Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ліквідава́цца, ‑дуецца; зак. і незак.

1. Спыніць (спыняць) сваю дзейнасць. Установа ліквідуецца. Прадпрыемства ліквідавалася.

2. толькі незак. Зал. да ліквідаваць.

ліквідава́ць, ‑дую, ‑дуеш, ‑дуе; зак. і незак., каго-што.

Правесці (праводзіць) ліквідацыю. [Бохан:] — Абвяшчаю вам загад штаба: атрад ваш мы ліквідуем, распускаем. Лынькоў. Сёння з раніцы я пачаў перадаваць тэлеграмы, спадзеючыся хутка ліквідаваць загрузку. Шынклер. Ганне Сяргееўне і раней у падполлі прыходзілася сустракацца з такімі выпадкамі, калі трэба было ліквідаваць правакатараў. Няхай.

ліквіда́тар, ‑а, м.

1. Той, хто займаецца ліквідацыяй чаго‑н.

2. Прыхільнік ліквідатарства.

ліквіда́тарскі, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да ліквідатарства, ліквідатара, уласцівы ім. Ліквідатарская пазіцыя.

ліквіда́тарства, ‑а, н.

Рэакцыйная меншавіцкая плынь у РСДРП (1908–1912 гг.), якая імкнулася да ліквідацыі рэвалюцыйнай нелегальнай партыі пралетарыяту і адмаўляла неабходнасць рэвалюцыйнай барацьбы.

ліквідацы́йны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да ліквідацыі (у 1 знач.). Ліквідацыйная камісія.

ліквіда́цыя, ‑і, ж.

1. Спыненне дзейнасці (прадпрыемства, установы і пад.). Ліквідацыя трэста.

2. Спыненне існавання каго‑, чаго‑н. Ліквідацыя недахопаў. Ліквідацыя кулацтва як класа. □ Капітана Сяргея Чарнышова раніла ў апошні дзень ліквідацыі Сталінградскай груп[оў]кі. Шамякін.

[Н.-лац. liquidation.]

лікві́днасць, ‑і, ж.

Спец. Уласцівасць ліквіднага.

лікві́дны, ‑ая, ‑ае.

Спец. Які лёгка рэалізуецца, ператвараецца ў наяўныя грошы. Ліквідныя сродкі.

[Ад лац. liquidus — рэдкі, цякучы.]

лікёр, ‑у, м.

Салодкі моцны спіртны напітак. Люба вярнулася з бутэлькай вішнёвага лікёру — лепшае, што знайшлося ў краме. Шамякін.

[Фр. liqueur]