Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

берагаві́на, ‑ы, ж.

Разм. Зямля берага, звычайна крутога. Ніжэй могілак, недзе вельмі блізка ад нас, абвальваецца ў ручай падмытая вадою берагавіна. Савіцкі.

берагавы́, ‑ая, ‑ое.

Які мае адносіны да берага (у 1, 2 знач.). Берагавая лінія. □ Вада бесперапынна білася ў берагавы схіл. Чорны. // Які знаходзіцца на беразе, каля берага. Берагавы лёд. Берагавая дарога. Берагавы лес. // Які мае сувязь з берагам. Берагавая ахова.

берагчы́, ‑рагу, ‑ражэш, ‑ражэ; ‑ражом, ‑ражаце, ‑рагуць; незак., каго-што.

1. Захоўваць цэлым, не расходаваць. — Можа трошкі віна і знайшлося б, — усміхнулася настаўніца, — але мы яго беражом для раненых. Маўр. // Вельмі эканомна, беражліва расходаваць. Пры другіх абставінах Платон Дулеба і сам арганізаваў бы абстрэл самалётаў, але цяпер трэба было берагчы кожны патрон. Шчарбатаў. // Ашчадна карыстацца якімі‑н. рэчамі, імкнуцца захаваць іх у найлепшым стане. — Ты кнігу беражы, сынок, Прыходзь часцей у госці! Агняцвет.

2. Клапатліва ахоўваць каго‑, што‑н., засцерагаць ад чаго‑н. [Арына] сама любіла і берагла свайго бацьку. Кавалёў. [Маці:] — Хай беражэ цябе ад кулі І ад варожых злых штыкоў Святое пачуццё матулі — Мая бязмежная любоў. Глебка. [Пітолін:] — Неяк раз на зборы перад усімі праводзіў гутарку, як трэба берагчы баявыя традыцыі. Грамовіч. // Захоўваць у памяці, помніць. Берагчы наказ бацькоў.

•••

Берагчы сваю шкуру — клапаціцца, думаць толькі пра сябе.

Берагчы як зрэнку вока — старанна, беражліва захоўваць што‑н.

берагчы́ся, ‑рагуся, ‑ражэшся, ‑ражэцца, ‑ражомся, ‑ражацеся, ‑рагуцца; незак.

1. Быць асцярожным; засцерагаць сябе ад каго‑, чаго‑н. Позна вечарам Каця правяла гасцей на вуліцу. Вера пры развітанні паспела ёй шапнуць, што, маўляў, беражыся Андрэя, бо па вёсцы гавораць, нібы ён падасланы. Гаўрылкін.

2. Зал. да берагчы.

беража́нка, ‑і, ДМ ‑нцы; Р мн. ‑нак; ж.

Разм. Птушка атрада вераб’іных, якая жыве ў норах на высокіх берагах рэк; берагавая ластаўка. Бурыя, пад колер зямлі, берагавыя ластаўкі, ці, як іх яшчэ называюць, беражанкі, спрытна выбіваліся над вадой, мільгаючы белымі паласатымі жывоцікамі. Пальчэўскі.

беражлі́васць, ‑і, ж.

Уласцівасць беражлівага. Барацьба за эканомію і беражлівасць.

беражлі́вы, ‑ая, ‑ае.

1. Які ўмее эканоміць, берагчы што‑н. Сёй-той лічыць цётку Марыну скнарай. А яна проста беражлівая. Лось.

2. Клапатлівы, асцярожны, уважлівы. Мяккімі і беражлівымі рукамі хірург накладвае Надзі швы. Карпюк.

беражо́ны, ‑ая, ‑ае.

1. Дзеепрым. зал. пр. ад берагчы.

2. у знач. наз. беражо́ны, ‑ага, м. Які беражэ сябе, асцярожны, клапатлівы. Беражонага і бог беражэ. Прыказка.

беражы́сты, ‑ая, ‑ае.

Разм. З высокімі берагамі. А ў канцы сяла цячэ рэчанька, Рэчка быстрая, беражыстая. З нар.

бераза́к, ‑у, м.

Абл. Бярэзнік. [Анюта з Васілём] пабудавалі сабе ўжо новую хату і жывуць у самым канцы засценка, у беразаку. Васілевіч. На самым краі лесу фары намацалі воз скіданага абы-як беразаку. Лобан.