Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

беразня́к, ‑у, м.

Тое, што і бярэзнік.

бе́раст, ‑а і ‑у, М ‑сце, м.

Дрэвавая ці кустовая расліна сямейства вязавых. Бераст патрабавальны да цяпла, да ўрадлівасці глебы, менш ценевынослівы і любіць сухасць глебы. «Прырода Беларусі». / ‑у; у знач. зб. Насадзіць берасту.

берасто́вы, ‑ая, ‑ае.

Тое, што і берасцяны.

берасця́нка 1, ‑і, ДМ ‑нцы; Р мн. ‑нак; ж.

1. Каробка, сплеценая з бяросты.

2. Лёгкі адна- або двухвёсельны човен.

берасця́нка 2, ‑і, ДМ ‑нцы; Р мн. ‑нак; ж.

Невялікая лясная пеўчая птушка атрада вераб’іных; зяблік. Жыве берасцянка ў сухіх хвойных і лісцевых лясах, яна не любіць вільготных і балоцістых мясцін. В. Вольскі.

берасця́ны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да бяросты; зроблены з бяросты. Берасцяны кошык. Берасцяная труба. Берасцяны дзёгаць. □ Я хацеў табе сёння Ліст пісаць на кары берасцянай, Як пісалі калісьці Каханым сваім Палачане. Лойка.

•••

Берасцяныя граматы гл. грамата.

бербе́р,

гл. берберы.

бербе́рка,

гл. берберы.

бербе́рскі, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да бербераў, уласцівы берберам.

бербе́ры, ‑аў; адз. бербер, ‑а, м.; берберка, ‑і, ДМ ‑рцы; мн. берберкі, ‑рак; ж.

Група народаў, якія насяляюць галоўным чынам краіны Паўночнай Афрыкі (Марока, Алжыр, Туніс і інш.).

бервяно́, а́; мн. бярвёны, ‑аў (з ліч. 2, 3, 4 бервяны́); н.

Круглы, тоўсты, ачышчаны ад галін і сучча ствол вялікага дрэва. Лявон Здрок меў такую сілу, што падымаў за камель і клаў на перадок воза самае тоўстае бервяно. Сабаленка.