Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

лі́нька, ‑і, ДМ ‑ньцы; ж.

Змена верхняга покрыва (шэрсці, пер’я, панцыра і пад.) у жывёл і птушак у пэўныя перыяды. Асенняя лінька ў русака пачынаецца ў канцы верасня і заканчваецца ў першай палавіне снежня. «Весці».

ліню́часць, ‑і, ж.

Уласцівасць лінючага (у 1 знач.). Лінючасць тканіны.

ліню́чы, ‑ая, ‑ае.

1. Які лёгка ліняе, выцвітае. Лінючы порт.

2. Які знаходзіцца ў стане лінькі. Лінючая змяя. □ На дварэ зелянела вясна... Недалёка ад хаты, на лужку, пасвіўся невялікі табунок калгасных коней. Коні, як коні, брыгадныя рабацягі, з падупалымі лінючымі бакамі. Лось.

ліня́лы, ‑ая, ‑ае.

1. Які страціў першапачатковую афарбоўку, стаў няяркім; выцвілы. Нячутна падышла жанчына ў лінялай жакетцы нараспашку. Кулакоўскі.

2. Які скінуў, змяніў сваё верхняе покрыва, вылінялы (пра жывёл і птушак).

ліня́нне, ‑я, н.

Дзеянне і стан паводле знач. дзеясл. ліняць.

ліня́ць, ‑яе; незак.

1. Траціць сваю першапачатковую афарбоўку; выцвітаць. Гэта тканіна вельмі ліняе. // перан. Разм. Страчваць сілу, выразнасць, яркасць; блякнуць. Пачынаю чытаць [свой рукапіс] і тут жа кляну сябе за няўмельства. Усё, што выглядала прыстойна, нават здавалася добрым, перад .. [Коласам] ліняе, робіцца бездапаможным. Лужанін.

2. Скідваць ці мяняць у пэўныя перыяды сваё верхняе покрыва (пра жывёл, птушак). Каля берага плавае пер’е і пух. — Качкі ліняюць, — гаворыць егер. В. Вольскі.

лі́па 1, ‑ы, ж.

1. Лісцевае дрэва сямейства ліпавых з сэрцападобнымі пілаватымі лістамі і жаўтаватымі духмянымі меданоснымі кветкамі. Ціха шалясцяць на вятрыску пахучыя ліпы. Лынькоў. Ад высокіх ліп, што вартаўнікамі стаялі ўздоўж вуліцы, разносіўся саладкаваты водар квецені. Ваданосаў.

2. толькі адз. Драўніна гэтага дрэва; матэрыял. Зрабіць начоўкі з ліпы.

лі́па 2, ‑ы, ж.

Разм. груб. Пра што‑н. фальшывае, падробленае, несапраўднае.

лі́павы 1, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да ліпы ​1, уласцівы ёй. Ліпавая кара. // Які складаецца з ліп, абсаджаны імі. Наабапал дарогі ў фальварак амаль ад самага лесу цягнуліся густыя старасвецкія ліпавыя прысады. Колас. // Зроблены з драўніны, лыка, кары ліпы. Ліпавая кадушка. □ З лесу выходзіць бацька. На ім доўгая белая кашуля і новыя ліпавыя лапці. Асіпенка. // Прыгатаваны, сабраны з ліпавага цвету. Ліпавы чай. Ліпавы мёд.

2. у знач. наз. лі́павыя, ‑ых. Сямейства двухдольных раслін, да якіх адносяцца ліпа, джут і інш.

•••

Ліпавы цвет гл. цвет.

лі́павы 2, ‑ая, ‑ае.

Разм. Падроблены, фальшывы, несапраўдны. Ліпавыя дакументы.

лі́паўка, ‑і, ДМ ‑паўцы; Р мн. ‑павак; ж.

Разм. Невялікая бочка, выдзеўбаная з кругляка ліпы. Палешукі везлі ў Старочын на продаж сваё багацце: дзежкі, ліпаўкі, цабры, вёдры. Чарнышэвіч.

лі́пень, ‑я, м.

Сёмы месяц каляндарнага года.