брэто́нцы, ‑аў; адз. брэтонец, ‑нца, м.; брэтонка, ‑і, ДМ ‑нцы; мн. брэтонкі, ‑нак; ж.
Жыхары Брэтані.
брэх, ‑у, м.
Характэрныя для сабак, лісоў і некаторых іншых звяроў гукі. Заўважыўшы людзей і нарабіўшы брэху, з-пад хаты выбег пярэсты цыбаты сабака. Адамчык. З задумы лесніка вывеў брэх незнаёмага сабакі. Шчарбатаў.
брэцёр, ‑а, м.
Уст. Чалавек, які шукае поваду, каб змагацца на дуэлі; дуэлянт, забіяка.
[Фр. bretteur.]
брэцёрскі, ‑ая, ‑ае.
Уст. Які мае адносіны да брэцёра.
брэш, ‑ы, ж.
1. Пралом, адтуліна, прабітая ў сцяне, у корпусе карабля і пад. артылерыйскім снарадам, мінай і пад. // Разрыў, парушэнне цэласнасці чаго‑н. Брэш у абароне праціўніка.
2. перан. Страта. Брэш у бюджэце.
•••
Прабіць брэш — панесці сур’ёзны ўдар, урон.
[Фр. brèche.]
бубаце́ць, ‑ціць; незак.
Разм. Аднастайна стукаць (пра гукі падання кропель дажджу і пад.). Лілася са шланга, пырскала вада, бубацела па лісці кветак. М. Стральцоў.
бу́бен, ‑бна; Р мн. ‑аў; м.
1. Ударны музычны інструмент у выглядзе абцягнутага скурай шырокага абруча з металічнымі бразготкамі. Заціх гармонік, замоўклі бубны. Лынькоў. [Дачка:] — Чуеш, коні па шляху бягуць, Чуеш, як музыкі ў бубны б’юць? Танк.
2. Тое, што і барабан.
•••
Голы як бубен гл. голы.
Даць бубна каму гл. даць.
Як у бубен біць гл. біць.
бу́бка, ‑і, ДМ ‑бцы; Р мн. ‑бак; ж.
Разм. Тое, што і бобка. Стронга дастаў з правай кішэні штаноў нейкую бубку і, кінуўшы яе ў рот, пачаў жаваць. Паслядовіч. У каго бубка бубку давала, а ў яго [Кашкара] што ні гектар — на трыста і больш пудоў ячменю. Гроднеў.