бубна́ч, ‑а, м.
Разм. Тое, што і барабаншчык. Тут ускочыў у хату бубнач і схапіў з-пад паліцы бубен. Чорны.
бубне́нне, ‑я, н.
Дзеянне паводле знач. дзеясл. бубніць, а таксама гукі гэтага дзеяння.
бубні́ць, ‑ню, ‑ніш, ‑ніць; ‑нім, ‑ніце; незак., што і без дап.
Разм.
1. Біць у бубен; барабаніць. [Юрка:] — Нашто вы бубен дасталі? [Жыгунец:] — Бубніць пайду. Чорны. // Ствараць, утвараць гукі, падобныя да гукаў бубна. Аднастайна, сумотна бубніць дождж у шыбы акон. Шамякін.
2. перан. Гаварыць ціха, незразумела, манатонна. Таркевіч рабіў уражанне сярдзітага чалавека. Бровы яго пераважна былі нахмураны, ён меў звычай бубніць і прыгаворваць: «Ці гэта парадак?» Колас. Дастаўшы чыгунок ці якую варэйку, .. [Андрэй Данілавіч] адхопліваў гарачы кружок, заглядваў у пасудзіну і дабрадушна бубніў: «Ну, а тут што ёсць? Чаго нам тут накухарыла?» Ракітны. // Назойліва паўтараць адно і тое ж. — Печаны гад! І зямля іх такіх носіць. Усю дарогу мне бубніў, што вайне канец. С. Александровіч.
•••
Бубніць (сабе) пад нос — гаварыць вельмі ціха, незразумела.
бубо́н, ‑а, м.
Апухлая ў выніку запалення лімфатычная залоза (у пахвіне, пад пахамі).
[Ад грэч. bubon — пахвіна.]
бубо́нны, ‑ая, ‑ае.
Які мае дачыненне да бубона. Бубонная форма чумы.
бугаёвы, ‑ая, ‑ае; ‑ёў, ‑ева.
Які мае адносіны да бугая, належыць яму. Бугаёвы рогі. Бугаёва стойла.
бугаі́ны, ‑ая, ‑ае.
Разм. Уласцівы бугаю; такі, як у бугая. Бугаіная шыя. Бугаіная сіла.
буга́й, ‑я, м.
1. Самец буйной рагатай жывёлы; бык. Хутка займеў Мікіта пару коней, ды ажно шэсць штук кароў і свайго бугая. Галавач.
2. Начная балотная птушка сямейства чапляў, празваная так за тое, што вясной самец яе, апусціўшы дзюбу ў ваду, утварае вельмі гучныя гукі, падобныя да рову бугая. У зацішку на лужынах тужліва кумкалі зялёныя жабы, а далей у балотах, між лесу, пераклікаліся бугаі, бухаючы, як у пустыя кадушкі. Колас.
бугаро́к, ‑рка, м.
1. Памянш. да бугор.
2. У анатоміі — узвышанасць на касці, да якой прымацоўваецца мышца. Лонны бугарок.
бу́гель, ‑я, м.
1. Жалезнае кольца, акоўка, якая служыць для ўмацавання мачтаў, сваяў або для сувязі іх састаўных частак.
2. Частка токапрыёмніка ў трамваі, тралейбусе, электрапоездзе, якая слізгае па кантактным провадзе.
[Гал. beugel.]