*Растаба́рваць, ростаба́рваць ’весці пустыя размовы, доўга разважаць’ (ТС). Да незафіксаванага, але цалакам верагоднага *таба́рыць, калі ўзяць пад увагу рус. ніжагар. таба́рить пры рус. літар. і дыял. растаба́ривать, растаба́рывать, растаба́ровать ’размаўляць; балбатаць; жартаваць; выхваляцца’. Бяспрэфіксны дзеяслоў Фасмер (4, 6) схільны звязваць са ст.-яўр. dibbēr ’гаварыць’ і dāꞵār ’слова, вестка’, адкуль яўр.-ням. dibbern, döbern ’гаварыць’ (там жа, 3, 434), што, зразумела, вельмі няпэўна. Трубачоў (там жа) прапанаваў бачыць тут прэфіксальныя вытворныя ад асновы бар‑, рыфмаванага варыянта тар‑, параўн. тарыбары (гл.). Гл. таксама раздабарваць.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ро́жан ’ражон’ (ветк., Мат. Гом.). Да ражон (гл.). Націск на ро́, магчыма, пад уплывам паўн.-рус. мовы старавераў. Параўн. арханг. ро́жен ’адзін з кіёчкаў у прыстасаванні для сушэння траскі’, алан. ро́жень ’палка, на якую насаджваецца рыбалоўная сетка’, валаг. ’завостраны калок, вожаг, якім перамешваюць галавешкі, жар у печы асеці’. Сюды ж рожно́ ’драўляны пруцік, на якім смажаць сала на агні’ (Сл. Брэс.; мазыр., З нар. сл.), ро́жны ’качарэжнік’ (ЛА, 4), ро́жны ’вілкі, якімі ставяць у печ і дастаюць з печы чыгуны’ (Сл. Брэс.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Румя́нак ’адзін з відаў рамонку, які выкарыстоўваецца як лекі; лекавы настой на кветках гэтага рамонку’ (Сл. ПЗБ, Сл. рэг. лекс., Касп.), румя́нок ’рамонак’ (ТС), румя́нок, руме́нок ’тс’ (Сл. Брэс.). Польск. rumianek ’рамонак, рамон, расліна Matricaria chamomilla’, параўн. таксама чэш. rmen, rmenek, heřmánek, славац. rumanček, harmanček, славен. rmȃn. У ст.-польск. з XV ст. rumienek/rumionek і rumien/rumion/romien ’тс’, ’пупок, Anthemis’, у XVI ст. rumienek. У польскую мову запазычана з чэшскай са зменамі пад уплывам прыметніка rumiany (Борысь, 527). Гл. рамонак.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Смо́чка ‘асака балотная, Carex acutiformis Ehrh.’ (Шат.), смоч, смо́чка, сма́чаль ‘расліна падвей’ (бярэз., Сл. ПЗБ), смоч ‘тс’ (пух., Жыв. сл.), смыч, смы́чаль ‘від асакі’ (Жыв. сл.), смы́чка ‘падвей’ (Жыв. сл.), сму́чай ‘тс’ (лельч., Жыв. сл.), сму́чай ‘ранняя асака на мокрых месцах’ (ТС). Цыхун (вусн. паведамл.) адносіць да смыкаць (гл.) (дзеці смыкаюць гэтыя расліны, каб дастаць салодкае карэнне). Тады першасная форма з ‑ы‑ ў корані, а ‑о‑, відаць, пад уплывам смактаць. Варыянты з ‑у‑ каранёвым паходзяць з палескіх гаворак, дзе ы > у.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Смыза́ ‘імжа’ (ашм., Сл. ПЗБ), ‘мноства, цьма машкары’ (ашм., ЛА, 5). Параўн. укр. смиз ‘увярэднік, Pedicularis L.’, што дазваляе суаднесці з хмыз (хміз) ‘сухія сцяблі хмелю’, хмыза́ (хмуза́) ‘гушчар, хмызняк’ (ТС), якія ўзводзяцца да *smyzъ < і.-е. *smū‑gʼ/*smeu‑gʼ, параўн. ням. Schmauch ‘густы дым’, англ. smoke ‘дым’. Пра суадноснасць значэнняў ‘дым, туман’ — ‘зараслі’ гл. ЭССЯ, 8, 46. Значэнне ‘машкара’ развілося, магчыма, пад уплывам *gъmyzъ, параўн. гмыз ‘насякомыя’ (Ласт.), падрабязней пра яго гл. Пацюпа, Arche, 2007, 3, 207–208.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Спару́да ‘пабудова; гмах будынка’ (Беларусіка, 19, 225). З укр. спору́да ‘будыніна’, ад спору́дити ‘збудаваць, узнесці’, што да прасл. дыял. *vъz‑po‑rǫditi, якое чаргуецца з *vъz‑po‑ręditi, параўн. рус. соорудить ‘тс’ (ЕСУМ, 5, 381). У сувязі з гэтым, застаюцца сумненні адносна балтыйскага паходжання ўсх.-слав. аруд (гл.), ст.-бел. орудъ ‘засек’, выказаныя Супруном (ЭСБМ, 1, 152), на фоне ст.-рус. орудница ‘кладоўка зброі’, укр. дыял. оруда ‘праца’ і пад., на якім настойвае Анікін, Опыт, 90. Параўн. таксама рад1.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Сіня́ўка ‘маленькая рыбка’ (ПСл), ‘агульная назва рыб цёмнага ці стракатага колеру або маючых цёмную спінку, напрыклад, гальяна, Phoxims phoxims L.’ (Жук., Жукаў), ‘шчупак’ (Крыв., Янк. 2), ‘быстранка’ (Жук., Гіл., Жыв. св.), ‘верхаводка’ (Жыв. св., Сл. ПЗБ). Відавочна, ад сіні (гл.), параўн. сіня́вы ‘сіняваты’ (Нас., Байк. і Некр., Растарг.), сярод значэнняў якога прысутнічае і ‘шэра-папялісты’. Але сіня́ўка як назва верхаводкі і падобнай да яе быстранкі можа быць і пераўтварэннем з селя́ўкі, сіля́ўкі (гл. сялява) пад уплывам сіні. Гл. таксама сінь і аднакаранёвыя.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

*Тара́скацца, параўн. прыставачныя ўтварэнні оттара́скатысь ’адвязацца, адчапіцца’ (Клім.), отара́скатыса (otarʼaskatysa) без указання семантыкі (зах.-палес., Арх. Вяр.), відаць, суадносныя з караскацца ’лезці ўгору, чапляцца’ (гл.) без пэўнай этымалогіі і надзейных адпаведнікаў. Магчыма, роднаснае рус. дыял. тара́щиться ’ўпірацца, супраціўляцца’, ’лезці кудысьці і па штосьці’, ’вылупляць (вочы)’ (гл. тарашчыць), чэш. дыял. trškať ’палоць’, otrškať (ofce) ’абстрыгчы’ (авечку) і пад., якія Варбат (Этимология–1971, 14) узводзіць да прасл. *torščiti, *trskati < *ter‑ ’драць’ з пашырэннем sk, параўн. літ. taršyti ’скубаць, драць, калашмаціць’, якое дакладна адпавядае *toršiti ’тс’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ташчы́ма ’без паклажы’ (паст., Сл. ПЗБ), сюды ж ташчы́мны ’нішчымны, посны’ (шчуч., Сл. ПЗБ), ташчы́мніца ’нішчымніца’ (Сцяшк. Сл.). Прыслоўе, утворанае з суф. ‑ма ад тошчы ’пусты’ (гл.) па тыпу куды́ма, туды́ма (адносна такіх утварэнняў гл. Карскі 2–3, 67), магчыма, пад уплывам тэрытарыяльна блізкіх і роднасных літ. tuščióm, tuščiomìs ’паражняком, з пустымі рукамі, ні з чым’, tuštỹmė ’пустое месца’. Параўн. нішчымны (гл.), для якога ў якасці этымона побач з прапанаваным спалучэннем ні з чым можна дапусціць ні́шчы ’бедны’ (гл. нішчаць).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Тра́пачнік ’палавік, сатканы з рыззя’ (мерак., Ск. нар. мовы), ’коўдра, дыван, вытканыя з анучаў’ (рэч., ЛА, 4), тра́пашнік, тра́пашніца, тряпы́шніца ’тс’ (ЛА, 4), трыпча́нка ’тс’ (барыс., ЛА, 4). Семантычная кандэнсацыя словазлучэнняў з азначэннем тра́пачны (тра́пашны, тра́пачаны і пад.) з назоўнікамі дыван, коўдра; сюды ж тра́пашнік ’анучнік’ (талач., Шатал.; Мат. Маг.; рагач., Сл. ПЗБ; рас., ЛА, 5), тря́пашнік ’тс’ (Мат. Гом.), тря́пышнік ’тс’ (Юрч.), тра́пышнік ’тс’ (Яўс.), тря́пушнік ’тс’ (Бяльк.), трапе́шнік ’тс’ (талач., Шатал.), тра́пнік ’тс’ (лун., Шатал.) з адпаведнага словазлучэння. Да трапка, гл.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)