бу́дка, ‑і, ДМ ‑дцы; Р мн. ‑дак; ж.
1. Невялікая, часцей драўляная пабудова для вартаўніка, паставога і інш. Сябры тым часам сквер мінулі, Налева ўгору павярнулі; Тут з будкі стораж іх спыняе: — Куды ідзяце? — сяброў пытае. Колас.
2. Збітае з дошак жыллё для сабакі. Юрка пастукаў у вароты. З будкі выскачыў і, рвучыся з ланцуга, кінуўся да весніц калматы ваўкадаў з ашчэранай пашчай. Курто.
бу́дны, ‑ая, ‑ае.
Разм. Тое, што і будзённы (у 1 знач.). Чую звон я нудны, Рэдкі, невясёлы. Дзень сягоння будны, Не святкуюць сёлы. Колас. Руту-мяту палівала [дзяўчына] У будны дзень і ў свята... Трус.
будо́ва, ‑ы; Р мн. ‑доў; ж.
1. Узаемнае размяшчэнне і сувязь састаўных частак, элементаў чаго‑н.; унутраная структура. Будова Сусвету. Будова атама. Будова гор. Будова механізма.
2. Тое, што будуецца; будынак, пабудова. За працу майстры атрымліваюць лес для будовы. Брыль. На ўзгорку, перад Тамашом, як на далоні, раскінуліся новыя будовы калгаса. Гурскі.
будо́ўля, ‑і, ж.
1. Дзеянне паводле дзеясл. будаваць (у 1 знач.); будаўніцтва.
2. Будынак, збудаванне, будаўнічы аб’ект, а таксама тэрыторыя, дзе што‑н. будуецца. Высачэзны пад’ёмны кран з зашклёнай кабінай працягнуў рабрыстую стралу над будоўляй. Хадкевіч. А пакуль што гойдаюць сасоннік За Дзвіной асеннія вятры, Слухаюць пры вогнішчы гармонік Полацкай будоўлі жыхары. Калачынскі.
будуа́р, ‑а, м.
Уст. Маленькая гасціная багатай жанчыны для прыёму найбольш блізкіх знаёмых. [Чарноцкі:] (з успышкай хвалявання) Тады, перад выездам, у самую апошнюю хвіліну, яна, нябожчыца, села за фартэпіяна, каб развітацца назаўсёды з усім тым... родным... вечным... Але .. [Міхалковіч] раптам увёў у яе будуар натоўп мужыкоў... Чорны. // Абсталяванне, мэбля такога пакоя. Будуар з чырвонага дрэва.
[Фр. boudoir.]
будуа́рны, ‑ая, ‑ае.
Уст. Які мае адносіны да будуара. Будуарная мэбля.
бу́дучы, ‑ая, ‑ае.
1. Які мае наступіць, адбыцца. Там гавораць аб будучым шчасці сваім, Аб сумесным жыцці, аб жыцці маладым. Куляшоў. // Наступны. Будучы год. Будучай вясною.
2. Такі, які рыхтуецца, павінен стаць тым, кім яго называюць. Старая маці Зоські спагадна на .. [Сымона] паглядала, як на будучага зяця. Бядуля. [Кастусь] не мог зразумець, чаму так груба і зняважліва адносяцца педагогі да сваіх выхаванцаў — будучых настаўнікаў. С. Александровіч.
3. Дзеепрысл. цяпер. ад быць.
4. у знач. наз. бу́дучае, ‑ага, н. Час, які ідзе ўслед за цяперашнім; сукупнасць наступных падзей. [Сакратар абкома:] — А ты глядзі наперад, Васіль Мінавіч, у будучае заглядвай. Шамякін.
5. у знач. наз. бу́дучае, ‑ага, н. Доля, лёс; кар’ера. Будучае маладога настаўніка. Будучае артыста.
•••
Будучы час гл. час.
У будучым — у далейшым, потым.
бу́дучыня, ‑і, ж.
1. Часы, падзеі, якія прыйдуць на змену цяперашнім; стан, становішча чаго‑н. у будучым. Камунізм — светлая будучыня чалавецтва. □ Падзеі апошніх гадоў з новай сілай пацвярджаюць, што капіталізм — гэта грамадства, пазбаўленае будучыні. Брэжнеў.
2. Становішча, абумоўленае пэўнымі ўмовамі; лёс, доля. У Нарачы — бясспрэчная будучыня курортнага раёна. В. Вольскі. І ўсё часцей усё лепшае ў сваёй будучыні звязвала [Таццяна] з імем Жэнькі. Шамякін. // Тое, што чакаецца ў будучым. [Максім:] — Наша справа калектыўнай гаспадаркі ёсць справа жыццёвая, правільная, а таму ёй належыць будучыня. Колас.
3. Будучае пакаленне; нашчадкі. Дзеці — наша будучыня.
буды́зм, ‑у, м.
Рэлігія, якая ўзнікла ў канцы 6 ст. да н. э. у Паўночнай Індыі і пашырылася ў Тыбеце, Манголіі, Індакітаі, Кітаі, Бірме, Японіі і некаторых іншых краінах Усходу.
[Па імені легендарнага заснавальніка гэтай рэлігіі Буды.]
буды́йскі, ‑ая, ‑ае.
Які мае дачыненне да будызму. Будыйскае вучэнне. Будыйскі храм.