Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

шалахво́стка, ‑і, ДМ ‑тцы; Р мн. ‑так; ж.

Разм. неадабр. Жан. да шалахвост.

шалахту́н, ‑а, м.

Абл. Балбатлівы чалавек; пустазвон. Благі той сват, што, дзе трэба, спрытна пагаварыць не ўмее, але бяда, калі і залішне шалахтун. Калюга.

шалахце́нне, ‑я. н.

Разм. Дзеянне паводле дзеясл. шалахцець, а таксама гукі гэтага дзеяння. У цішыні, што панавала цяпер у пакоі, было чуваць шалахценне паперы — тоўстай скрэпкаю Бялькевіч змацоўваў шырокія сінія аркушы зводак. Савіцкі.

шалахце́ць, ‑хчу, ‑хціш, ‑хціць; незак.

Разм. Шалясцець, шапацець. Узрушана шалахцела дзедаўская груша-дзічка. Лынькоў. Пад босымі нагамі шалахціць залатое лісце, суха патрэскваюць сучкі на мяккай аўчыне імху, кропелькамі крыві стракацяць у бруснічніку кіслыя ягадкі. Брыль.

шала́цца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.

Разм. неадабр. Бадзяцца, швэндацца. Замест таго, каб шалацца па станцыі, што было нават і небяспечна, настаўнікі прыпыніліся ў лесе на высокім узгорку над балотам, — адпачыць ды хоць трохі абмеркаваць сваё становішча. Колас. [Драч:] Проста салдат вунь колькі шалаецца па Піцеру, то няўжо кожнага на такі пачастунак? Губарэвіч.

шала́ш, ‑а, м.

Тое, што і будан. Тут Ленін быў. Тут шмат слядоў яго Ля шалаша, ля гэтых берагоў Шырокага Разліва. Танк. І доўга гамонка ішла ў шалашы. Глядзелі і слухалі бацька і сын, Як падаюць зорамі ў змрочнай цішы Буйныя антоны з прыгнутых галін. Броўка.

[Цюрк.]

шале́, нескл., н.

Невялікі сялянскі дом у гарах Швейцарыі. // Невялікая дача тыпу такога дома.

[Фр. chalet.]

ша́левы, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да шаля; які прызначаны для шаля. Шалевы ўзор. □ Жаба перабіраў тоўстымі пальцамі вясёлкавы шалевы пояс, які ляжаў у яго не на жываце, а пад грудзьмі. Караткевіч. // Які з’яўляецца шалем. Шалевая хустка.

•••

Шалевы каўнер — адкладны ляжачы акруглай формы каўнер, які спускаецца на грудзі і складае адно цэлае з бартамі.

шале́нец, ‑нца, м.

Шалёны чалавек, вар’ят. Толік ад нечаканасці аж сумеўся: што ён надумаў, гэты шаленец? А Юзік, выйшаўшы з варот, стаў, падняў стрэльбу і навёў яе... Куды б, вы думалі? У самы лабок Патрубейкавай хаты, у самае акенца, за якім стаіўся Толік. Вітка. // Пра вельмі безразважнага чалавека. Нас абавязвае эпоха Суняць шаленцаў лютых, Каб жыць і кроіць цёплы бохан Без атамнай атруты. Панчанка.

шале́нства, ‑а, н.

1. Вострая інфекцыйная хвароба жывёлы і чалавека, якая паражае цэнтральную нервовую сістэму і перадаецца ўкусам шалёнай жывёлы; вадабоязь. Прышчэпкі супраць шаленства.

2. Крайняя ступень раздражнення, гневу; раз’юшанасць. Праз якое паўгадзіны Мацвей Кірылавіч выбег з кабінета, як і той раз, калі яго давёў амаль да шаленства Вінцэнт Барташэвіч. Сабаленка. У прыпадку дзікай злосці і шаленства Анісім ірваў і пхаў у печ усё, што хоць чым напамінала яму жонку. Сачанка. / у вобразным ужыв. Так доўга цягнулася маладое шаленства, радаснае і пакутнае. Чорны. // перан. Вельмі бурнае, інтэнсіўнае праяўленне свайго дзеяння, сілы. Юнацтва — лета. Шаленства фарбаў, Адценне гукаў, Смуга настрояў. Свірка. Што нам пурга, шаленства дзікіх ветраў? Ёсць мэта, ёсць работа, ёсць загад! Звонак. Шаленства ракі не бясплённае: яно ператвараецца ў сілу, у электраэнергію, у святло. «Маладосць».

3. Учынак, пазбаўлены здаровай разважлівасці, выкліканы прыхамаццю, капрызам. Жадаў ім [каханым] шчасця ў падарожжы светлым Плыта ўладальнік. А яны яму, Як сябру па шаленству аднаму — Удачы ў вандраванні кругасветным. Куляшоў.