Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ліса́, ‑ы, ж.

1. Самка ліса.

2. Тое, што і ліс (у 1, 3 знач.). На прылужжы, дзе раса, След пакінула ліса. Калачынскі. Заходзіць .. пані Ядзя — маленькая, шчупленькая, але з лісой на шыі і ў шыкоўным такім капялюшыку. Быкаў.

лісахво́ст, ‑у, М ‑сце, м.

Травяністая кармавая расліна сямейства злакавых з суквеццем у выглядзе мяцёлкі. Кусцілася чаротніца, над ёй узнімаліся абсыпаныя пылком свеч[к]і лісахвосту. Асіпенка.

лі́сель, ‑я, м.

У марской справе — парус, які паднімаецца пры слабым ветры ў дапамогу асноўным прамым парусам для павелічэння іх плошчы.

[Гал. lijzeil.]

лісі́ны, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да ліса, лісы, належыць лісу, лісе. Лісіная нара. Лісіны след. // Зроблены з футра ліса, лісы. Лісіны каўнер. // Уласцівы лісу, лісе; такі, як у ліса, лісы. Лісіная хітрасць.

2. перан. Хітры, ліслівы. На твары [Дабравольскага] паявілася лісіная ўсмешка. Барашка.

лісі́ца 1, ‑ы, ж.

1. Тое, што і ліс (у 1, 3 знач.).

2. Тое, што і ліса (у 1 знач.).

лісі́ца 2, ‑ы, ж.

Разм.

1. Тоўстае круглае палена, якое кладзецца ўпоперак саней для перавозкі бярвення.

2. Прыстасаванне для сціскання дошак; ціскі.

лісі́ца 3, ‑ы, ж.

Тое, што і лісічка ​2. Ля кратовых ямак — грыбы лісіцы выскачылі з зямлі, дробненькія яшчэ. Пташнікаў.

лісі́чка 1, ‑і, ДМ ‑чцы; Р мн. ‑чак; ж.

Памянш.-ласк. да лісіца ​1 (у 1 знач.); маладая ліса.

лісі́чка 2, ‑і, ДМ ‑чцы; Р мн. ‑чак; ж.

Ядомы грыб жоўтага колеру. Кошыкі і паравы к поўдню напаўняліся .. прысадзістымі лісічкамі, чырвонагаловымі цыбатымі падасінавікамі. Васілевіч.

ліслі́васць, ‑і, ж.

1. Уласцівасць ліслівага.

2. Празмернае ўсхваленне; угодлівасць, падлізванне. Дзе хітрыкі, ліслівасць — там і вераломства. Валасевіч. Дзяўчына не даруе баязлівасці, ліслівасці і наогул якой-небудзь слабасці. Арабей.

3. Разм. Ласкавасць, пяшчотнасць. [Ураднік] лаяўся, гразіў, абяцаў арыштаваць і згнаіць у турме, спрабаваў купіць ліслівасцю, прасіў, але Агапа стаяла на сваім. Чарнышэвіч.

ліслі́вец, ‑ліўца, м.

1. Той, хто ліслівіць, схільны да ліслівасці; падлізнік. — Юзік, ну і пуга ў цябе!.. Ого! — прыцмокваючы языком, гаварыў каторы ліслівец і прасіў: — Дай патрымацца хоць... Хадановіч.

2. Разм. Той, хто любіць лашчыцца да каго‑н.

ліслі́віць, ‑ліўлю, ‑лівіш, ‑лівіць; незак., каму, перад кім і без дап.

Крывадушна хваліць каго‑н., дагаджаць каму‑н. з карыслівай мэтай. У вочы .. [Карніцкаму] ліслівілі, пахвальвалі за новыя і смелыя думкі, а ў душы жадалі ўсялякага ліха. Паслядовіч. [Валатовічу] падабалася тое, што Полаз адразу да яго пачаў звяртацца на «ты», што ён чалавек просты, не любіць ліслівіць. Шамякін.

ліслі́вы, ‑ая, ‑ае.

1. Які ліслівіць, дагаджае, падлізваецца. Добранькім лічыўся той, хто быў пакорлівы і ліслівы, умеў трымаць рукі па швах, здалёку здымаць шапку. С. Александровіч. // Прасякнуты ліслівасцю, угодлівасцю; няшчыры. Ліслівы позірк. □ На Ясевым твары ўвесь час блукала ўсмешка, часамі дужа салодкая, ліслівая, а часамі хітрая і няшчырая. Колас. Жмырка вызначаўся сярод усіх нейкай ліслівай чуласцю і насцярожанасцю. Скрыпка.

2. Разм. Ласкавы, пяшчотны. [Бабейка] на дзіва быў рухавы, гаваркі — то прыветлівы і ліслівы, то заклапочаны і гнеўны, заўсёды ў дзеянні. Хадкевіч.