Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

шпо́нка, ‑і, ДМ ‑нцы; Р мн. ‑нак; ж.

Спец.

1. Дэталь у якім‑н. механізме, машыне і пад., якая засцерагае ад узаемнага перамяшчэння злучаных ёю частак.

2. У рыбнай прамысловасці — драўляны пруток або палачка, якая засоўваецца ў рыбу праз рот удоўж цела.

[Польск. szponka ад ням. Span.]

шпо́ра, ‑ы, ж.

1. Сагнутая на форме абцаса металічная дужка з зубчастым або гладкім кольцам, якая прымацоўваецца да задняй часткі бота наезніка і служыць для лепшага кіравання канём. Стражнік пахіснуўся на сядле, .. сціснуў шпорамі бакі каня. Мурашка.

2. Цвёрды завостраны рагавы выступ на нагах самцоў некаторых птушак, які служыць ім зброяй пры абароне ці нападзенні. [Певень] быў маладзец у поўным сэнсе гэтага слова — плечы і крылы яго адлівалі золатам, .. а на нагах красаваліся шпоры. Крапіва. Сораму — як у пеўня мяса па шпорах. З нар.

3. Спецыяльна зроблены для лепшага счэплівання з грунтам выступ або шып на вобадзе вядучага кола ці на звеннях гусеніц трактара.

[Ад ням. Sporn.]

шпо́рац, ‑рца, м.

Тое, што і шпорка.

шпо́рка, ‑і, ДМ ‑рцы; Р мн. ‑рак; ж.

Выраст каля асновы кветкі некаторых раслін, у якім знаходзіцца нектар. Шпорка кветкі.

шпо́рнік, ‑у, м.

Тое, што і рагулька (у 4 знач.).

шпо́рыць, ‑ру, ‑рыш, ‑рыць; незак., каго.

Удараць шпорамі па баках каня, каб прымусіць яго хутчэй бегчы. Шпорыць каня.

шпро́тавы, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да шпротаў, належыць ім. Шпротавы промысел. // Які складаецца са шпротаў. Шпротавы касяк.

шпро́тны, ‑ая, ‑ае.

Прыгатаваны са шпротаў. Шпротны паштэт.

шпро́ты, ‑аў; адз. шпрот, ‑а, М шпроце, м.

1. Дробная марская прамысловая рыба сямейства селядцоў. Лоўля шпротаў. Апрацоўка шпротаў.

2. толькі мн. (шпро́ты, ‑аў). Кансервы з гэтай, а таксама іншай дробнай рыбы (салакі, кількі і пад.). Закусвалі [госці] сырам, вэнджанай каўбасою і шпротамі. Васілёнак.

[Ням. Sprotte.]

шпрыц, ‑а, м.

1. Медыцынскі інструмент для ўвядзення ў арганізм лекавых рэчываў, а таксама для адсмоктвання з поласцей вадкасці, які мае выгляд цыліндра з поршнем і іголкай. Трымаючы шпрыц, на бліскучай іголцы якога вісела кропля, медсястра ваткай выцірала матчыну руку і супакойвала: — Пацярпіце... крыху... зараз будзе лепш... Карпаў.

2. Спец. Інструмент такога ж характару, які выкарыстоўваецца ў харчовай прамысловасці. Шпрыц для крэму.

[Ням. Spritze.]