Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

бензамато́рны, ‑ая, ‑ае.

У выразе: бензаматорная піла — піла, якая прыводзіцца ў дзеянне маторам, што працуе на бензіне.

бензапіла́, ‑ы, ж.

Тое, што і бензаматорная піла (гл. бензаматорны).

бензасхо́вішча, ‑а, н.

Спецыяльнае памяшканне для захоўвання бензіну.

бензацыстэ́рна, ‑ы, ж.

Цыстэрна для захоўвання і перавозкі бензіну. // Вагон або аўтамашына з такой цыстэрнай.

бензі́н, ‑у, м.

Бясколерная гаручая вадкасць, якая атрымліваецца пры перагонцы нафты.

[Фр. benzine.]

бензі́навы, ‑ая, ‑ае.

Які мае дачыненне да бензіну, уласцівы бензіну. Бензінавыя пары. // Прызначаны для захоўвання бензіну. Бензінавая бочка. Бензінавая калонка. // Які працуе на бензіне. Бензінавы матор. Бензінавая запальнічка.

бензо́л, ‑у, м.

Бясколерная гаручая вадкасць з своеасаблівым пахам, якая атрымліваецца пры перагонцы вугалю, нафты і выкарыстоўваецца ў хімічнай прамысловасці.

[Фр. benzol.]

бензо́лавы, ‑ая, ‑ае.

Які мае дачыненне да бензолу, уласцівы бензолу. Бензолавы пах.

бенуа́р, ‑а, м.

Ніжні ярус ложаў у тэатры, якія размешчаны па абодва бакі партэра.

[Фр. baignoire.]

бе́раг, ‑а, М ‑разе; мн. берагі, ‑оў; м.

1. Край, палоса зямлі каля вадаёма. Круты бераг. □ Рэшткі туману цяпер ужо рассеяліся, і добра быў відзён супрацьлеглы бераг: нізкі, пойменны, ён увесь хаваўся ў вадзе і купаў у струменях распукнуты лазняк. Ракітны. Вада ў Нёмане, нават і каля берага, на мелізне, не ідзе, здаецца, а бяжыць, і каламута сыходзіць хутка. Брыль. // Край якой‑н. паверхні, масіву лесу і пад. Міхал Тварыцкі ішоў берагам лесу, куды вяла дарога. Чорны. [Луг] упіраўся адным берагам у раку. Чарнышэвіч.

2. Суша (у процілегласць вадзе). Высадзіцца на бераг.

3. Край тканіны або вырабаў з яе. Хустка з чырвонымі берагамі. □ Другі мяшок з жытам завязвае ў свірне стары Верамейчык. Рукі, якімі ён збірае ў роўныя складкі бераг мяшка, трасуцца. Крапіва.

4. Верхні край якой‑н. пасудзіны. Наліць шклянку роўна з берагамі.

5. перан. Жаданая мэта, да якой імкнуцца. Хачу няспынна йсці Да светлае Камуны, Да новых блізкіх нам Прыгожых берагоў. Хведаровіч.

•••

Апынуцца (быць) на розных берагах гл. апынуцца.

Быць на сваім беразе гл. быць.

Выйсці з берагоў гл. выйсці.

Малочныя рэкі з кісельнымі берагамі гл. рака.

Прыстаць (прыбіцца) да берага гл. прыстаць.

Увайсці ў свае берагі гл. увайсці.