лі́рнік, ‑а, м.
Гіст. Вандроўны беларускі музыка-пясняр, які акампаніруе сабе на ліры 1 (у 2 знач.). Пры самай сцяне прытуліўся лірнік. .. Ён круціць корбу ліры і спявае. Вітка.
лі́рны, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да ліры 1. Пачуліся гукі лірных струн. Караткевіч.
ліры́зм, ‑у, м.
1. Элементы эмацыянальнасці, паэтычнай усхваляванасці, сардэчнасці ў творах мастацтва. Апавяданні Змітрака Бядулі .. маюць тую асаблівасць, што ў трагічных малюнкам моцна гучыць тон мяккага, спакойнага лірызму. Каваленка. Паэма П. Труса «Дзесяты падмурак» і выклікае цікавасць перш за ўсё сілай свайго лірызму ў апяванні рэвалюцыі. Гіст. бел. сав. літ.
2. Разм. Лірычны настрой.
лі́рык, ‑а, м.
Аўтар лірычных літаратурных твораў; лірычны паэт. Маякоўскі — найвялікшы лірык сацыялістычнай эпохі. Перкін.
лі́рыка, ‑і, ДМ ‑рыцы, ж.
1. Адзін з трох родаў мастацкай літаратуры (з эпасам і драмай), у якім адлюстроўваюцца перажыванні паэта, яго думкі, настроі, пачуцці (звычайна ў вершаванай форме). [Янка Купала] стварыў класічныя ўзоры лірыкі, ліра-эпічнай паэмы. Івашын. // Эмацыянальны элемент у творах якога‑н. пісьменніка, мастака.
2. Сукупнасць твораў гэтага роду літаратуры. Лірыка Багдановіча. Лірыка М. Танка.
3. перан. Разм. Чуллівасць, перажыванні, настрой. Адна лірыка цяпер займала сэрца Кузьмы. Што ж яму рабіць? Куды пайшла Насця? Дзе шукаць яе? Колас.
[Ад грэч. lyrikē —які пяецца пад гукі ліры, чуллівы.]
лі́рыка-драматы́чны, ‑ая, ‑ае.
1. Які спалучае элементы лірыкі і драмы (пра літаратурны твор). Лірыка-драматычная паэма.
2. У музыцы — пераходны паміж лірычным і драматычным (пра голас спевака, спявачкі). Лірыка-драматычны тэнар. Лірыка-драматычнае сапрана.
лі́рыка-эпі́чны, ‑ая, ‑ае.
Тое, што і ліра-эпічны.
ліры́чнасць, ‑і, ж.
Якасць, уласцівасць лірычнага.
ліры́чны, ‑ая, ‑ае.
1. Які мае адносіны да лірыкі (у 1 знач.). Лірычны паэт. // Які з’яўляецца лірыкай. Лірычны верш. Лірычная паэма. // Які з’яўляецца аб’ектам апісання ў лірыцы. Лірычны герой.
2. Прасякнуты лірызмам, паэтычнай узнёсласцю. Лірычны пейзаж.
3. перан. Разм. Чуллівы, эмацыянальна ўзвышаны. Лірычны настрой. □ Дарога, яе прысады настройвалі Русаковіча на лірычны лад. Паслядовіч.
4. Мякка-пявучы, далікатны па тэмбру (пра голас). Лірычны тэнар. Лірычнае сапрана.
•••
Лірычнае адступленне гл. адступленне.
ліс, ліса; мн. лісы, ‑оў; м.
1. Драпежная млекакормячая жывёліна сямейства сабачых з вострай мордай і доўгім пушыстым хвастом. Як толькі яны ўзышлі на ўзлесак, адзін з хлапчукоў выпудзіў даўгахвостага ліса. Шахавец. // Футра гэтай жывёліны.
2. Самец лісы.
3. перан. Разм. Пра хітрага, ліслівага чалавека. [Вайтовіч:] — Ты стары ліс і хады ўсе ведаеш не горш за свайго пана, але параду маю паслухай. Пальчэўскі.