Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

бу́гі-ву́гі, нескл., н.

Хуткі парны танец свабоднай кампазіцыі амерыканскага паходжання.

буго́р, ‑гра, м.

Невялікае ўзвышша, узгорачак на паверхні зямлі. Тадора Міронаўна садзілася на бугры за хатай і.. глядзела на лес. Брыль. Салдаты з аўтаматамі плюхаюцца па гразі, выганяюць усіх, і старых, і малых, на сухі бугор у канцы сяла. Кулакоўскі. // Няроўнасць, выпукласць на чым‑н. Твар.. [Рубчэні] быў увесь у маршчынах, нейкіх чорна-сініх парушынах і буграх. Лобан.

бугры́на, ‑ы, ж.

Сухое ўзвышанае месца. Сушылі [калгаснікі] сінюху, зносілі вязкамі, а дзе было можна — ссоўвалі коньмі копы да стажар’яў, на бугрыны, дзе сушэй. Пташнікаў.

бугры́сты, ‑ая, ‑ае.

Пакрыты буграмі. Бугрыстая дарога. Бугрыстае поле. □ Потым ўдарылі маразы, балота пакрылася тоўстай скарынкай каструбаватага, бугрыстага, з жоўтымі падцёкамі лёду. Дамашэвіч. // Няроўны, з буграмі. Стоячы пры лямпе, якая асвятляла бугрысты, з залысінамі лоб,.. [старшыня валвыканкама] моўчкі перагледзеў некалькі лісткоў. Мележ.

бугры́цца, бугрыцца; незак.

Разм. Узнімацца буграмі. Б’е з-пад нізу вада, нібы крыніца віруе там, ускіпае бурбалкамі, пенай, бугрыцца. Лынькоў.

буд...

Першая састаўная частка складаных слоў, якая адпавядае па значэнню слову «будаўнічы», напрыклад: будтрэст, будматэрыялы, будкантора.

бу́да, ‑ы, ДМ ‑дзе, ж.

1. Верх, пакрыццё воза, брычкі, карэты і пад. [Сімон] ужо хацеў загадаць, каб закладалі фаэтон і ставілі буду. Самуйлёнак.

2. Крыты дарожны воз. Балаголаўская буда адляскала коламі па лясной дарозе, выехала на палявы прастор і ўжо набліжалася да маіх родных аселіц. Сабаленка.

3. Шалаш, будан. Іншы раз стаўлялі ў лесе свае буды цыганы. С. Александровіч.

будава́нне, ‑я, н.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. будаваць, будавацца.

будава́ны, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад будаваць.

будава́цца, ‑дуюся, ‑дуешся, ‑дуецца; незак.

1. Ставіць сабе дом або іншы будынак. [Пятрусь] два разы гарэў, два разы будаваўся... Цяпер вось дом, як шклянка, у два канцы. Брыль.

2. Узводзіцца, знаходзіцца ў стане будаўніцтва. Другі месяц на рацэ будуецца мост.

3. Узнікаць, складацца. Жывыя арганізмы будуюцца з рэчываў нежывой прыроды.

4. Зал. да будаваць.