Сырць ’рыба Vimba vimba L.’ (“сырть или рибец — меньше леща”, маг., Дэмб. 2). Рус. сырть ’тс’, польск. syrt ’тс’. Відаць, не можа разглядацца асобна ад цырта ’тс’ (гл.), параўн. польск. certa ’тс’, якое Брукнер (59) выводзіць з ням. Zärthe ’від рыбы’. Атаясамленне рус. сырть з сырок (гл.) ’від ласося’ (Фасмер, 3, 820), паводле Анікіна (517), не мае падстаў.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Тры́дзесяць ‘многа, няпэўная колькасць’: трыдзесяць ран (БНТ, Зам.), ст.-бел. тридесятъ, тридесять, тридесеть ‘трыццаць’ (1431 г., ГСБМ), сюды ж тры‑дзесяты: у тры‑дзісятум царстве ‘ў вельмі далёкай краіне’ (маз., Сержп. Прык. і прым.), ст.-бел. тридесятый ‘трыццаты’ (ГСБМ). Захаваная несцягненая форма лічэбніка трыццаць (гл.), параўн. балг. три́десет, макед. триесет, серб. трѝдесет, славен. trîdeset, на думку Анікіна (Новое в рус. этим., 237), узыходзіць да прасл. *trьje desęte ‘трыццаць’, рана замененага формай *tri desęti ‘тс’, параўн. літ. trisdešimt, лат. trîsdešimit, літаральна ‘тры дзясятай Паводле Лукіновай (Числ., 64), падтрыманая аналогіяй да трыдзевяць (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Сяро́н, сярэ́н, сару́н, се́ран, се́рань ’шарпак, замерзлы зверху снег пасля адлігі’ (Мат. Гом.), сяру́н, шару́н (шеру́н) ’ранні сакавіцкі снег, па якім можна хадзіць не правальваючыся’ (Мядзв.), сярён, сіра́н ’замерзлы снег пасля адлігі’ (Бяльк.), сяра́н ’шарпак’ (Юрч.), се́рэн (сѣрэн) ’тс’ (Нас.). Параўн. укр. сере́н ’тс’, рус. серён, се́рен ’тс’, польск. śron ’іней, імжа’. Паводле Мацкевіч і Грынавяцкене (БЛ, 40, 54–55), формы з пачатковым с‑ з’яўляюцца архаізмамі, выціснутымі з цэнтральнай Беларусі формамі з пачатковым ш‑ (гл. шарон) пад уплывам літоўскага субстрату, што сумніўна, параўн. сяру́нь ’шарпак’ з тэрыторыі Літвы (шальч., Сл. ПЗБ) і пярэчанні Анікіна (Опыт, 275). Гл. се́ран.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Тулу́н ‘мяшок без разрэзу з садранай з якой-небудзь жывёліны шкуры’ (навагр., Дзмітр.). Укр. тулу́н ‘шкура казы, знятая суцэльна, якая служыць у якасці мяшка для мукі, солі і інш.’, рус. сіб. тулу́н ‘шкура, знятая дудкай, не распоратая ўдоўж’. Запазычана з цюркскіх моў: тур. tuluk, tulum, узб., туркм. тулум ‘бурдзюк’, — усе з манг. tulum ‘тс’ (Фасмер, 4, 118; ЕСУМ, 5, 673). Паводле Анікіна (563), н на месцы м у рускай мове — у выніку асіміляцыі або запазычання з Каўказа, дзе тулун ‘мяшок са шкуры’. У Беларусь лексема магла пранікнуць з мовы “літоўскіх татар” (Супрун, «Весці», сер. IV, 1969, 3, 69–70).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ту́хмалка груб. ‘твар’: даць у тухмалку (мёрск., ЖНС; Рэг. сл. Віц.). Няясна; пачатак слова падобны да рус. смал. ту́хман ‘удар рукой, тумак’, ту́хманка ‘тс’, ярасл. задаць ту́хманку ‘пабіць’, цвяр. дать ту́хменку ‘стукнуць’ (СРНГ), што, магчыма, сведчыць пра другасны характар семантыкі беларускага слова. Відаць, вытворнае ад ту́хаць ‘стукаць, тупаць’ (гл.) праз прамежкавую форму *тухма (тухаць), аналагічна да рус. тукма́нка ‘ўдар кулаком’, якое Фасмер (4, 117) прапануе выводзіць з ту́каць ‘стукаць’, адначасова ставячы пад сумненне мажлівасць кантамінацыі з токмач, тукмач ‘удар кулаком’, ‘калатуша’, што тлумачыць другую частку слова; паводле Анікіна (561), хутчэй кантамінацыя з тумак ‘удар кулаком’. Параўн. тухляк1 ‘штурхаль, штуршок’, гл.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ра́дуніца ’дзень памінання продкаў’ (Скарбы; гом., Талстая, Полес.), радуніца: да абеда плачуць, а па абедзе скачуць (Сержп. Казкі), ра́дунішта (ра́дашна) нядзеля ’тыдзень пасля Вялікадня’ (Мат. Гом.), ра́данец ’тс’ ’радаўніца’ (КЭС), параўн. рус. ра́дуница ’тс’, радуни́ца ’Фаміны тыдзень’. Гл. радаўніца. Паводле Анікіна (Опыт, 261), названыя формы з’яўляюцца больш раннімі, чым формы са слядамі дыфтонга au, якім прыпісваецца балтыйскае паходжанне (Лаучутэ, Балтизмы, 127–129) і якія могуць адлюстроўваць збліжэнне з радавацца (гл.). На гэтай падставе нельга не пагадзіцца з Жураўлёвым (Язык и миф, 393), што з’ява можа мець дахрысціянскія вытокі і славянскія карані, параўн. балг. редуни́ца ’рад, шэраг’ (Сб. НУ, 38, 138), изре́ждам ’прычытаць, пералічаць’, редо́вна неде́ля ’другі тыдзень перад Сырапустным або трэці перад Вялікім постам’, редовна́ неде́ля ’тыдзень ад Мясаеда да Сырапустнага тыдня’ (узводзіцца да ред ’рад’, БЕР, 3, 201) і жытом. ра́довый дэнь ’радаўніца’ (Талстая, Полес., 205).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Суко́ннікі1 ’даматканыя суконныя штаны’ (чэрв., круп., мядз., Сл. ПЗБ; ТС; калінк., светлаг., чач., Мат. Гом.), ’суконныя буркі (абутак)’ (Гарад.). Ад суко́нны ’зроблены з сукна, воўны’, гл. сукно.

Суко́ннікі2 ’дранікі, звычайна посныя’ (Барад.), суко́ннік ’аладка (з дранай бульбы)’ (мазыр., Мат. Гом.). Няясна; параўн. суко́ніцы ’ягады (цёртыя)’ (жытк., Мат. Гом.), што можна звязаць з літ. sùkalioti ’круціць, вярцець’, а таксама з рус. дыял. сука́лить ’скрэбці, чысціць’, якое Тапароў (Балтийские яз., 46) лічыць балтызмам, на думку Анікіна (Опыт, 284), беспадстаўна. Гл. таксама сканцы ’бульбяныя піражкі, начыненыя капустай’, што выводзіцца ад сакаць ’сукаць, раскатваць цеста’, параўн. рус. дыял. ска́нец ’тонкая раскатаная ляпёшка з прэснага цеста’ і ’тоўстая, грубая пяньковая пража’, што сведчыць пра першасны сінкрэтызм “кулінарнага” і “тэкстыльнага” значэнняў дзеясловаў *sukati, *sъkati: рус. бранск. сучить сканцы ’прасці пражу’ і рус. калін. сканцы сучить ’раскатваць цеста’, гл. Фасмер, 3, 635; Анікін, Опыт, 279. Падрабязней гл. Цыхун, БЛ, 63, 112, 113.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ру́жа1 ’дэкаратыўная расліна Rosa L.’ (ТСБМ; Ласт.), ’шыпшына’ (Кіс.), ’лілія’ (Сл. ПЗБ, ТС). Укр. дыял. ру́жа, польск. ruża, чэш. růže, славац. ruža, серб.-харв. ру́жа, макед. роза, ружа. Запазычанне, параўн. ст.-польск. róża, ruża < ст.-чэш. ruože < лац. rose або с.-в.-ням. rôse (Фасмер, 3, 493). Гл. таксама рожа1.

Ру́жа2 ’суша’ (Касп.). Паводле Анікіна, роднаснымі да гэтага слова з’яўляюцца рус. ру́жа ’сухое галлё, галіна высахлага дрэва’, ружь ’знешнасць; вобраз; выгляд; аблічча’, ру́жа ’прасвет; вонкавы бок’, славен. rȗž ’шалупінне; стручок’, rúžiti ’чысціць; абіраць, здымаць шалупінне; лушчыць’. Прасл. *ruža < з (< *rugja) ’суша, сцягнутая тугая, моцная, цвёрдая зямля’ < і.-е. *reu‑g‑ ’рваць, драць, цягнуць’. З індаеўрапейскіх паралеляў прыводзяцца літ. ráugti ’квасіць’, лат. raûgt ’заквашваць’, raûdzêt ’квасіць’, літ. ráugas ’закваска’, лат. raûgs ’тс’, прус. raugus ’кіндзюк’, літ. rū́gti ’кіснуць’, лат. rûgt ’брадзіць’ і інш. Прычым значэнне ’кіслы’ асэнсоўваецца, з аднаго боку, як ’які сцягвае, зводзіць рот (непрыемным смакам)’, параўн. лат. tik skābs, ka savęlk muti ’такі кіслы, што зводзіць рот’, savìlktiês ’збягацца, скісаць’, грэч. στύφω ’сцягваць; мець даўкі смак’. З іншага боку, ’кіслы’ асэнсоўваюць як ’які сцягнуўся; які загусцеў’, параўн. ст.-ісл. þēttr ’густы’, ісл. þētti ’кіслае малако’, сяр.-ісл. tēcht ’кіслы’ — усе яны з і.-е. *ten‑k‑ ’збягацца, скісаць’. Такім чынам, значэнне ’суша’ матывуецца тым, што суша часта называецца па прыкмеце ’цвёрды; моцны’ (у адрозненне ад балота), параўн. ням. Festland ’мацярык, кантынент, суша’ з festes Land ’цвёрдая зямля’. (Анікін, Этимология–1982, 70–78). Гл. таксама Макоўскі, Мир сл. и знач., 104 (дапускаецца сувязь з літ. reñgti ’рыхтаваць, уладкоўваць’).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Со́йка1 ‘лясная птушка Carrubis glandarius L.’ (ТСБМ, Ласт., Байк. і Некр., Касп., Сцяшк., ТС, Пятк. 2), со́я ‘тс’ (Нас., Меер Крыч., Маш., Пятк. 2). Укр., рус. со́я, со́йка, ярасл. со́йга, ст.-рус. соя, польск. soja, sójka, в.-луж. soja, чэш., славац. sojka, серб.-харв. со̑јка, славен. sȏjka ‘від галкі’, балг. со́йка, макед. сојка. Прасл. *soja, *sojьka. Лічыцца роднасным *sьjati (гл. сіяць) і (з чаргаваннем галосных) ц.-слав. присое ‘асветленае месца’; гл. Міклашыч, 313; Брукнер, 506; Фасмер, 3, 731; Булахоўскі, ИАН ОЛЯ, 7, 120; Шустар-Шэўц, 1331. Паводле іншай версіі, *soja роднаснае грэч. κισοα, ст.-в.-ням. hëhara, ст.-англ. hrāgra, корань якіх Махэк₂ (566) лічыць няясным; магчыма, гэта гукапераймальныя назвы. Фасмер і Булахоўскі (тамсама) мяркуюць, што птушка ў славянскіх мовах названая па яркім апярэнні, а не па крыку, які перадаецца як rätsch, rää, krää, kää (Брэм.). Гл. яшчэ Сной₁, 591; ЕСУМ, 5, 344; паводле Борыся (567–568), гэта аддзеяслоўны наз. ад прасл. *sьjati ‘сіяць’ < і.-е. *skəi̯‑/*skʼi‑ ‘мігцець; мяняцца’.

Со́йка2 ‘сайка, булка з салодкага цеста’ (Мат. Гом.), ‘прадаўгаватая галушка з талакнянага цеста або з тоўчанай бульбы’ (лудз., в.-дзв., Сл. ПЗБ; ЛА, 4). Ведаць, з са́йка (гл.); ‑о‑, магчыма, вынік гіперкарэктнасці. Назва галушкі паводле формы.

Со́йка3 ‘лядзяш, што звісае са страхі’ (віц., Нар. сл.). Няясна. Магчыма, тое ж, што і сойка1, г. зн. што-небудзь ззяючае, бліскучае.

Со́йка4 ‘след ад рога на скуры жывёліны’ (Сцяшк. Сл., ЛА, 1). Рус. сіб. со́йка ‘спіца для чысткі люлькі; малады рог аленя, лося яшчэ без лапат і сучкоў’ выпадковае супадзенне, таму што, паводле Анікіна (500), запазычаны з бурац.соёо(н) < hoëo ‘ікол, іклы’ ці манг. соё(н) ‘тс’. Няясна; магчыма, этымалагічна тое ж, што і сойка1 (гл.), г. зн. ‘тое, што выдзяляецца, блішчыць на скуры’.

Со́йка5 ‘песня валачобнікаў хлопцам у велікодныя дні’ (Скарбы). Відаць, ад слоў песні пра сойку (гл. сойка1), параўн. канапелька ‘песня дзяўчатам, якую спяваюць валачобнікі ў велікодныя дні’, спеваць кота ‘спяваць калыханку’ (ТС) і пад.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)