Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ве́шацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.

1. Зачапіўшыся за што‑н., павісаць у паветры. Трэба назіраць і за тым, каб [дзеці] не чапляліся на хаду, не ўскаквалі, не саскаквалі, не вешаліся на парэнчах. Шынклер.

2. Вешаючыся, канчаць жыццё самагубствам.

3. Зал. да вешаць.

•••

Вешацца на шыю — а) кідацца ў абдымкі, моцна абнімаць каго‑н. (звычайна за шыю); б) настойліва дамагацца прыхільнасці, сімпатыі.

ве́шаць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.

1. што. Надаваць чаму‑н. вісячае становішча. Вешаць вопратку. Вешаць вядро на крук.

2. каго. Караць смерцю праз павешанне. З нялюдскай жорсткасцю спаганялі фашысты сваю злосць на мясцовым насельніцтве, палілі вёскі.., расстрэльвалі і вешалі людзей. В. Вольскі.

•••

Вешаць галаву — сумаваць, маркоціцца.

Вешаць нос — тое, што і павесіць нос (гл. павесіць).

Вешаць сабак на каго — нагаворваць, звальваць што‑н. на каго‑н.

Вешаць ярлык — неабгрунтавана абвінавачваць каго‑н., няправільна, шаблонна ацэньваць, характарызаваць чыё‑н. дзеянне, учынак.

Хоць тапор вешай — пра цяжкае, нясвежае паветра ў памяшканні.

вешчава́ць, вяшчую, вяшчуеш, вяшчуе; незак., што і без дап.

1. Высок. Гаварыць, абвяшчаць. Гэта радасць ідзе і вяшчуе Аб нязнанай дагэтуль долі. Дзяргай.

2. Прадказваць, прадракаць. Толькі недзе голас жураўліны Зноў вяшчуе раннюю зару. Прануза. Правільна вешчавала Аўдуля Ахцімчык. Ні Хрысцюк, ні Касцецкі, ні іхнія жонкі на работу не пайшлі. Дуброўскі.

ве́шчы, ‑ая, ‑ае.

Уст. Мудры, здольны прадракаць. Вешчы баян. // Які прадказвае, прарочыць што‑н. Вешчы сон.

ве́я, ‑і, ж.

1. Тое, што і завея, завіруха (у 1 знач.). Сек яго [паравоз] вецер, марозіў мароз, Душыла зімовая вея. Панчанка. У тундры я пражыў гады, Там, помню, веі гэтак дзьмулі. А. Александровіч.

2. звычайна мн. (ве́і, ‑яў). Тое, што і вейкі. Шчокі пунсавелі ад марозу, а доўгія веі прыкрывалі неспакойны бляск чорных вачэй. Алешка.

ве́ялка, ‑і, ДМ ‑лцы; Р мн. ‑лак; ж.

1. Сельскагаспадарчая машына, якой ачышчаюць збожжа ад мякіны пасля малацьбы.

2. Драўляны шуфлік для ручнога веяння збожжа пасля малацьбы. Каб адпачыць і падумаць, Клемс сеў на варотніцу, выцяг[нуў] перад сабою ногі, веялку кінуў на мякіну. Галавач.

ве́яльшчык, ‑а, м.

Той, хто вее збожжа або працуе пры веялцы.

ве́яльшчыца, ‑ы, ж.

Жан. да веяльшчык.

ве́янне, ‑я, н.

1. Дзеянне паводле дзеясл. веяць (у 1, 2 знач.).

2. Прыкмета наступлення чаго‑н. Халоднае веянне зімы. // перан. Уплыў, уздзеянне новых думак, ідэй і пад. Новае веянне.

ве́яны, ‑ая, ‑ае.

1. Дзеепрым. зал. пр. ад веяць.

2. у знач. прым. Ачышчаны веяннем. Веянае жыта.