаторых іншых арміях. // Сцяг кіраўніка дзяржавы (цара, імператара і пад.), які паднімаўся на ваенным караблі, у палацы і пад. у час знаходжання там гэтай асобы.
2. Паэт. Сцяг. — Мір на зямлі мы абаронім І ўздымем аж да самых зор Штандар чырвоны. Танк. Чырванню шаўковай Зашумяць штандары, Хто ў няволі гнуўся, — Ўстане гаспадарыць. Купала.
[Ням. Standarte.]