надра́йвацца, ‑аецца; незак.
Зал. да надрайваць.
надра́йваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.
Незак. да надраіць.
надра́нішні, ‑яя, ‑яе.
Разм. Які бывае перад надыходам раніцы. Надранішнія росы.
надра́нне, ‑я, н.
Разм. Час перад надыходам раніцы. І песня, як мора, арліным крылом будзіла ў надранні ружовыя скалы. Маракоў.
надра́ны, ‑ая, ‑ае.
Дзеепрым. зал. пр. ад надраць.
надра́паны, ‑ая, ‑ае.
Дзеепрым. зал. пр. ад надрапаць.
надра́паць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак.
1. чаго. Нарабіць драпін на чым‑н. Надрапаць на стале. Надрапаць палос на шыбе.
2. што. Разм. Неразборліва напісаць. Надрапаць ліст. Надрапаць заяву. // Напісаць што‑н. (звычайна хутка, паспешліва).
надра́пваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.
Незак. да надрапаць.
надра́ць, ‑дзяру, ‑дзярэш, ‑дзярэ; ‑дзяром, ‑дзераце; заг. надзяры; зак.
1. чаго. Аддзіраючы, нарыхтаваць нейкую колькасць чаго‑н. Надраць вязку лыка. □ З маладой ліпы [Алёшка] надраў кары. Якімовіч. // Навыдзіраць, навырываць; нарваць. Жанчыны надралі ў лесе дзеразы, упрыгожылі дугі, уплялі ў дзеразу чырвоныя стужкі. Місько. У густым лазняку [мы] знайшлі стары акон, надралі моху. Жычка.
2. чаго. Разрываючы на часткі, нарваць у нейкай колькасці чаго‑н. Надраць паперы. Надраць каснікоў.
3. чаго. Зняць абалонку з зярнят, ператвараючы іх у крупы. Надраць мяшок круп.
4. чаго. Нацерці на тарцы чаго‑н., натаркаваць. Надраць міску бульбы.
5. што. Разм. Начасаць, расчасаць скуру, нацерці яе чым‑н. цвёрдым. Надраць руку да болю. □ [Камлюк:] — Такая лазня — лепшы лекар... Па сабе адчуваю. Вось надраў венікам ногі, напёк — адразу палягчэла, быццам і не было ў іх праклятага раматусу. М. Ткачоў.
надро́бка, ‑і, ДМ ‑бцы; Р мн. ‑бак; ж.
Разм.
1. Дзеянне паводле знач. дзеясл. надрабіць 1.
2. Прыробленая, надвязаная да чаго‑н. частка.