ро́ля, ‑і, ж.
1. Драматычны вобраз, які ўвасабляецца акцёрам на сцэне, у кінафільме і пад. Роля Паўлінкі ў аднаіменнай камедыі Купалы. □ Асабліва падабалася панежычанам, калі Цімошка выконваў у п’есах ролі дзядоў. Краўчанка.
2. Поўны тэкст выбраных з п’есы, спектакля слоў адной дзеючай асобы. Перапісаць ролю.
3. каго. Работа, занятак, праяўленне ў якасці каго‑н. Паколькі ў .. Арэста Адамавіча не было гаспадыні, яе ролю і абавязкі ўзялі на сябе жонкі гасцей. Лынькоў. Браты і сёстры таксама трымаліся здалёк ад яго, як бы чужаліся, .. і ён, нарэшце, пагадзіўся з роляю адгароджанага ад сям’і чалавека. Колас.
4. Значэнне, ступень удзелу, мера ўплыву ў якой‑н. справе, падзеі і пад. Кіруючая роля партыі ў пабудове камунізма. □ «Грамада» ў беларускім вызваленчым руху адыграла велізарную гістарычную ролю. Машара.
•••
Выхадная роля — роля з нязначнымі, невялікімі рэплікамі.
Іграць ролю гл. іграць.
Увайсці ў ролю гл. увайсці.
У ролі каго-чаго — у якасці каго-чаго.
[Фр. rôle.]
ром, ‑у, м.
Моцны спіртны напітак з перабрадзіўшага соку або патакі цукровага трыснягу. На стале стаялі яшчэ бутэлькі з лікёрам, ромам і вазы з апельсінамі і ананасамі. Маўр.
[Англ. rum.]
ро́мавы, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да рому, уласцівы рому. Ромавы пах. // Прыгатаваны з рому, з ромам. Ромавая баба.
ромб, ‑а, м.
1. Паралелаграм, у якога ўсе стораны роўныя і непрамыя вуглы. // Пра тое, што мае форму такога паралелаграма.
2. Знак адрознення вышэйшага каманднага саставу Савецкай Арміі да 1943 г. (да ўвядзення пагонаў у 1943 г.), які меў такую форму. Па ромбу на пятліцах Надзя адразу вырашыла, што чалавек гэты няйначай як важны камандзір. Лынькоў.
[Грэч. rhombos.]
ромбападо́бны, ‑ая, ‑ае.
Які мае форму ромба (у 1 знач.).
ро́мбік, ‑а, м.
1. Памянш. да ромб (у 2 знач.).
2. Пра што‑н. у форме невялікага ромба. Паказаўся прыгожы гняды конь, між вачэй якому нібы хто знарок прыклеіў беласнежны ромбік. Ляўданскі. — Дык, кажаш, танкі ў бярэзніку каля Міронавай хаты? Вось і добра. — І .. [салдат] панёс у адным месцы карты ромбік. Гамолка.
ро́нда, нескл., н.
Форма інструментальнай музыкі (сольнай ці сімфанічнай) са шматразовым паўтарэннем галоўнай тэмы ў чаргаванні з адной або некалькімі пабочнымі.
[Іт. rondo.]
ро́ндаль, ‑я, м.
Уст. Каструля з ручкай. Тым часам каля шалаша Віктар у вялікім рондалі гатаваў над агнём [юшку]. Краўчанка.
ро́па, ‑ы, ж.
Абл.
1. Гнойныя выдзяленні. Удоўж Дняпра ляглі яны — акопы, Заросшыя травой акопы, бліндажы, Дзе як-бы йшчэ смярдзіць людскою ропай, Мінулых бітваў усплываюць міражы. Купала.
2. Тое, што і рапа́. З лесу вылецелі каля дваццаці фурманак, распаўзліся на плантацыі і пачалі паліваць з бочак сакавітыя зялёныя рады густа-салёнай ропай. Караткевіч.
ро́скаш, ‑ы, ж.
Тое, што і раскоша. Які тут [у Вільні] рух і беганіна! Як ззяюць вокны магазінаў! І колькі тут дабра, багацця! А колькі слёз у ім, пракляцця? Якія брычкі і карэты! А для каго ўся роскаш гэта? Колас. А чаму спяваюць салаўі? А таму, што жывуць у роскашы, на свабодзе. Бялевіч. Улетку жыць у курані было Лёньку роскаш. Капыловіч.