шпрыцава́нне, ‑я, н.
Спец. Дзеянне паводле знач. дзеясл. шпрыцаваць.
шпрыцава́ны, ‑ая, ‑ае.
Дзеепрым. зал. пр. ад шпрыцаваць.
шпрыцава́цца, ‑цуецца; незак.
Зал. да шпрыцаваць.
шпрыцава́ць, ‑цую, ‑цуеш, ‑цуе; незак., што.
Спец. Упырскваць што‑н., папаўняць чым‑н. з дапамогай шпрыца (у 2 знач.). Шпрыцаваць крэм.
шпрыцо́ўка, ‑і, ДМ ‑ўцы, ж.
Спец. Дзеянне паводле знач. дзеясл. шпрыцаваць.
шпу́лечны, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да шпулькі. Шпулечныя ніткі. Шпулечная фотаплёнка. Шпулечная вытворчасць.
шпу́лька, ‑і, ДМ ‑льцы; Р мн. ‑лек; ж.
1. Звычайна драўляны, полы ўнутры стрыжань з кольцамі па абодвух канцах, на які намотваюцца ніткі, тасьма, шнур і пад. Галя нешта шыла. Калі прыйшоў Пракаповіч, яна ўторкнула іголку ў шпульку з ніткамі, усміхнулася, прайшла ўзад-уперад каля тахты. Радкевіч. Чаго тут [у шуфлядцы] толькі не было — і пустыя шпулькі ад нітак, і нейкія дроцікі, іржавыя кнопкі, якімі прышпільваюць паперу, пагнутыя шпількі ад валасоў. Арабей. // Разм. Колькасць нітак, тасьмы, шнура і пад., наматаная на такі стрыжань. Учора брат прыслаў мне з Ленінграда цэлую шпульку лескі і дваццаць кручкоў. Дайліда.
2. Спец. У радыётэхніцы, электратэхніцы — прыбор, які складаецца з полага цыліндра ці металічнага каркаса з накручаным на іх дротам. Толькі, можа, гадзіна заставалася да прыёму з Масквы апошніх паведамленняў, а Захарэвіч усё яшчэ, не заўважаючы трывожнай нецярплівасці прысутных, спакойна грэбаўся гарачым паяльнікам у павуцінні праваднічкоў, паміж разнастайных шпулек і лямп. Паслядовіч.
3. Спецыяльнае прыстасаванне ў ткацкіх, прадзільных і швейных машынах для намотвання нітак.
4. Тое, што і шпуля (у 3 знач.). Скакун узяў шпульку з кабелем. Таня — два кароценькія вясельцы. Шашкоў. Калі 30 красавіка пасля артпадрыхтоўкі пяхота накіравалася ў атаку, разам з ёю з дзвюма шпулькамі тэлефоннага кабелю рушыў і Фёдар Ёрш. «Звязда».
[Ад ням. Spule.]
шпу́лькавы, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да шпулькі. Шпулькавая фабрыка.
шпу́льнік, ‑а, м.
У ткацтве — рабочы, які займаецца намотваннем нітак або пражы на шпулькі.