Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

рок-н-ро́л, ‑а, м.

Дынамічны парны танец амерыканскага паходжання, для якога характэрны харэаграфічныя падтрымкі і наўмысная нядбайнасць партнёра да партнёршы; музыка да гэтага танца.

рол, ‑а, м.

Спец.

1. Цыліндр, вал, каток, які круціцца.

2. Скрутак цыліндрычнай формы з лістоў або суцэльнай палосы якога‑н. матэрыялу. Рол бумагі.

3. Машына для размолу валакністых матэрыялаў, якія служаць для вырабу паперы, кардону.

[Ням. Rolle.]

ро́левы, ‑ая, ‑ае.

Спец. Які мае адносіны да рола (у 2 знач.). Ролевая папера.

ро́лік, ‑а, м.

1. Памянш. да рол.

2. Невялікае металічнае кольца (на ножках мэблі, раяля для зручнасці перасоўвання). На падлозе стаяла каляска на чатырох роліках. Асіпенка.

3. Фарфоравы ізалятар для замацавання электрычных правадоў на сцяне, столі і пад.

4. толькі мн. (ро́лікі, ‑аў). Канькі на калёсках.

ро́лікавы, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да роліка. // Які складаецца з ролікаў. Ролікавы падшыпнік.

ролікападшы́пнік, ‑а, м.

Падшыпнік, у якім паміж паверхняй дэталі, што круціцца, і паверхняй апоры размешчаны ролікі.

ролікападшы́пнікавы, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да ролікападшыпніка. Ролікападшыпнікавы завод.

ро́льня, ‑і, ж.

Памяшканне на папяровай фабрыцы, дзе ўстаноўлен рол (у 3 знач.).

ро́льшчык, ‑а, м.

Рабочы, які абслугоўвае рол (у 3 знач.) і ведае працэсам размолу папяровай масы.

ро́льшчыца, ‑ы, ж.

Жан. да рольшчык.