Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

лі́пеньскі, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да ліпеня, уласцівы яму. Ліпеньская ноч. Ліпеньская спёка. □ Тым часам канчалася лета. Адгрымелі ліпеньскія і жнівеньскія начныя навальніцы, гучна адспяваўшы песні лету. Колас. // Які адбываецца ў ліпені. Ліпеньскія падзеі.

лі́пец, ‑пцу, м.

Абл. Ліпавы мёд. Светлы змрок загусцеўся, як ліпец у ліпаўках. Барадулін.

ліпе́ць, ‑плю, ‑піш, ‑піць; незак.

Разм.

1. Ледзь-ледзь трымацца (пра каго‑, што‑н.). У акуратна зрубленай клеці ледзь ліпяць на адной завесе — вось-вось упадуць — перакошаныя дзверы. Лынькоў. Каплічка, здавалася, ледзь ліпела і гатова была кожную мінуту разваліцца. Колас. У той час мы з Андрыянай разам жылі, наймалі маленькі катушок пад самым дахам. То яна якую работу знаходзіла, то я. Так і ліпелі. Хомчанка.

2. перан. Пра вельмі слабае праяўленне якіх‑н. працэсаў, пра стан заняпаду чаго‑н. Ледзь ліпіць аганёк, Смольны корч дагарае. Зарыцкі.

•••

Ліпець на валаску (на павуцінцы) — тое, што і вісець на валаску (гл. вісець).

лі́піна, ‑ы, ж.

Разм. Асобнае дрэва ліпы.

лі́пка, ‑і, ДМ ‑пцы; Р мн. ‑пак; ж.

Памянш.-ласк. да ліпа ​1; маладая ліпа. [Месяц] стуліўся за кучаравую пахучую ліпку. Крапіва.

•••

Абадраць (абдзерці, абабраць, аблупіць) як ліпку гл. абадраць.

лі́пкасць, ‑і, ж.

Уласцівасць ліпкага.

лі́пкі, ‑ая, ‑ае.

1. Які лёгка прыліпае, прыстае; клейкі. Ліпкі грунт. Ліпкае павуцінне. □ Ногі правальваліся.., гразлі ў ліпкай, цягучай твані балота. Лынькоў. // Пакрыты слоем клейкага рэчыва. На алешніку лісце ўжо вялікае, але ліпкае, з чырванаватымі прожылкамі. Кулакоўскі.

2. перан. Разм. Неадчэпны, назойлівы. Ліпкі позірк. □ Міхась наліваў па шклянцы, і на душу яго зноў пачыналі капаць цёплыя, ліпкія кроплі Капейкавых слоў. Брыль.

ліпнёвы, ‑ая, ‑ае.

Разм. Які мае адносіны да ліпеня, уласцівы ліпеню. Поле туманнае Цёплай расой акрапіла свой твар. А. Александровіч. Там, убаку ад дарогі, мы выбралі сярод старых вячыстых дубоў і разлапістых кустоў арэшніку чыстую паляначку, якая была заліта з усіх бакоў яркім ліпнёвым сонцам, і спыніліся, селі ў траву. Сачанка.

лі́пнуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; пр. ліп, ‑ла; незак.

1. (1 і 2 ас. не ужыв.), да каго-чаго. Прыставаць, прыліпаць. Мяккія пушынкі снегу ападалі на зямлю, ліплі да вопраткі, да твару. Кавалёў. На лоб налазяць і ліпнуць мокрыя валасы. Скрыган.

2. Разм. Шчыльна прыціскацца да чаго‑н. Было.. [гразі на вуліцы] столькі, што часта даходзіла да галовак колаў; людзі звычайна ліплі бліжэй да платоў. Мележ. // перан. Гарнуцца да каго‑н. Дзеці ліплі да дзеда. □ Як і даўней, хлопцы цураліся.. [Ігнася] і не любілі. Ігнась таксама не надта ліп да іх, больш адзін быў. Мурашка. // перан. Аблепліваць, усыпаць. Усё больш і больш назойліва лезлі да людзей камары. Яны ліплі да твару, да рук, да ног, усмоктваліся ў чалавечае цела. Галавач.

3. перан. Разм. Назойліва прыставаць да каго‑н. Вяртацца з пустымі рукамі было няёмка. Хоць што-небудзь ды трэба ўзяць. Абы для апраўдання, для адводу вачэй было. Каб не ліплі людзі, не выдумлялі лішняга. Кандрусевіч.

•••

Ліпнуць смалой — настойліва, надакучліва прыставаць да каго‑н.

ліпня́к, ‑у, м., зб.

1. Ліпавы зараснік. Ззаду ў мяне, за маладым бярэзнікам і ліпняком, пачынаецца нейкая маленькая балаціна. Нікановіч.

2. Разм. Дрэвы ліп, ліпы. Пахла і звінела пчаліным звонам алея маладога кучаравага ліпняку. Васілевіч.