Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

шрыфтавы́, ‑ая, ‑ое.

Які мае адносіны да шрыфту, з’яўляецца шрыфтам.

шрыфты́ст, ‑а, М ‑сце, м.

Мастак-графік, які стварае шрыфтавыя загалоўкі, надпісы і пад.

штаб, ‑а; мн. штабы, ‑оў; м.

1. Орган кіравання войскам у часцях, злучэннях усіх відаў узброеных сіл, а таксама асобы, якія ўваходзяць у склад гэтага органа. Здаралася, што на адным дні штаб атрада мяняў некалькі месц. Кулакоўскі. Старыцу Паходня ўяўляў — ён разы два — тры быў у ёй, палі тут адзін час стаяў штаб партызанскай брыгады. Хадкевіч. // Памяшканне, збудаванне, у якім размяшчаецца такі орган. Новы камісар палка Яфім Фамін жыў тым летам у крэпасці. Начаваў у штабе. Кухараў.

2. перан. Кіруючы орган чаго‑н. Неўзабаве гэтая невялічкая хатка на ўскраіне вёскі зрабілася штабам буйнейшай будоўлі на Беларусі. Грахоўскі. На гэтым жа сходзе было абрана і праўленне калгаса і месца, дзе павінен быць калгасны штаб. Колас.

•••

Генеральны штаб — цэнтральны орган кіравання ўзброенымі сіламі.

[Ням. Stab.]

шта́ба, ‑ы, ж.

Разм. Жалезная паласа для запірання дзвярэй; завала.

шта́бель, ‑я; мн. штабялі, ‑ёў; м.

Роўна складзеныя ў адзін рад дошкі, бярвенні, будаўнічыя матэрыялы і пад. Абапал зямлянкі ляжалі штабялі сухога сасновага бярвення. Шамякін. Ля сцяны драўлянай прыбудовачкі гарбаціўся доўгі штабель цэглы. Савіцкі.

[Ад ням. Stapel.]

шта́бельны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да штабеля. Штабельныя пракладкі.

штабелява́нне, ‑я, м.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. штабеляваць.

штабелява́ны, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад штабеляваць.

штабелява́цца, ‑бялюецца; незак.

Зал. да штабеляваць.

штабелява́ць, ‑бялюю, ‑бялюеш, ‑бялюе; зак. і незак., што.

Скласці (складваць) у штабялі (дошкі, бярвенне, лес, будаўнічыя матэрыялы і пад.). Штабелявалі хлопцы шпалы — Сасны смалістыя брусы. Гаўрусёў.