Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

тру́хаць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.

Разм. Бегчы подбегам, трухам. Жвава і ахвотна трухае па першаму зазімку конь, запрэжаны ў яшчэ неаб’езджаныя сані-развалкі. Машара. Паўз аэрадром у поле бегла дарога: жвавы конік, запрэжаны ў калёсы, трухаў па ёй. М. Стральцоў.

трухле́нне, ‑я, н.

Дзеянне і стан паводле знач. дзеясл. трухлець.

трухле́ць, ‑ее; незак.

Разбурацца ад часу, ператварацца ў пацяруху. Няхай чарнеюць сцены хат, няхай трухлеюць — іх лёгка паднавіць... Шамякін.

трухлі́на, ‑ы, ж.

Абл.

1. Пацяруха. Ногі правальваліся [глыбока], да калень, і выцягвалі наверх сухую жоўтую .. трухліну, што гнілое пілавінне. Пташнікаў.

2. Струхлелая будыніна. Гэтая трухліна [хата] гатова была ўпасці на .. [людзей]. Чорны.

тру́хля, ‑і, ж.

Абл.

1. Спарахнелы, струхлелы будынак. Ды і якая там хата — трухля адна. «Беларусь».

2. Пацяруха. Грузавік .. зароў і ўлез у самую гразь. Затрашчаў, падаўся леташні насціл, змяшалася трухля з перапрэлай чорнай граззю. Хадановіч.

трухля́васць, ‑і, ж.

Уласцівасць трухлявага.

трухля́вець, ‑ее; незак.

Тое, што і трухлець.

трухля́вы, ‑ая, ‑ае.

Які ператварыўся ў парахню ад гнілі і часу. Суцяшае галку драч: «Ты цяпер ужо не плач. Хай гарыць гняздо пустое на трухлявым сухастоі...» Грахоўскі. Засыпаныя снегам шпалы, старыя трухлявыя пні даўно загубленых дрэў, гнілыя галіны, — усё выглядала з-пад снегу і ўсё, здавалася, радавалася, што не апошні раз бачыла сонца. Колас. // перан. Які аджыў свой век; непатрэбны. Хто ведаць мог, .. Што гэта слова Зрушыць турмаў краты, Зруйнуе свет Трухлявы і стары. Хведаровіч.

трухля́к, ‑а, м.

Кавалак, абломак чаго‑н. трухлявага (звычайна пра дрэва). // Які‑н. трухлявы прадмет. Ноч у ноч хадзілі мужыкі на балота залатых арэшкаў шукаць. Падыдуць да яго, возьмуць у рукі, — не золата, а трухляк... Барашка.

трухля́ціна, ‑ы, ж.

Разм. Тое, што струхлела, разбурана трухленнем. А калі ён [Гіляр] добра топнуў нагой і скарыначку тую прабіў, дык адразу праваліўся ў гнілізну, у трухляціну. Дубоўка. Піць, увесь час хочацца піць, а балота дыхае на нас нейкай трухляцінай. Бажко. / у перан. ужыв. [Вольга Віктараўна:] — Андрэй Пятровіч, скажыце, калі ласка: дабро вы робіце народу ці зло, забіваючы розум дзяцей і іх чыстыя душы ўсякаю казённаю трухляцінаю? Колас.