бездагля́дны, ‑ая, ‑ае.
Пакінуты без догляду; закінуты. Бездаглядная жывёла.
бездажджо́ўе, ‑я, н.
Разм. Засушлівае надвор’е.
бездако́рнасць, ‑і, ж.
Уласцівасць бездакорнага; беззаганнасць. Любіў.. [Доўнар] Пазняка за сціпласць, за выразную строгую прынцыповасць, за шчырую патрэбу служыць партыі, за бездакорнасць у рабоце. Дуброўскі.
бездако́рны, ‑ая, ‑ае.
Які не выклікае дакору; беззаганны. Бездакорны чалавек. Бездакорная праца.
бе́здань, ‑і, ж.
1. Бяздонная прорва, невымерная глыбіня. Вузкая дарога пятляла сярод гор і раптам кідалася ўніз, нібы спяшаючыся на Чортаў мост, каб абысці багну і бездань. Мяжэвіч. Як жа добра цяпер апусціць у самую глыбіню студні дзюбу старога «жураўля», дастаць з цёмнай, страшнаватай бездані цяжкае драўлянае вядро, расплёскаць на босыя ногі сцюдзёную ваду, прыпасці сухімі губамі да мокрай сасновай клёпкі!.. Брыль. // Бязмежная прастора (марская, нябесная). З цёмнай бездані неба зрэдку далятаў ледзь чутны рокат матора. Лынькоў.
2. перан. Вялікая колькасць чаго‑н., што нельга палічыць; безліч, процьма. Бездань найтанчэйшых пачуццяў.
3. перан. Тое, што раздзяляе, раз’ядноўвае каго‑н. з кім‑н.; прынцыповыя разыходжанні паміж кім‑н. у чым‑н. Ад’язджаючы, пятнаццацігадовая дзяўчынка не ведала, якой безданню ляжа паміж ёю і яе названым братам граніца. Галавач.
бездапамо́жнасць, ‑і, ж.
Стан бездапаможнага. Першы раз баявы камандзір адчуў сваю бездапаможнасць; на яго вачах паміраў самы родны, блізкі чалавек, а ён не ведаў, што рабіць, чым дапамагчы. Шамякін. Джулля, пакутуючы ад свае бездапаможнасці ў такім паядынку, толькі кусала вусны. Быкаў.
бездапамо́жны, ‑ая, ‑ае.
Які не можа сам, сваімі сіламі справіцца з чым‑н.; які мае патрэбу ў дапамозе; слабы. Маленькі чалавечак, загорнуты ў прасцірадла, захутаны ў кажух, ляжаў там, ляжаў нерухомы, бездапаможны. Лынькоў. Выгляд .. [Стэфы] быў такі бездапаможны і няшчасны, што адразу было відаць: яна страціла ў сваім жыцці самае дарагое і адзінае і не мае надзеі знайсці яго другі раз. Чарнышэвіч. // перан. Вельмі дрэнны, бяздарны, слабы. Назаўтра прыношу рукапіс і выбіраю лепш апрацаваныя раздзелы.. Усё, што выглядала прыстойна, нават здавалася добрым, перад .. [Коласам] ліняе, робіцца бездапаможным. Лужанін.
бе́здар, ‑ы, ж.
Разм. Бяздарны, няздатны чалавек. Глухмень, правінцыі дакука — Паняцце бездараў пустых. І там, там творыцца навука, Калі к навуцы здатны ты. Бачыла.
бе́здараж, ‑ы, ж.
Адсутнасць або недахоп добраўпарадкаваных дарог для язды. Цяжка было ісці па бездаражы танкам Шутава. Мележ. Бясконца снавалі, пераадольваючы бездараж, грузавікі-самазвалы. Хадкевіч. // Час, калі дарогі становяцца непраходнымі. Але найгоршае тут ліха — Збірай зноў цапстрыкі, трасіся Па каранях з дабром, з сям’ёю У саму бездараж вясною. Колас.
бездаро́жжа, ‑а, н.
Тое, што і бездараж. [Сястра] не магла даўмецца, адкуль я ўзяўся ў такую непагадзь і бездарожжа. Скрыган.