шматступе́нны, ‑ая, ‑ае.
Які праходзіць шэраг ступеней, стадый. Шматступенная сістэма адбору. // Які адбываецца па ступенях, перыядах. Шматступенная сістэма выбараў.
шматступе́ньчаты, ‑ая, ‑ае.
Які складаецца з вялікай колькасці ступеней. Я ўяўляю змену пакаленняў Жывою шматступеньчатай ракетай. Грахоўскі.
шматсяме́йнасць, ‑і, ж.
Стан шматсямейнага; наяўнасць вялікай сям’і.
шматсяме́йны, ‑ая, ‑ае.
Які мае вялікую сям’ю, шмат дзяцей. Шматсямейная маці.
шматто́мнік, ‑а, м.
Разм. Творы, навуковыя працы і пад. якога‑н. аўтара, выдадзеныя ў некалькіх ці многіх тамах. Калі нам будуць тыя помнікі?! Цяпер нам Помнікі — Шматтомнікі. Барадулін.
шматто́мны, ‑ая, ‑ае.
Які складаецца з некалькіх, з многіх тамоў; выдадзены ў некалькіх ці многіх тамах. Шматтомная праца. □ На базе.. [картатэкі] з 1960 г. пачалося ўкладанне шматтомнага тлумачальнага слоўніка сучаснай беларускай літаратурнай мовы. Суднік.
шматто́нны, ‑ая, ‑ае.
1. Які важыць шмат тон; вельмі цяжкі. Цяпер ужо і Паўлік адчуў, як шматтонная глыба камбайна, бы пушынка, падпарадкоўвалася яго рухам. Беразняк.
2. Які мае ўмяшчальнасць або грузападымальнасць у некалькі тон. Гляджу — імчыцца па асфальце, спяшыць шматтонны самазвал Туды, дзе просяць: — Цэглы дайце!.. Дзе новы ўжо расце квартал. Смагаровіч.
шматтыра́жка, ‑і, ДМ ‑жцы; Р мн. ‑жак; ж.
Разм. Друкаваная газета прадпрыемства, установы, якая рэгулярна выдаецца значным тыражом. Аб рацыяналізатарскай прапанове Аляксеева — Кашына гаварылі на сходах, пра яе пісала ўжо заводская шматтыражка «Аўтазаводзец». Карпаў.
шматтыра́жны, ‑ая, ‑ае.
Які выдаецца, выходзіць вялікім тыражом. Увечары па пакоях інтэрната разнеслі шматтыражную газету «Чырвоны аграном». Сабаленка.
шматты́сячны, ‑ая, ‑ае.
Які налічвае або каштуе шмат тысяч. Пыл воблакамі ўздымаўся з-пад ног канвою і шматтысячнага натоўпу людзей, кружыўся над людзьмі і павольна асядаў на іх. Галавач.