Пяры́ла1 (перы́ло) ’аер, плюшнік’ (мазыр., Жыв. сл.), сюды ж, відаць, пяры́льцы ’хваснік, Hippuris’ (Кіс.). Параўн. укр. пери́ла, пери́ля ’расліна Perilla’, рус. пери́лла ’тс’, чэш. perilla ’тс’. Фармальная тоеснасць назваў дазваляе дапусціць перанос лацінскай назвы на іншыя расліны, магчыма, з-за знешняга падабенства: новалац. perilla узыходзіць да pira ’груша’ (плод-арэшак прыпамінае плод грушы), параўн. ЕСУМ, 4, 348. Больш верагодна да пяро́ ’доўгі ліст’ (гл.), параўн. перо́ ’перыстая трава’: накосіў колеснік сена, одно перо (ТС).

Пяры́ла2 ’прыстаронак’ (палес., Бел.-укр. ізал.), параўн. укр. бойк. пери́ло ’адгародка ў хляве для сена, саломы, збожжа’. Відаць, да пе́рыць ’біць’, параўн. перабо́йка ’перагародка’, перабі́ць ’адгарадзіць’ (гл.), польск. przepierzenie ’лёгкая перагародка’ ад przepierzyć ’перагарадзіць, раздзяліць’, паводле Банькоўскага (2, 887), з не зусім празрыстай семантыкай (< польск. pierzyć ’аздабляць пер’ем’).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Саба́чы, прым. ад сабака1; часта як састаўная частка назваў некаторых раслін і грыбоў: саба́ччая мята ’мята палявая’ (Шат.), саба́ча, саба́чая, саба́ччая, саба́чча мята, соба́ча мнята ’мята вадзяная і палявая’ (Сл. ПЗБ), саба́ча мята ’мята перцавая’ (Жыв. сл.), саба́чы рамон ’рамонак’ (Бяльк.), саба́чы рамонак, саба́чы румянак ’тс’ (Сл. ПЗБ), саба́чча мыла ’вятроўнік вязалісты’ (Жыв. сл.), саба́чы баравік ’воўчы грыб’ (Сл. ПЗБ), саба́чыя грыбы ’неядомыя грыбы’ (Сцяшк. Сл., Жыв. сл.), саба́чы грыбок ’від грыба’ (Байк. і Некр.). Як заўважае Мяркулава (Очерки, 89), назвы такога тыпу існуюць у большасці індаеўрапейскіх моў. Значэнне прыметніка, утворанага ад назваў жывёл і птушак, звычайна выпустошана; ён указвае толькі на неядомасць або непрыдатнасць для чалавека гэтай расліны. Пра сінанімію сабачывоўчы гл. Жураўлёў, Язык и миф, 378–380.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Сасо́ннік ’сон-трава Anemone pulsatilla L.’ (Шат.), сасну́лькі ’сон’ (астрав., Сл. ПЗБ). Польск. sasanka, sesenki, чэш. sasanka, серб.-харв. sása ’тс’, балг. сасан ’Hepatica triloba’, сасанка ’тс’, дыял. таксама сасенка; сюды ж, магчыма, і рус. сазончики ’Anemone pulsatilla L.’ і самсонички ’Pulsatilla pratens Mill.’ Неяснае слова. Дурыданаў (Зб. Лер-Сплавінскаму, 81 і наст.) мяркуе, што славянскія словы — гэта запазычанне са ст.-грэч. σουσον ’лілея’, якое на славянскай глебе падверглася розным пераўтварэнням і ўплыву народнай этымалогіі, якая звязала назву гэтай расліны з сон (гл. сон-трава). Грэч. слова Дурыданаў звязвае з ст.-егіпец. s‑š‑n ’лотас’, копц. šošen ’лілея’, ст.-яўр. šošan, араб. susan ’лілея’, пярс. susän ’лілея, касач’, тат. susan ’касач’. Для беларускага слова магчыма польскае пасрэдніцтва. Гл. яшчэ Махэк₂, 537–538, выклад гіпотэзы Дурыданава.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Свентая́нскае зелле ‘святаяннік звычайны, Hypericum perforatum L.’ (Нас.; гродз., брэсц., мін., Кіс.; Нас., Дэмб. 1, Сл. ПЗБ, Жд., Сержп. Прымхі). З польск. świętojanskie źiele ‘тс’. Параўн. укр. сьвятояньске зілля ‘тс’, ст.-чэш. Svatého Jana korenie ‘тс’, Sv. Jana bylina ‘чарнабыльнік’, серб.-харв. трава светог Ивана ‘святаяннік’, ‘расліна Salvia sclarea L.’. Як піша Растафінскі (гл. Махэк, Jména, 148–149), зверабой называецца святаяннікам таму, што цвіце каля свята св. Івана. Махэк (там жа), улічваючы, што гэтая назва аб’ядноўвае розныя лекавыя расліны, мяркуе, што вытокі намінацыі трэба шукаць у павер’і аб неабходнасці капаць іх у ноч пад Івана Купалу. Не выключае ён і магчымасці нямецкага паходжання, г. зн. калькі ням. Sankt Johanneskraut ‘святаяннік’, літаральна ‘трава святога Яна’, параўн. Ян, Ян‑зе́лля ‘тс’ (віл., воран., мядз., ЛА, 1). Гл. святаяннік.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Смя́га ‘сухасць на губах’, ‘смага’ (Нас., Касп.), ‘млявасць, млосць’ (Ласт.), смя́гнуць ‘запякацца, засыхаць ад гарачыні’ (ТСБМ, Байк. і Некр., Нас., Касп.), ‘смажыцца ў зачыненым посудзе’ (Касп.), ‘вянуць’ (Гарэц.), ‘пячыся на сонцы, адчуваць прагу да вады, быць мляўкім’ (Варл.), смя́глы ‘засохлы ад гарачыні’ (ТСБМ, Байк. і Некр., Сл. ПЗБ), смя́гці, смя́хці ‘сохнуць (па кім-небудзь)’ (віл., Сл. ПЗБ). Рус. дыял. смя́гнуть, пересмя́гнуть ‘перасохнуть (аб губах), патрэскацца’: смя́га во рту, стараж.-рус. прѣсмѧгнути ‘высахнуць, запячыся’, чэш. osmahlý ‘загарэлы’, славац. zusmehlý, славен. prismegniti ‘пасохнуць (пра расліны)’. У рускай таксама формы з ‑к‑: пересмя́клый, пересмякло во рту. Зыходнае *smęgnoti — вынік назалізацыі каранёвага галоснага, прадстаўленага ў *smog‑, гл. смаголь (Куркіна, Диал. структура, 73). Паводле Махэка (гл. Фасмер, 3, 695), гэта экспрэсіўная палаталізацыя зыходнага смага (гл.) або яго кантамінацыя з *mekъkъ (гл. мяккі).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Стаўбу́р ‘высокі конусападобны прадмет з круглым верхам; ствол дрэва, слуп дыму і пад.’ (ТСБМ), ‘кветаноснае сцябло’, ‘зламанае бурай дрэва’ (Ласт.; віл., паст., шальч., Сл. ПЗБ). Параўн. укр. стовбу́р ‘ствол, стрыжань расліны’. Відаць, таго ж паходжання, што і стаўбун (гл.), але з суф. ‑ур, аб якім гл. Слаўскі, SP, 2, 26; суадноснае з славен. stebër ‘калона’, харв. stàbar ‘дрэва, сцябло’, на аснове якіх ўзнаўляецца прасл. *stъbъrъ з галоснымі ў ступені рэдукцыі, гл. Бязлай, 3, 314. Роднаснае літ. stuobrỹs, stũbures, stùburas ‘сцябло; шасток’, лат. stubure ‘пень; сцябло’; апошнія хутчэй садзейнічалі захаванню слова, чым былі крыніцай для яго запазычання. Німчук (Давньорус., 244) мяркуе пра кантамінацыю стараж.-рус. стоборъ < зборн. стобориѥ ‘шэраг слупоў’ (< *stъbъrъ або *stoborъ) з стовп (< *stъlъpъ, гл. стоўб). Гл. яшчэ Фасмер, 3, 762; ЕСУМ, 5, 422.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Сухо́тнік ’сушаніца, Gnaphalium L.’ (Ласт., Кіс., Сцяшк., Сл. Брэс.), ’кмен, Helichrysum L.’ (Расл. св., Сл. ПЗБ), сухо́тнік лесавы ’крынічнік лекавы, Veronica officinalis L.’ (Ласт., Кіс.), сухо́тнік ’старасцень якава, Senecio jakobaea L.’ (Кіс.), ’агаткі, Antennaria dioica L.’ (паўн.-зах., ЛА, 1), сухо́тнык ’старасцень’ (Сл. Брэс.), сухо́тнік ’цыкорыя звычайная, Cichorium inthybus L.’ (Бейл.), сахо́тнік ’старасцень вясенні, Senecio vernalis W. et K.’ (Кіс.). Параўн. укр. сухі́тник ’расліна для лячэння ад сухотаў’, ’сушаніца, крынічнік і інш. расліны’, польск. suchotnik ’кмен’. Вытворныя ад сухота, сухоты (гл.) у розных значэннях, якія наклаліся адно на адно, параўн. амонім сухо́тнік ’хворы на сухоты’ (Некр. і Байк., Бяльк., Сл. ПЗБ), у сувязі з чым спробы размежаваць назвы раслін лекавых і нялекавых (параўн. ЕСУМ, 5, 488) не пераконваюць. Параўн. сухоткі, гл.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Тата́рнік ’аер, Acorus calamus L.’ (лельч., Жыв. сл.; Бейл., ТС, ПСл; стол., лельч., ельск., ЛА, 1), ’расліна Onopordon L.’ (Кіс.). Укр. тата́р ’аер звычайны, Acorus calamus L.’, дыял. татара́к, тата́рка ’тс’, польск. tatarak, tatarnik ’тс’, дыял. tatar ’тс’, чэш. tatarak ’тс’. Ад этноніма тата́рын, тата́ры, гл. Найбольш распаўсюджанае меркаванне пра паходжанне слова: расліна аер завезена татарамі (ЕСУМ, 5, 527; Жаримбеков, РР, 1975, 3, 107–111; Пастусяк, Pogranicze, 317), што не зусім адпавядае рэальнасці, паколькі расліна calamus у тым жа значэнні згадваецца яшчэ ў Плінія і Катона (234–149 г. да н. э.), гл. Ванякова, Studia Etym. Brun. 6, 404. Хутчэй прывязка да этноніма ў пераносным значэнні ’не свой, чужы’ тлумачыцца рэзкім пахам расліны, параўн. укр. жидівські лепехи ’аер’ аналагічна да тата́рське зі́лля, польск. tatarskie ziele ’тс’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

вышыня́, ‑і; мн. вышыні, вышынь і вышыняў; ж.

1. Адлегласць ад асновы да вяршыні. Вышыня вежы. Вышыня паверха дома. □ Насып каля моста меў пяціметровую вышыню. Шамякін. // Адлегласць ад зямлі ўверх да чаго‑н. Вышыня палёту. Вышыня зрэзу расліны. □ На вышыні больш чым тысячы метраў бліснулі ў ранішнім сонцы.. самалёты. Лынькоў.

2. Высокая прастора над зямлёй. Завоблачная вышыня. □ Луналі чайкі ў сінім паднябессі І крыкам нас віталі з вышыні. Аўрамчык.

3. Узвышша, пагорак. Заняць вышыню. □ На безыменнай вышыні Зноў разгарэўся бой. Танк.

4. Велічыня, памер, узровень чаго‑н. Вышыня ціску паветра. Вышыня голасу.

5. Перпендыкуляр, апушчаны з вяршыні фігуры на яе аснову. Вышыня трохвугольніка, трапецыі.

6. Вугал стаяння свяціла над гарызонтам.

•••

Быць на вышыні гл. быць.

З вышыні птушынага палёту — з вышыні, на якую падымаюцца птушкі.

Узняць на належную вышыню гл. узняць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

лапа́тка, ‑і, ДМ ‑тцы; Р мн. ‑так; ж.

1. Памянш. да лапата; невялікая лапата. Трымаючы ў руках лапатку са збожжам, [Васіль] .. азірнуўся. Мележ. Яшчэ выняць некалькі лапатак зямлі — і залатая шабля апынецца ў іхніх руках. Лынькоў.

2. Тое, што і лопасць (у 2 знач.). Лапаткі турбіны.

3. Плоская шырокая косць трохвугольнай формы ў складзе плечавога пояса чалавека і хрыбетных жывёл. Андрэй і Гарась ляжалі на жыватах, падпёршы галовы рукамі, і ў абодвух вытыркаліся лапаткі. Каваль. Вось-вось гатоў .. [Чоран] збіць Лысага і распісаць яму рогам бок каля .. лапаткі. Колас. // Плечавая частка мясной тушы. Лапатка бараніны.

4. Плоскі няспелы стручок гароху ці другой бабовай расліны.

•••

Ва ўсе лапаткі — вельмі хутка, з усіх сіл (бегчы, ехаць, ляцець і г. д.). Лот між тым ва ўсе лапаткі Прэ, адно мільгаюць пяткі. Крапіва.

Класці на абедзве лапаткі гл. класці.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)