сто́йка 1, ‑і, ДМ стойцы; Р мн. стоек; ж.

1. У гімнастыцы і ў страі — пастава цела чалавека, пры якой корпус нерухомы і прамы, рукі апушчаны і прыціснуты да бакоў, ногі выпрастаны і пастаўлены разам. // Наогул пра пэўную характэрную паставу. На явары трашчыць спрасонку бусел, Зрабіўшы стойку на адной назе. Прануза.

2. У гімнастыцы — пастава цела галавой уніз, пры якой апорай з’яўляюцца рукі або галава, а ногі падняты ўверх. Стойка на руках. Стойка па галаве.

3. Нерухомая поза паляўнічага сабакі, калі ён напаткаў дзічыну. Пачуўшы ў верасе дзічыну,.. [Мілька] зноў зрабіла стойку. Паляўнічы наблізіўся да сабакі. Гамолка.

•••

Стойка смірна (спец.) — тое, што і стойка (у 1 знач.). [Мужчына] зрабіў чоткі крок уперад, замёр у стойцы «смірна». «Звязда».

сто́йка 2, ‑і, ДМ стойцы; Р мн. стоек; ж.

1. Вертыкальны брус, які служыць апорай для чаго‑н. у якім‑н. збудаванні. Столь над нізкім вугальным забоем Падпірае стойка не адна. Аўрамчык. — Бачыце? — паказаў ён Люсі і Гошку свае валасатыя рукі. — Імі Амархан стойкі стаўляў у шахтах Караганды. Даніленка. // Спец. Вертыкальная частка машыннай станіны. Стойка такарнага станка. // Прыстасаванне для падтрымання і захавання якіх‑н. прадметаў. Стойка для прабірак.

2. Род вузкага прадаўгаватага стала для працы, расстаноўкі чаго‑н. За стойкай касы сядзела прыгожая чарнявая дзяўчына. Новікаў. Плакс з-за свае стойкі, якая падобна да прафесарскае кафедры, сустракае .. [Веру], як зазвычай, стэрэатыпным запытаннем: — Цытраваніліну ці пірамідону? Зарэцкі.

3. Прылавак у сталовых, рэстаранах, буфетах, дзе прадаецца віно, закуска. Толькі мы адплылі, як да буфетнай стойкі падышоў пахмурны, нечым нездаволены пасажыр. В. Вольскі.

4. Прыстасаванне ў выглядзе табурэткі з прарэзанай у верхняй дошцы круглай дзіркай, у якую ставяць дзіця, каб прывучыць яго стаяць на нагах. Адна пацеха — Любачка шчабятала .. [Жэні з мамай] свае «ня-ня-ня!» ды ўсміхалася, стоячы на лаве ў стойцы. Брыль. [Мачыха:] — Ты б, Васіль, стойку дзіцяці зрабіў, няхай падвучваецца стаяць і хадзіць. Не век жа яму седуном сядзець. Сабаленка.

5. Стаячы каўнерык у выглядзе палоскі, якая цесна аблягае шыю.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

до́шка, ‑і, ДМ ‑шцы; Р мн. ‑шак; ж.

1. Плоскі, адносна шырокі і нятоўсты кавалак дрэва, выпілаваны або вычасаны з бервяна. Напілаваць дошак. Сасновая дошка. Замяніць дошкі ў падлозе. □ Станкі былі шчыльна адгароджаны адзін ад аднаго габляванымі дошкамі. Паслядовіч.

2. Школьная прылада, на якой пішуць мелам. Выклікаць вучня да дошкі. Запісаць сказ на дошцы.

3. Прыстасаванне для чаго‑н. у выглядзе пліты, пласціны. Грыфельная дошка. Дошка для аб’яў. Чарцёжная дошка. Шахматная дошка.

•••

Дошка гонару — дошка з прозвішчамі і фатаграфіямі перадавікоў вытворчасці.

Мемарыяльная дошка — дошка, якая служыць для увекавечання памяці аб якой‑н. асобе або падзеі.

Чорная дошка — дошка з прозвішчамі адсталых у рабоце або вінаватых у чым‑н.

Чырвоная дошка — тое, што і дошка гонару.

Ад дошкі да дошкі — ад пачатку да канца, усё, нічога не прапускаючы (прачытаць і пад.).

Разбіцца ў дошку гл. разбіцца.

Свой у дошку гл. свой.

Ставіць на адну дошку гл. ставіць.

Як дошка — пра вельмі худога чалавека.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

каро́бка, ‑і, ДМ ‑бцы; Р мн. ‑бак; ж.

1. Невялікая скрынка з кардону, дрэва, бляхі і пад., звычайна з вечкам. Папяросная каробка. □ [Сакратар абкома] адчыніў чырвоную каробку і сам прыкалоў залатую зорку. Васілевіч. [Дубаў] выцягнуў з каробкі ляльку і пасадзіў яе на калені таварышу. Гарбук. // Такая скрынка з якім‑н. таварам, наборам якіх‑н. прадметаў. Каробка цукерак. Каробка папярос. Каробка каляровых алоўкаў. // Пасудзіна рознай формы і рознага прызначэння, сплеценая з лазы, саломы і інш. Паны складаюць чамаданы, Лубкі-каробкі, дзе схаваны Паненак розныя прыпасы Для завівання, для падкрасы. Колас. Малеча і старыя.. снавалі па лесе з лазовымі каробкамі і кошыкамі. Мележ.

2. Каркас будынка. Злева і справа чарнелі папялішчы, пахіленыя і закурадымленыя каробкі, абгарэлыя дрэвы. Сіўцоў. Стаялі толькі мураваныя каробкі, апавітыя рыштаваннямі, невялікі драўляны дамок, здалёк падобны на кузню. Кулакоўскі.

3. Футляр для якога‑н. механізма. Каробка компаса. Каробка радыёпрыёмніка.

•••

Каробка скорасцей; каробка перадач — у розных машынах: механізм для змены скорасці і напрамку руху.

Магазінная каробкапрыстасаванне ў агнястрэльнай зброі, дзе змяшчаюцца патроны.

Чарапная каробка — тое, што і чэрап.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пас 1, ‑а, м.

1. Прыстасаванне для прывядзення ў рух якой‑н. машыны, механізма. Малатарня ўжо стаяла напагатове, злучаная пасам з Ладуцькавым трактарам «Беларусь». Хадкевіч. Глуха застукала турбіна, ляснуў пас, тонка заспяваў ненагружаны генератар. Шамякін.

2. Тое, што і пояс (у 1 знач.), пасак. Твар сур’ёзны ў селяніна, Важны, задуменны, Ходзіць, рукі залажыўшы За той пас раменны. Колас. // Паласа. Пас мёртвага святла ляжыць на канапе, на стале, ручніком спадае на падлогу. Мележ. Кудысьці ўдаль рассцілаецца жаўтаваты пас гладкай, нібы ток, дарогі. Бядуля.

пас 2, ‑а, м.

Перадача мяча, шайбы і пад. каму‑н. з ігракоў сваёй каманды ў спартыўнай гульні. Дакладны пас.

[Ад англ. pass — перадаваць.]

пас 3, выкл.

1. Пры гульні ў карты — вокліч аб адказе ўдзельнічаць у розыгрышы да наступнай раздачы карт.

2. перан.; у знач. вык. Разм. Няма сіл, магчымасцей; вымушаны адмовіцца што‑н. рабіць (зрабіць). Аматар траскатні з трыбуны ўзнімае «шквал» Пра статыстычны «вал», Як аб прагрэсе, дасягненні веку... А што дае канкрэтнаму ён чалавеку, Як паляпшае дабрабыт ён мас — Аратар «пас». Валасевіч.

[Ад фр. (je) passe — прапускаю, не гуляю.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ра́мка, ‑і, ДМ ‑мцы; Р мн. ‑мак; ж.

1. Невялікая рама (у 2 знач.). Партрэт жонкі Івана Ігнатавіча вісеў, нібы абраз, у чырвоным куце хаты, у рамцы пад шклом. Хомчанка. // Графічнае абрамленне тэксту, малюнка. Арнаментальная рамка. Жалобная рамка. // Пра тое, што з’яўляецца абрамленнем чаго‑н. Здалёк матава-срэбным люстрам у цёмна-кучаравых, мазаічных рамках блішчыць рака. Нікановіч.

2. толькі мн. (ра́мкі, ‑мак); перан. Межы, у якіх павінна адбывацца, адбываецца што‑н. Жыццё ў ранейшых, дзедаўскіх, рамках здавалася цесным і сумным. Ракітны. Праўда, медыцынская практыка ва ўмовах партызанскага жыцця шмат чаму навучыла.. [Коўбеца], стала больш разнастайнай, выйшла з рамак ранейшай спецыяльнасці. М. Ткачоў. У рамках культурнай праграмы перад удзельнікамі свята выступілі творчыя калектывы, артысты і спартсмены. «Звязда».

3. Тое, што і рама (у 4 знач.). [Міхалка] адчыніў стрэшку вулля, рассунуў рамкі, каб быў вольны праход пчолам. Якімовіч.

4. Тэхнічнае прыстасаванне, знешне падобнае на невялікую раму (у 2 знач.). Прыцэльная рамка кулямёта.

•••

Выйсці за рамкі гл. выйсці.

Выйсці з рамак гл. выйсці.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

шлем, ‑а, м.

1. Старажытны металічны галаўны ўбор воінаў, які ахоўваў галаву ад пашкоджанняў і ўдараў халоднай зброяй. Мячы, сякеры, дубіны воінаў народнай арміі білі па металічных латах і шлемах рыцараў. «Маладосць». Усе [польскія паны] — у капелюшах, у большасці — капелюшы з пушыстымі пер’ямі, як шышакі над шлемамі ў колішніх рыцараў. Пестрак.

2. Галаўны ўбор спецыяльнага пакрою ў воінаў і спартсменаў, які закрывае галаву і шыю. Я глянуў у бок дзвярэй: з двара ў палату віхрам уляцеў высокі шыракаплечы баец у скураным шлеме. Якімовіч. На сваіх санях Елім сядзеў у шынялі і ў вайсковым шлеме з пікаю наверсе. Кулакоўскі.

3. Спецыяльны галаўны ўбор, які ахоўвае галаву ад раненняў, удараў, ціску і пад. Два танкісты ў камбінезонах, без шлемаў, .. грэліся на красавіцкім негарачым сонцы. Мележ. [Англічанін] быў маленькі, галавасты, у коркавым шлеме і кароткіх скураных штоніках. Б. Стральцоў. // Спецыяльнае прыстасаванне, якое аддзяляе чалавека ад навакольнага асяроддзя, забяспечвае наступленне неабходнага для дыхання паветра. Блажэвіч расшпіліў скафандр, адкінуў шлем. Шыцік.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

шы́на, ‑ы, ж.

1. Металічны абруч, нацягнуты на вобад кола, полаза для большай трываласці. — Ого, пры кузні, браце, такі камень надта ж патрэбен — шыны на колы нацягваць. Арочка. Конь тузануўся рыўком: зашаргацелі шыны — сані лёгка пайшлі па лёдзе. Лецка. Лагожы, здаецца, дзяруць снег; цяжкія, з шырокімі новымі палазамі, акутымі яшчэ ўвосень у калгаснай кузні тоўстай іржавай шынай. Пташнікаў.

2. Суцэльная гумавая пакрышка, абалонка з напоўненай паветрам гумавай камерай, якія надзяваюцца на вобад кола для паляпшэння руху, павелічэння амартызацыі. Гумавыя шыны лёгка скакалі па карэннях, і на гэтыя частыя штуршкі ледзь чутна адклікаўся званок. Кулакоўскі. У далёкія рэйсы шафёры пускаліся неахвотна — шыны былі слабыя, маторы працавалі з перабоямі, як сэрца ў хворага чалавека. Шахавец.

3. Спец. Прыстасаванне ў выглядзе некалькіх дошчачак і бінтоў або жгутоў для накладвання павязкі, якая забяспечвае нерухомасць пашкоджаных частак цела. Правая нага.. [японца], узятая ў шыны, была падваокана і выцягнута над ложкам. Лынькоў.

4. У электратэхніцы — медны, алюмініевы або стальны праваднік (прамавугольнага ці круглага сячэння), які выкарыстоўваецца для вялікіх токаў.

[Ням. Schiene.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Лапа́тачка ’прылада для веяння збожжа’ (Бяльк.), ’мешалка’ (ваўк., Сл. паўн.-зах.), ’струк бабовых культур, калі ў ім толькі завязваюцца зярняты’ (Інстр. 2, Мат. Маг., Сцяшк., Мат. Гом.), навагр. лапато́чка ’тс’ (З нар. сл.), ’дэталь калаўрота, якая круціць кола ў ім’ (шальч., Сл. паўн.-зах.), лапа́тка, лопа́тка ’язычок у клямцы’ (Шушк., ТС), ’прылада для капання зямлі’ (Бір., ТС), ’прылада для ачысткі зерня’ (Мат. Маг., ТС), ’лапатка (цела), пярэдняя частка тушы жывёлы’ (ТСБМ, Бес., Вешт., Нас., Касп., Мат. Маг., Шат., Бір., Сл. паўн.-зах.), ’пярэдняя нага авечкі’ (Кліх), ’брыль у шапцы, кепцы’ (Тарн.; чырвонаслаб., З нар. сл.), ’плоскі, няспелы стручок бабовых’ (ТСБМ, ТС; лях., Сл. паўн.-зах.; мядз., Нар. сл.), бярэз. ’мешалка’ (Шатал.), ’лапатка для выраўноўвання саломы ў страсе’ (Шушк.; рас., Шатал., Уладз.), ’лопасць’ (ТСБМ), ’мянташка’ (Мат. Маг.; в.-дзв., Шатал., Тарн., Выг.), ’прыстасаванне ў калаўроце, якое прыводзіць кола ў рух’ (браг., Нар. сл.), бяроз. лопа́тка ’маленькі снапок саломы, які кладуць каласамі ўніз пры пакрыцці страхі’, лопа́ткы ’звязаныя тры снапкі саломы, якімі крыюць страху’ (Шатал.), лапацішча ’дзяржанне ў рыдлёўцы’ (шум., Сл. паўн.-зах.), лапа́тка, лапа́тачка ’чапяла, прылада для вымання скаварады з печы’ (Сцяшк.; астрав., Сл. паўн.-зах.), ’інструмент для ачысткі лемеха ад зямлі’ (Смул.). Да лапа́та (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Астро́ва ’лесвіца пры стойле’, ’нятоўстая елка з сучкамі па 10–15 см даўжынёй’ (Янк. I), астро́ўка ’тс’ (Янк. II), астро́ўка, астро́ўкіпрыстасаванне ў выглядзе піраміды з сукаватых яловых жэрдак і калоў для сушкі сена, вікі, гароху, ільну і г. д.’ (Грынблат, Белор., 110; Касп.; Хрэст. дыял., 22, 30; Інстр. II); паводле ДАБМ, к. 234, пашырана на паўночны ўсход ад лініі Орша–Полацк; астраўё, астравіны (ДАБМ, 789, 790; Малчанава, Мат. культ., 38, фота на стар. 39). Слова са значэннямі, якія можна звесці да ’сукаваты, нятоўсты кавалак дрэва’, сустракаюцца і на іншых тэрыторыях, напр. у Палессі острывэц (стол.), острувля (маларыц.) ’ссечанае маладое дрэва з сукамі, па якому залазяць на дрэва да вулля’ (Анох.). Аналагічныя значэнні маюць словы і ў іншых славянскіх мовах: рус. дыял. остро́вье, о́стровь, острови́на, островник; укр. дыял. острова, острів, островʼяниця, острева, польск. ostrew, ostrewka, чэш. ostrev (малюнак гл. у Махэка), славац. ostrva, славен. ostr̂v(a), серб.-харв. о̏стрва. Не ведаем балг., мак., с.-луж. адпаведнікаў. Ад кораня *ostr‑ (гл. востры) з суфіксальным ‑ъv‑ (параўн. дрэва, плява і пад.); да гэтага кораня слова адносілі Міклашыч, 227; Даль, 1, 706; Брукнер, 386; Скок 2, 575. Па Махэку₂, 420, з *ostrъbъ, што патрабуе ўдакладненняў. Гл. астрога.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

*Раме́за, роме́за ’луска верхняга слоя кары сасны’ (петрык., Шатал.). Параўн. ръмузі́ніна ’вузкая палоска матэрыі’ (міёр., Нар. словатв.) і, гледзячы па ўсім, роднаснае, але семантычна больш далёкае рамізкіпрыстасаванне з нітак або шнурочкаў, цераз якія перацягваюць ніткі асновы’ (Інстр. 2). Блізкая семантыка і наяўнасць рускай дыялектнай (вяц., арханг., уладз.) формы ремезе́нь ’скураны пояс, рамень’ даюць падставы лічыць корань гэтага рэдкага слова роднасным кораню, які вылучаецца ў раме́нь (гл.), г. зн. *rem‑. Фасмер (3, 469) і Чарных (2, 110), паводле Даля (2‑е і 3‑е выд.), звяртаюць увагу і на іншасуфіксальныя формы — рус. дыял. ремо́к, ремьё, ремо́ха, рему́ха, рему́га ’акравак; лахмоцце; рыззё’, да якіх можна дадаць яшчэ шэраг з аналагічнымі ці блізкімі значэннямі: ремо́ния, ремо́ница, рему́зия, рему́зы, рё́муз, рё́мух, ремги́ і г. д., а таксама укр. ра́мʼя ’лахманы; рыззё’. Паводле Куркінай (Этимология–1997–1999, 85), “назва вузкай палоскі скуры, тканіны, зямлі і да т. п. матывавана дзеяслоўнай семантыкай ’ірваць, здзерці’”. Між тым, падобна на тое, што арыгінальнае значэнне лексемы, зусім не абавязкова звязанага з семантычным абагульненнем ’ірваць, здзіраць’, з’яўляецца не менш старажытным, а гэта, у сваю чаргу, дазваляе прапанаваць тэрытарыяльна абмежаваны познепраславянскі дублет *remenь/*remene (< *remy), менавіта *remezъ/*remeza, і таксама з цыркумфлекснай інтанацыяй.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)