Трасаві́ца ‘ліхаманка’ (Ласт.), ‘дрыжыкі’: усё цела яго дрыжэла ў дробнай трасавіцы (Ю. Віцьбіч), ст.-бел. тресавица, трясавица ‘тс’ (ГСБМ). Параўн. ст.-рус. трасавица ‘ліхаманка; трасца’: избави … трасавиче (берасц. грамата № 715; Залізняк, Исслед. в области балто-слав. духовной культуры. Заговор. M., 1993, 106), с.-балг. трѧсавица ‘тс’ (XIII ст.), макед. трасавица ‘тс’ (XIII ст.; МЈ, 15, 1–2, 97), ст.-слав. трѧсавица ‘тс’ (СССл.) пры старым польск. trzęsawica ‘дрыжыкі’, ‘няпэўнасць, хісткасць’. Да прасл. *tręsavъ, гл. трэсці.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Жалязня́к1 ’парода, што змяшчае жалезную руду’ (ТСБМ). Рус. железня́к, укр. залізня́к, славац. železniak, славен. železnjak ’тс’. Утворана ў выніку кандэнсацыі са спалучэння тыпу жалезны камень. Час утварэння няпэўны, хаця наяўнасць слова ў мовах усіх трох груп, а таксама семантыка і словаўтварэнне (гл. SP, 1, 89) не выключаюць вельмі даўняга яго паходжання.

Жалязня́к2 ’рыдлёўка’ (абл., ТСБМ, Сцяшк. МГ, Сл. паўн.-зах.). Рус. калуж. железня́к, смал. желе́зник ’лапата’. Утворана ў выніку кандэнсацыі са спалучэння жалезная лапата пры дапамозе суфікса ‑як, відаць, даволі позна (XIX–XX стст.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Сустрака́ць ’ісці насустрач, вітаць’ (Нас., Ласт., Яруш., Некр. і Байк., Касп., Шн. 2, Шат., Сл. ПЗБ), сюды ж сустрака́нне ’сустрэча’ (Юрч. Вытв.), параўн. рус. пск. сустрекать ’тс’, стараж.-рус. сустрѣкати ’тс’. Фанетычна да стрэць (гл.); к замест ч, параўн. сустрача́ць (Ласт., Сл. ПЗБ, Сержп. Прымхі), сустрэча́ць ’тс’ (ТС), тлумачыцца развіццём прасл. *tj > з наступным зацвярдзеннем, характэрным для часткі праславянскіх дыялектаў, пераважна т. зв. старажытнакрывіцкаму; гл. Нікалаеў, Балто-слав. иссл., 1988, 133–135; Залізняк, Слав. языкозн., X, 167. Параўн., аднак, аналагічнае развіццё ў т. зв. старажытнарадзімічскім рэгіёне: сустрэка́ть і сустрэча́ть ’тс’ (Растарг.), а таксама стракаць ’тс’ (гл.), што, магчыма, сведчыць пра старыя сувязі з заходнеславянскімі мовамі. Менш верагодна другаснае развіццё ч > к у выніку уніфікацыі асноў, як мяркуе Фасмер (3, 810) і іншыя, параўн. Палякоў, Slavistica Vilnensis, 1997, 190. Іванаў (Слав. языкозн., XIV, 263) бачыць тут працяг трансфармацыі t — l у k — l, параўн. соустрѣкле ’ён сустрэў’ (Пскоўскі летапіс XV ст.), што адпавядае [sustrēkal] з першапачатковага *rēt‑, адкуль сустракаць як паўднёвы працяг формы (Шавялёў, Prehistory, 371). Векслер (Гіст., 102) бачыць у беларускім слове кантактны ўплыў суседняй пскоўскай гаворкі або балцкіх моў. Сюды ж сустрэ́к: бягом к яму на сустрэк (Сержп. Прымхі) пры звычайным су́страч, укр. зу́стріч, зустрі́ч ’сустрэча’, рус. дыял. су́стреч, серб. дыял. сусрет і пад. (< *sъ‑rět‑, гл. ESSJ SG, 1, 255–256).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Тры́дзевяць ‘вельмі многа, няпэўная колькасць’: сядзіць маць Прачыста на прыстоле і дзержыць трыдзевяць ключы ў прыполе (БНТ, Зам.), ‘дваццаць сем’: у камори стоиць тридзевяць дубовых; тридзевяць скацерсци шавковыя (Рам. 5), у 1930‑я гады адпавядала тро́йчы дзе́вяць (Некр. і Байк.); сюды ж трыдзевя́ты: трыдзевятае царства ‘вельмі далёкая краіна, зямля’ (ТСБМ), трыдзевя́тка ‘крынічнік-дуброўка, Veronica chamaedrus L.’ (маг., Кіс.). Параўн. укр. три́девʼять ‘дваццаць сем’, рус. три́девять ‘тс’; ‘многа’: три́девять иминь ‘заклінанне ад ліхіх сіл’, ст.-рус. тридевѧ(т)о (у берасц. грамаце XIII ст., Залізняк, Древненовг.), польск. trzy dziewięcie ‘тры разы па дзевяць (у вясковых лекарак)’, серб. цімак. три́девет ‘дваццаць сем’: чим вода́ ў реку пројде тридевет ка́мена, мож се пије; балг. радоп. три́‑де́ветʼ: три́‑деветʼ по̂́ти ‘шматразова’, макед. три‑девет: зад три‑девет планини ‘вельмі далёка’. Праслав. *tri devętь — спалучэнне (гл. тры, дзевяць), якому прыпісваліся магічныя функцыі, асабліва т. зв. патроенай дзявятцы, характэрна, што лічэбнік «дваццаць сем» у замовах не называецца (Лукінова, Числ., 64). Архаізм, які захоўвае рэшткі ліку дзявяткамі (Карскі 2-3, 346), вядомы іншым мовам, параўн. лат. trejdeviņi ‘вельмі многа’, грэч. τρὶς έωφφέα ‘тройчы дзевяць’ (Жураўлёў, Язык и миф, 739). Спалучэнне лічэбнікаў у назве расліны грунтуецца на прыпісанай ёй якасці лячыць ад вялікай колькасці хваробаў (Коласава, Лексика, 139). Гл. яшчэ ЕСУМ, 5, 636; Карпенка, Зб. Супруну, 103 (спалучэнне захавалася, бо страціла дакладнае колькаснае значэнне).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Той — указальны займеннік м. р., у дэйксісе характарызуе аддалены ў прасторы і часе прадмет або з’яву (ТСБМ, Ласт., Гарэц., Некр. і Байк., Бяльк., Касп., Сл. ПЗБ, Бес., Ян.), тэй ’тс’ (Нас., Шымк. Собр.; бялын., Янк. Мат.; Бяльк., ПСл, Мат. Гом.; в.-дзв., Сл. ПЗБ, Растарг.), тый ’тс’ (арш., Мат.), тыт ’тс’ (віц., Шн., Песні), ст.-бел. той, тотъ, тый ’той’ (1340 г., КГС); сюды ж той эўфемістычна ’чорт’ (Ластоўскі, Выбр. тв.), тэй ’тс’: тэй, што казали (Растарг.), тэй замяняе назоўнік, ужыванне якога лічыцца непрыстойным (Нас.), тамто́й ’той’ (Бес.; пад уплывам польск. tamten ’тс’), той свет ’замагілле’ (ТСБМ, Федар. 4, Некр. і Байк., Сл. ПЗБ), той‑сёй ’хто-небудзь (у пералічэнні)’ (ТСБМ, Варл., Арх. Вяр.), тэй‑сей ’тс’ (Нас.), то́йчас ’неадкладна, зараз’ (Гарэц., Янк. 3.), тойча́с ’адразу’ (калінк., З нар. сл.; Сцяшк. Сл.), той год ’летась’ (Ян.). Параўн. укр. той, рус. дыял. той, стараж.-рус. тъи, польск. дыял. tyj, серб.-харв. та̑ј ’той, гэты’, балг. той ’ён’, дыял. ’той, гэты’, макед. тој ’той, гэты’, дыял. ’ён’, ст.-слав. тъи. Прасл. *tъjь паходзіць ад указальнага займенніка , роднаснага літ. tas ’той, гэты’, узмоцненага апафанічным *jь пасля пераходу ъ > о. Ускладненасць іншымі займеннікамі або падваенне зыходнага можна бачыць у рэдкім ст.-бел. тось (XVI ст., Карскі 2-3, 194) і тотъ ’той’. Формы з ы тлумачацца аналогіяй з формамі мн. л. (Векслер, Гіст. 167), гл. тыя, а формы з э — уплывам канчаткаў прыметнікаў, што, зрэшты, дапускаецца для ўсіх формаў (Карскі 2-3, 53, 194), параўн. развіццё канцавых спалучэнняў *‑ъjь у розных крывіцкіх гаворках у ‑ой, ‑эй, ‑ый, адлюстраванае ў берасцяных граматах, гл. Залізняк, Слав. языкозн. X, 168. Меркаванні аб вывядзенні формаў на ‑эй, ‑ый з ‑ой, а таксама аб магчымым польскім уплыве (Сабалеўскі, ЖМНП, 1887, 251, 137 і наст.; Карскі 2-3, 154–155) не пераконваюць. Гл. таксама ESSJ SG, 2, 708 і наст.; Фасмер, 4, 89.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Расама́ха1 ’драпежная млекакормячая жывёла сямейства куніц, Gulo borealis’ (ТСБМ), ’звер расамаха, Chiromis’ (Байк. і Некр.), ’звер ласка, Mustela gulo’ (Некр. і Байк.), ’звер’ (Янк. 1; з заўвагай: “гэты звер тут не водзіцца”), ’звер’ (гом., ГЧ), ’хіжы звер у Сібіры’, ’воўк-канятнік’ (Ласт.), росома́ха ’драпежная жывёліна, расамаха(?)’ (ТС), параўн. укр. росома́к, росома́х, росома́ха ’звер Gulo gulo з сямейства куніц’, рус. росома́ха ’тс’, польск. rosomak ’тс’. Хутчэй за ўсё, старажытная назва; паводле Трубачова (ВСЯ, 3, 123), з больш ранняга *сорома́ха (< прасл. *sormaxa, параўн. літ. šarmuõ, šermuõ ’гарнастай, ласка, дзікі кот’), што спарадычна адзначалася ва ўкраінскіх і беларускіх дыялектах (Трубачоў у Фасмера, 3, 505, параўн. тураў. сарома́ха, гл.), з якога шляхам метатэзы складоў утворана сучасная назва. Бяднарчук (ABSl, 9, 46) схіляецца да балтаславянскага запазычання з уграфінскіх моў, параўн. марыйск. sõrmõ, šurmaŋšõ ’рысь’, саамск. čoŕma, čierma ’воўк’, вацяцк. śor ’куніца’ і інш. Ранняя фіксацыя ў наўгародскай берасцяной грамаце канца XIV ст. (Залізняк, Древненовг., 523) у форме росомуха (бѣла росомуха) ’нейкі пушны звер’ (гл. Чарных, 2, 123), як быццам, сведчыць пра такі шлях запазычання, аднак, у сувязі з гэтым, метатэза складоў павінна была адбыцца вельмі рана. Нельга выключыць, што на гэта магла паўплываць старая славянская міфалагічная назва са значэннем ’злы дух, страшыдла’, гл. расамаха2. Сляды рэальных ведаў пра нейкага драпежнага звера ўсё ж прысутнічаюць у гаворках, параўн.: росома́ха нападае на худобіну і задніцу вуесць; а ека та росомаха, то не ведаем (ТС); rosomácha, rysamácha ’расамаха’ (Арх. Федар. з заўвагай: “Вынішчана ў слонімскіх лясах у 1831 г.”). Табуізацыя першапачатковай назвы і яе сувязь з *sorom (< і.-е. kʼormos, гл. сорам, што звязваецца з старой назвай куніцы і.-е. kʼor‑mōn), на якой настойвае Трубачоў (ВСЯ, 3, 120–124), таксама можа тлумачыцца ўплывам міфалагічнага персанажа. Меркаванні аб шляхах пранікнення назвы ў іншыя еўрапейскія мовы з усходу, а таксама аб магчымых крыніцах запазычання, гл. Брукнер, 463; Кіпарскі, ZfslPh, 20, 359 і наст.; Фасмер, 3, 504505; SEK, 4, 209.

Расама́ха2 фальк. ’страшыдла ў вобразе жанчыны, у якой распушчаныя валасы і стальныя грудзі, ёю страшаць малых дзяцей’ (Янк. 1), ’злы дух у постаці чалавека з звярынай галавой і лапамі, жыве ў каноплях’ (Ласт.), ’персанаж з дэманалогіі’ (Сержп. Грам.), ’нечысць, ёй становіцца маці, забіўшая сваё дзіця і ўтапіўшаяся’ (гом., ГЧ), расама́ка: расамака жыве ў каноплях, а русалка ў вадзе (валож., Жд. 2), перан. ’неахайная жанчына’ (барыс., там жа), ’няўклюда’ (пухав., Жыв. сл.), ’непрычэсаная, неахайная жанчына’ (Мат. Маг.), росома́ха ’жанчына з распушчанымі, непрыбранымі валасамі’, ’пра неахайную жанчыну (у параўнанні)’: ідзе бі росомаха; роспейсаласа, як росомаха (ТС), расама́ха ’неахайная жанчына’ (смарг., Сл. рэг. лекс.), ра́сумак ’непрычасаны чалавек’: ходзіш, як расумак (Мат. Маг. 2), русума́ка ’нямыты, мурза, няхлюя’, русума́чка ’мурза, смаркачка’ (Нас.). Параўн. укр. росома́к, росома́х, росома́ха, рус. дыял. росома́ха ’міфічная істота з доўгімі распушчанымі валасамі’, ’неакуратная, неахайная жанчына; лахудра’; магчыма, сюды таксама літ. razumùkas, razimùkas ’пачвара, страшыдла, што сядзіць на гарышчы’, ням. прус. Rosemòck, Rosumòck, Rasumùck ’страшыдла, прывід; неспакойны, благі, неахайна апрануты чалавек’, ням. дыял. Rosemock ’дэман, якім страшылі дзяцей; бялізны чалавек, волат’ (Кіпарскі, ZfslPh, 20, 365; SEK, 4, 209). Няясна. Звычайна выводзяць з расамаха1 на падставе пераносу назвы паводле знешняга вобліку звера, які, аднак, на большасці тэрыторый, дзе ўжываецца слова ў дэманалагічным і пеяратыўным значэнні, застаецца невядомым. Звяртае на сябе ўвагу характаралагічны прызнак — наяўнасць растрапаных валасоў ці краёў адзення, што дазваляе звязаць названыя формы з варыянтнай асновай *ręs‑ (параўн. расаматы, раса́2, гл.), *ros‑/*rus‑ (параўн. роса́ўка, руса́ўка: у руса́ўкі жэлезные цыцкі і косы роспушчэны; ру́савы дзед, гл.), *ras‑ (ра́ся ’неахайная жанчына’, гл.). Страхаў (Paleoslavica, 13, 1, 6–8) першасным значэннем лічыць ’непрычасаная, растропа’ і праз рус. дыял. (іванаўск.) россома́ха ’развілістае дрэва’ з устаўным экспрэсным суфіксам ‑(о)ма‑ (параўн. рус. костома́ха ’вялікая костка’) збліжае з рассо́ха (гл. расоха, расахатае дрэва), якое можа мець другаснае значэнне ’неахайная, непрычэсаная’, параўн. каш. rosoxa ’жанчына з заблытанымі валасамі’, rosoxati ’лахматы, калматы’, гл. расахаты ’раскудлачаны’: расахатая галава (Сл. ПЗБ). У такім выпадку расамаха2 < расоха (“з пашыранай асновай”, там жа), а расамаха1 ў выніку пераносу назвы на Gulo borealis па табуістычных меркаваннях. Аднак трактоўку пачатку слова як прыстаўкі рос‑ (< *orz‑) у святле існуючых варыянтных форм нельга прызнаць пераканаўчай. Па тых жа меркаваннях нельга прыняць этымалогію Чарных (2, 123) з *розсъмокъ (параўн. старыя напісанні разсамака, рассамак, розсомахи, XVII ст.), што да смок (< съмок) ’змей, цмок’ і далей да смактаць (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)