Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ма́рлевы, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да марлі. Мар левая тканіна. // Зроблены з марлі. Марлевая касынка. Марлевы сачок.

ма́рля, ‑і, ж.

Тонкая баваўняная тканіна з рэдка пераплеценых нітак. Парэзаць марлю на бінты. □ Акно нізкае, і каб прахожыя не зазіралі ў кабінет, яго завесілі фіранкамі з марлі. Новікаў.

[Фр. marli.]

мармела́д, ‑у, М ‑дзе, м.

Кандытарскія вырабы з фруктова-ягаднага пюрэ з цукрам і патакай.

[Фр. marmelade.]

мармела́дны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да мармеладу. Мармеладны цэх. // Зроблены, прыгатаваны з мармеладу. Мармеладныя цукеркі.

мармо́ль, ‑маля, м.

Разм. Нелюдзімы, негаваркі чалавек. [Бацька:] — Ты ж, як мармоль той, ходзіш, дома ні слова. Галавач.

мармо́н,

гл. мармоны.

мармо́нка,

гл. мармоны.

мармо́нскі, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да мармонаў. Мармонская рэлігія.

мармо́ны, ‑аў; адз. мармон, ‑а, м.; мармонка, ‑і, ДМ ‑нцы; мн. мармонкі, ‑нак; ж.

Члены рэлігійнай секты (узнікла ў ЗША у 19 ст.), вучэнне якой ўяўляе сабой сумесь хрысціянства з мнагабожжам.

[Ад уласнага імя.]

ма́рмур, ‑у, м.

1. Цвёрдая горная крышталічная парода розных колераў, якая ўжываецца для архітэктурных і скульптурных работ. Галіна зайшла за агароджу і прыгледзелася да надпісу на чорным мармуры помніка. Рамановіч.

2. Вырабы, аздобы з мармуру.

[Лац. marmor ад грэч. mármaros — бліскучы.]