Віс 1 ’назва травы’ (Мат.). Карскі (Труды, 479) лічыць слова толькі палескім, супастаўляючы яго з варыянтам віш; параўн. лун. віш ’трава другога ўкосу’, петрык. ’подсціл’ і бяроз. выша́р ’тс’ (Шатал.). Адпаведнікі знаходзім у гаворках польскай моўнай тэрыторыі: wis//wisz ’чарот, Scirpus L.’, wis ’аер, Acorus L.’; ’від кіслай травы (асака?)’; ’мокры з чаротам луг’, wisowata łąka ’благое сена’, wiszowaty (аб сене) ’тс’, н.-луж. wis ’чарот’, а таксама ў славенкай мове: víš ’асака, Carex L.’, серб.-харв. виш ’расліна’. У гэту групу ўваходзіць і палес. вішар (гл.), драг. выше́р ’старая, у свой час не скошаная трава, якую выкарыстоўваюць пераважна для подсцілу’, сюды ж укр. виш ’тс’, виша́р ’леташняя трава’, польск. wiszar ’гушчар, нетры, зараснік’, рус. кур. виш ’кусты, купіны ў паплавах, зарослыя леташняй травой’, калін., сіб. виша ’губка, Bodiaga fluviatilis et lacustris’. Відавочна, звязана з літ. viksvà ’асака’, vìkšris ’сіт, Jungus L.’, прус. wissene ’трава’, weysigis ’луг’, ням. Wiese ’луг’, ст.-ісл. veisa ’іл’ (Брукнер, 624–625).

Віс 2 ’вісячае становішча цела гімнаста пры гімнастычных практыкаваннях’ (КТС), укр. вис, рус. вис, чэш., славац. vis, в.-луж. wis, польск. zwis, балг. вис ’тс’. У рускай мове гэта новая лексема (ССРЛЯ, 2, 389), якая паходзіць з чэш. мовы (КЭСРЯ, 63). Бел. слова запазычана з рус. мовы. Да вісе́ць (гл.).

Віс 3 ’тое, што вісіць’ (палес., Маш.), магчыма, в.-луж. wis ’схіл, склон, адхон, навісь, правес’. Палес. слова з’яўляецца (у фальклоры) дэсемантызаваным прасл. visъ. Да вісе́ць (гл.).

Віс 4 ’мера вагі (для солі)’ (Кольб., 52, 78). Відавочна, да віс 3.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ка́пка 1 ’кропля’ (ТСБМ, Яруш., Сцяшк., Юрч., гродз. З нар. сл.; КЭС, лаг.; Гарэц., Бяльк.); ’рагі на шкле’ (Нік. Очерки), ’трошкі, крышку’ (Яўс., Янк. 1), ’кропка, ’лямачка’ (Гарэц.), ’кавалак скуры, што прышываецца да дзіравага бота’ (КЭС, лаг.). Укр. капка ’кропля’, ’плямачка, крапінка’, рус. КАССР капка ’капля’. Прымыкае да зах. і паўдн.-слав. пашырэння гэтай лексемы. Прасл. kapъ‑ka < kapati (Трубачоў, 9, 150) > капа́ць (гл.).

Ка́пка 2 ’пячурка ў печы, куды кладуць сушыць анучы, рукавіцы’ (Бяльк.), ’ямка ў печы, куды зграбаюць вуголле’ (віл. Шатал.), ко́пка ’тс’ (ТС); у зах.-палес. гаворках у гэтых значэннях ужываецца куча і ку́чка (якія там звычайна называюць ’загародку ў хляве для жывёлы’, ’буданчык’ і нават ’старую малую хаціну’), а копка вымаўляецца з [б], у такім выпадку першаформы гэтай лексемы — кабка, кобка, якія маюць адпаведнікі ў іншых слав. мовах: чэш. kobka, koba ’камера’, ’сені’, ’загародка для свіней у хляве’, ст.-чэш. kobka ’крама’, ’мясная крама’, славац. кобка ’камера’, ст.-польск. kob ’свінух’ (в.-польск. з XV ст.), kub ’тс’ (пач. XVII ст.), суч. польск., вял.-польск. куяўск. kubel ’загародка для кормнікаў’, а таксама ўкр. коба ’капюшон’, кобеля ’кошык’, ’торба; сумка’ і чэш. kabéla, в.-луж. kobjeł, kobjełka, kobjałka, н.-луж. kobʼela, ст.-польск. kobiela, суч. польск. kobiałka ’тс’. Усе яны ўзыходзяць да с.-в.-ням. kobel, якое першапачаткова адзначала ’кошык’, цяпер жа ’клетка’, ’свінух’, ’будка для фурмана’ — памяншальная форма ад koben, kobe ’хлеў’, ’хаціна’, ’будан’ (Махэк₂, 233; Слаўскі, 2, 293–295 і 297–298; Трубачоў, 11, 87).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Лагожы, лаґожы, лагошы, лого́шы, лоґошы́, лаґошы, лагяшы́ ’сані-развалкі для перавозкі грузаў, розвальні’ (ТС, ТСБМ, Нар. сл., Шатал., Сл. паўн.-зах.), ’вялікі воз для возкі сена, снапоў’ (Касп.), ’лёгкія сані’ (КЭС, лаг.; Жд. 2), бярэз. ’выязныя сані’ (Сл. паўн.-зах.), ’сані з надбудаванай скрыняй або возам для перавозу тавараў’ (КЭС, лаг.; Жд. 2), ’доўгія палкі, якія ўстаўляюцца ў драбіны воза, каб больш палажыць снапоў’ (Сіг.), ’прыстасаванне для пашырэння саней’ (Нар. сл., З нар. сл.), ’рама для воза, саней’ (Сл. паўн.-зах.), ’старыя, паламаныя сані’ (Нар. сл.), лагоша ’воз з бакавымі дошкамі замест драбін’, лаґажы́ ’драўлянае прыстасаванне з палазамі для транспарціроўкі сельскагаспадарчых прылад’ (Сл. паўн.-зах.). З такой семантыкай толькі беларускае. Pluralia tantum пад уплывам сані. Узыходзіць да венг. lógós ’дадатковы конь у запрэжцы’, ’свабодны, які свабодна звісае’, lógó ’тс’, ’дышаль, да якога запрагаюць дадатковага каня’. З тымі ж значэннямі ўжываецца гэта слова ў серб.-харв. (ло́гов), балг. (ло́гой) і славац. (logoš) мовах. У ст.-польск. łogosz (з XVII ст.) азначае ’дадатковы конь у запрэжцы’, ’лаўка ззаду воза, саней для гайдука’. Апошняе значэнне і ў ст.-бел. лагошъ, локгошъ. Паводле гэтага Булыка (Запазыч., 191) выводзіць бел. лексему са ст.-польск. Гл. таксама Міклашыч, 172; Бернекер, 727; Брукнер, 310; Скок, 2, 313; MNy, 2, 60, 370. Балтыйскі адпаведнікі, дадзеныя А. Грынавецкене (Сл. паўн.-зах., 2, 604) да лагошы, а іменна літ. lùgės ’благія сані ці воз з кузавам’, lùgnios ’прыгожыя сані’, супадаюць толькі семантычна, таму што нельга растлумачыць агульнасць вакалізму кораня. Фрэнкель (1, 388) суадносіць іх з lubà ’стальнічына’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Друк 1 ’друк’ (БРС, Байк. і Некр., Нас., Касп. і інш.). Гэта слова было ўжо ў ст.-бел. (з XVI ст., гл. Булыка, Запазыч., 102). Укр. друк ’тс’. Запазычанне з польск. druk ’тс’ (а гэта з ням. Druck ’тс’). Бернекер, 1, 99; Кюнэ, Poln., 51; Булыка, Запазыч., 102. Вытворныя адсюль друкава́ць, друка́р, друка́рня і інш. Можна ставіць пытанне, ці гэта самастойныя ўтварэнні ад друк на бел. глебе ці запазычанні таксама з польск. мовы. Булыка (Запазыч., 102) аднёс друкарня, друкаръ, друковати да дэрыватаў (пад друкъ). На с. 15 ён гаворыць, «што прыводзяцца дэрываты, утвораныя на беларускай глебе». Аднак давесці самастойнасць адзначаных бел. слоў немагчыма. Таму іх можна таксама лічыць паланізмамі: друкава́ць (ст.-бел. друковати) < польск. drukować; друка́р (ст.-бел. друкаръ) < польск. drukarz; друкарня (ст.-бел. друкарня) < польск. drukarnia. Для друка́р ёсць сляды яго польск. паходжання (дру́кар — Нас.) або прама ням. Нават друкава́ць магло быць прамым запазычаннем з ням. мовы. Яшчэ Бярында пісаў: «дрꙋкꙋ́ю: з алманска, выбива́ю, албо вытискаю».

Друк 2 ’дубіна’ (БРС), дрюк ’тс’ (Бяльк.). Рус. друк, дрюк, укр. друк, дрюк, чэш. drouk ’жалезны прут, шпень’, славац. drúk ’кол, жэрдка’, балг. дыял. дрък ’сцябло кукурузы’, серб.-харв. друк ’даволі тоўсты кол’. Прасл. *drǫkъ ’друк і да т. п.’ Гэта форма лічыцца варыянтнай (другаснай; паводле Фасмера, 1, 544, узнікла пад уплывам *sǫkъ ’сук’) да прасл. *drǫgъ ’тс’ (якая суадносіцца з дзеясловам *dręgati). Гл. Трубачоў, Эт. сл., 5, 130–131, 129–130. Сюды памяншальнае дручок.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Жвавы ’бойкі, рухавы’. Рус. паўд., зах. жвавый, укр. жвавий, польск. żwawy, памор. žvavï ’тс’, чэш. уст. нар. žvavý ’гаваркі, балбатлівы’, славац. уст. žvavosť ’балбатня’, в.-луж. žwawy ’хто жуе; балбатлівы’. Міклашыч (413) суадносіў бел. жвавы ’вясёлы’ з živ‑ (žĭv‑). Коген (Уч. зал. БГУ, сер. филол., вып. 1. Мн., 1940, с. 193) выдзяляў суфікс ‑ав‑. Таксама Мартынаў–Міхневіч (Маладосць, 1969, 10, 134) узводзяць да žĭv‑. Брукнер (668) лічыў, што żwawy да żuć ’жаваць’, а ўсх.-слав. словы з польск. Паходжанне польск. слова і яго семантыку ў русле думкі Брукнера тлумачыў Атрэмбскі (Życie wyrazów, 130–131). Трубачоў (Этимология, 1965, 63–64), рэканструюючы прасл. дыял. *žьvavъjь, указваў на семантычнае і фармальнае супадзенне з авест. j̆vaya ’жвавы’ і дапускаў іранскае ўздзеянне на слав., паколькі больш слав. форм з žьv‑ ён не адзначыў. Аднак такой формай можна лічыць жэўжык (гл.). Калі прыняць тэзіс Міклашыча пра *žьv‑//*živ‑, і.-е. форма будзе мець выгляд *g​u̯ī̆​u‑ (Покарны, 1, 468). Чэш., славац., в.-луж. і ст.-польск. значэнні ўказваюць на магчымасць прыняцця гіпотэзы Брукнера пра суаднясенне з жаваць, аднак, верагодна, бел. і ўкр. формы маглі ўзнікнуць незалежна ад польск. Мсцісл. жвялы ’жвавы’ і вытворныя (жвяла, жвяласць), жвялець ’жвавець’ (гл.), чэрв. жвалы, укр. дыял. жвалий ’жвавы’ (Жэлях.), магчыма, суадносяцца з літ. žvalus ’жвавы, лоўкі’. Да гэтай формы ўзводзіць бел. дыял. жвяла, жвялець Лаўчутэ (Baltistica, VI, 2, 199). Пры гэтым літ. форма магла ўздзейнічаць на бел., а бел. семантыка на літ. Супрун, Бел.-польск. ізал., 124–129.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Прыго́да ’нечаканы выпадак; цікавае, незвычайнае або рызыкоўнае здарэнне’ (ТСБМ, Шпіл., Нас., Гарб., Мал., Гарэц., Ласт., Байк. і Некр., Бяльк., Ян., ТС), ’падстава, прычына’ (Мік., Гарэц.); з працягам семантыкі прыго́д ’хваравіты стан, перапуду выніку нечаканага здарэння, выпадку’ (Нар. Гом.) і вытворны прыметнік прыго́длівы ’нешчаслівы, непаспяховы’ (Шпіл.). Сюды ж дэсемантызаванае прыго́да, якое ўжываецца ў значэнні неазначальнага займенніка: — Де ваш аграном? — Прыгода его знае, не знаю (Ян.), ст.-бел. пригода ’выпадак; нечаканы выпадак, у выніку якога што-небудзь здарылася; абставіны’. Узыходзіць да прасл. *prigoda < *prigoditi (гл. прыгадзі́ць), прэфіксальнае да *goditi. Магчымае развіццё семантыкі можа выглядаць наступным чынам: ’дапамагчы, спатрэбіцца і пад.’ → ’дапамагчы пры выпадку’ → ’выпадак’. Укр. приго́да ’патрэба, карысць; прыгода, здарэнне; няшчасце, няшчасны выпадак’, рус. зах.-бранск. приго́да ’прыгода’, смал. ’бяда, нягода, няшчасце’, ст.-рус. пригода ’выпадак; непрыемнасць, няшчасце; пярэчанне’, польск. przygoda, каш. prëgoda, чэш. příhoda ’здарэнне, выпадак’, славац. prihoda, в.-луж. příhoda, н.-луж. pśigoda ’тс’, серб.-харв. при̋года ’(зручны) выпадак’, балг. прѝго̀да ’выпадак; зручнасць’. Таксама сюды ж утварэнні з захаваннем першаснай семантыкі прасл. *prigoditi (sę): прыго́да ’дапамога; выгада’ (Нас., Мал.), прыго́да ’патрэба’ (мін., Шн. 2; ваўк., Арх. Федар.; Нар. Гом.) у выразе: быць (стаць) у прыгодзе ’згадзіцца, спатрэбіцца’ (ТСБМ, Нар. Гом.), стаць у (вялікай) прыгодзе ’спатрэбіцца пры выпадку, спатрэбіцца ў цяжкім становішчы, пры незвычайным здарэнні’ (Янк. БФ), прыго́дны ’такі, які падыходзіць да чаго-небудзь, які можа спатрэбіцца, здатны, які прыносіць карысць; прыдатны для выкарыстання’ (Байк. і Некр., ТСБМ), прыго́длівы ’статны, прыгожы’ (Нар. Гом.). Гл. Копечны, Zákl. zásoba, 290–291; БЕР, 5, 706.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Пу́пел, пу́пёл ’патаўшчэнне ніткі пры прадзенні, сукаратка’ (талач., Шатал.; чэрв., Сл. ПЗБ), путы ’адходы пры прадзенні’ (круп., Нар. сл.; в.-дзв., Шатал.), пу́пёл ’галоўка, кветка (расліны)’ (б.-каш., Мат. Гом.), ’ножка плада’ (Варл.), ’маленькі агурок, у якога адпала кветка’ (Жд. 2), пу́пель ’маленькі трактар’, пу́ты ’малеча, дзецярня’ (Касп.), сюды ж пу́тік ’нешта малое, падобнае да шарыка’, перан. ’пра недарослую дробную бульбу’ (Янк. 1), ’гузік у кажусе; пупок, выступ, пампон; раменьчык на накрыўцы, каб адчыняць яе’ (ТС; палес., З нар. сл.; жытк., рагач., Мат. Гом.), ’пупышка; галоўка, кветка, бутон; завязь агуркоў’ (хойн., карм., ветк., рагач., чач., Мат. Гом.), пупёлачкі, пупёлашкі ’маленькія, недаразвітыя плады, завязь’ (дзісн., Шн. 3; Юрч. Фраз. 1), параўн. рус. смал. пу́пел ’чалавек невялікага росту; маленькі грыб’, польск. pępel, pąpel, pqpyl ’пухір’, балг. пу́пял, пу́тек ’дзікі мак’, пу́пляк ’цурачка; малы чалавек’, пу́пля ’малое пузатае дзіця’, серб.-харв. дыял. пупу́/ька, пупо/ьак ’выступ на прадметах; гузічак або раменьчык, за які трымаюцца’, макед. пупулец ’пупышка, бутон’. Усё да прасл. *pǫpъ (гл. пуп); магчыма рэканструкцыя прасл. *pǫpьl 1, аднак, можна дапусціць самастойнае словаўтварэнне і семантычнае развіццё для розных славянскіх моў, што, насуперак Фасмеру, 408 (< літ. pamplys ’маларослы, карапуз’), Лаўчутэ, Балтизмы, 56, 126 (< літ. puplys ’надуты, з вялікім жыватом’, pupulis ’маленькае дзіця’, ’патоўшчанае месца ў нітцы пры прадзенні’), не дае падстаў гаварыць пра запазычанне. Пра жывыя словаўтваральныя працэсы сведчыць пуп або пупёл “дрэвападобныя пруточкі, якімі садавіна прымацавала да галінкі”: dzieci abirali višni z pupami (Варл.), а таксама літ. pupos ’боб’, мн. л. pupelės ’фасоля’, зафіксаваныя яшчэ ў “Пастыллі” Даўкшы.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Спары́ш 1 ‘два спараныя прадметы (пра плады, расліны і пад., якія зрасліся)’ (ТСБМ, Касп., Бяльк., Шат., Байк. і Некр., Др.-Падб., Мядзв., Рам., 8, Жыв. сл., Сл. ПЗБ), ‘дзве-тры баразны бульбы (часцей пры мяжы), недастаткова аддаленыя адна ад другой, каб зрабіць радкі’ (Лекс. і грам., 15; Сцяшк.), ‘гліняныя гаршчочкі, злучаныя разам’ (Касп.; в.-дзв., Шатал.; Сцяшк.), спарышы́ ‘зросткі (агуркоў)’ (Мат. Гом.), спары́шка ‘спараныя каласкі, дрэвы, агуркі і інш.’ (Сл. ПЗБ). Рус. споры́шка ‘арэх-двайчатка’, спорина́ ‘тс’. Да спор 1, споры (гл.). З ад’ідэацыяй да па́ра 2 (гл.), параўн. спарыкова́ць ‘аб’яднаць разам, злучыць’ (ТС).

Спары́ш 2 ‘аднагадовая расліна сямейства драсёнавых’ (ТСБМ), спары́шнік ‘расліна драсён, Polygonum L.’ (Кіс., Касп., ТСБМ), ‘канюшына раллявая, Trifolium arvense’ (Кіс.). Укр. спори́ш, рус. споры́ш ‘расліна Polygonum aviculare’, польск. sporysz ‘тс’, в.-луж. sporušk, н.-луж. spóriš ‘вярбена’, чэш., славац. sporyš ‘вярбена’, серб.-харв. спорѝш ‘крываўнік, Axillea L.’, славен. sporíš ‘вярбена’, балг. споре́ш ‘крываўнік’. Прасл. *sporyšъ, гл. спор 1, споры; абазначала расліны, якія маюць вялікую колькасць насення або даюць вялікі прырост. Гл. Міклашыч, 318; Фасмер, 3, 738; Махэк₂, 571; Бязлай, 3, 300; Шустар-Шэўц, 1343; ЕСУМ, 5, 380.

Спары́ш 3 ‘спарыння’ (Выг.; нараўл., Сл. ПЗБ). Гл. спарыння.

Спары́ш 4 ‘міфічная істота ў выглядзе чорта ці птушкі, што прыносіць багацце або садзейнічае чараўнікам’ (Суднік, Диалекты, 199; кам., Жыв. НС), спарышка: taki klicz abo dumka (ад згадвання якіх справы папраўляюцца) (Пятк. 2). Да спор 1 ‘прыбытак, удача, поспех’. Адносна семантыкі гл. Валодзіна, Бел. міф.₂, 485–486.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

схапі́ць, схаплю, схопіш, схопіць; зак., каго-што.

1. Узяць, злавіць хуткім, рэзкім рухам рук, зубоў і пад. Воўк схапіў авечку. □ Кандрат Бус, зачуўшы наезд польскай конніцы, схапіў кажух і шапку, адзеўся на хаду і кінуўся на задворкі. Колас. Боязна было зварухнуцца, думалася — гаспадар здагадаецца, што я там схаваўся, схопіць за каўнер і пачне лупцаваць. Бажко. [Вася] схапіў са сцяны бацькаву паляўнічую стрэльбу і без шапкі кінуўся на двор. Пальчэўскі. // Захапіць, злавіць як здабычу. — Унадзіўся падлюка-каршун лятаць, — паскардзіўся .. [дзед] бабцы Вікці. — Сёння зноў маладога пеўніка схапіў. Даніленка. / Пра дзеянне ветру, вады. А потым схопіць [вецер] снег шурпаты і сцебане ў шыбы ім. Свірка.

2. Сілай затрымаць каго‑н., не даючы пайсці, уцячы. Хлапчыну схапілі, выкруцілі назад рукі і адабралі гуркі. Карпаў. Да дзеда і Міколкі падскочылі салдаты, схапілі іх, звязалі рукі. .. Павялі ў склеп. Лынькоў. // Разм. Арыштаваць. — Сяргея схапілі, — дрыжачы ад узбуджэння, паведаміў [Лобік] як навіну. Навуменка. [Кірыл Іванавіч] яшчэ здолеў нейкім чынам перадаць аднаму з падпальшчыкаў, што яго збіраюцца схапіць, і такім чынам выратаваў чалавека ад смерці. Казлоў.

3. перан. Разм. Атрымаць, здабыць. Курорт яму [Мацею] падай, кватэру без чаргі, І прэмію схапіць не траціць ён надзею... Корбан. [Мікіта Мінавіч:] — А за ашуканства старога чалавека ты [Вара] ў мяне яшчэ спагнанне схопіш. Кулакоўскі. Але не заўсёды Лукашу шанцавала схапіць што. Бывалі дні, што, акрамя шчаўя, нічога больш не пападалася пад рукі. Лобан. Усе дзяўчаты вешаліся па яго [Сымона]. От і схапіла Аўдоцця шчасце. Чарнышэвіч. // Атрымаць дрэнную адзнаку на ўроку, экзамене. Схапіць двойку. // Нахапаць, узяць адкуль‑н., пераняць. [Астапчык:] — Пачопка кажа, што Павалковіч вялікі майстар кампіляцыі. Спіша, схопіць адтуль-адсюль, скампілюе і выдае за сваё. Машара.

4. Разм. Набыць, атрымаць, падчапіць (якую‑н. хваробу). [Ліда:] — Загадай .. [мужу] змоўкнуць, а то наглытаецца ветру і схопіць запаленне лёгкіх. Шамякін. — Яшчэ чаго не хапала! — фыркнула маці: — Схопіш якую-небудзь заразу і памрэш дачасна... Гарбук.

5. Разм. Раптоўна і моцна праявіцца ў каго‑н. (пра прыступ хваробы, болю). Памятаю, у той дзень бацьку нездаровілася — схапіў жывот. Дамашэвіч. На хвіліну якую Юрка ўспамінае, як яго схапілі былі дрыжыкі, калі ён, едучы з Разіна на Смыку, убачыў дым над сваёй хатай... Пташнікаў. / у безас. ужыв. Жывот схапіла. // Ахапіць раптоўна, адолець (пра пачуцці, стан і пад.). Дзядзьку схапіла злосць.

6. перан. Разм. Хутка ўспрыняць, зразумець, засвоіць. Схапіць думку субяседніка. □ Калгасныя курсанты, відаць, яшчэ сядзелі ў клубе над канспектамі, хапалі там тое, што не паспелі схапіць за дні вучобы. Шашкоў. Ты хочаш розумам схапіць, пра што зара з гарой гаворыць. Дубоўка. // Улавіць зрокам, слыхам. Часам Пятро схопіць вокам, непрыкметна ледзь павярнуўшы галаву, і кожны раз пазнае яе, Таццяну — у белым, вясельным убраны... Пестрак. Схопіць вачамі пачатак якога сказа, і ў думках самі сабой, як у той кінакарціне, адзін за адным мігцяць вабныя малюнкі. Шынклер.

7. перан. Разм. Прыкмеціўшы, раскрыць, адлюстраваць (звычайна ў творах мастацтва). На малюнку хлапчук даволі правільна схапіў прапорцыі. Асіпенка. Слова паэта імкнецца схапіць перажыванне ў момант яго працякання. Клышка.

8. Умела звязаць, абвязаць чым‑н. Схапіць валасы стужкай.

9. Спец. Змацаваць, злучыць. Схапіць бярвёны скрэпамі.

10. Спец. і разм. Застываючы, зацвердзяваючы, змацаваць, злучыць (пра якія‑н. рэчывы і пад.). Тарфяны попел схапіў, умацаваў пясок, атрымаўся рыхлы асфальт. Новікаў. // безас. Зацвярдзець, застыць (пра якое‑н. рэчыва). Бетон хутка схапіла. // Разм. Замарозіць. Лёд схапіў раку. / у безас. ужыв. Лужыны схапіла лёгкім марозікам.

11. (звычайна з адмоўем «не»). Разм. Паспець зрабіць што‑н. [Ульяна:] — А я, думаю, перабяру, а то калі будзем сеяць, дык потым усё не схопіш. Гаўрылкін. Была нядзеля. Праўда — як на заказ, і ўся вёска вываліла за Марозаву лазу схапіць і скласці ў стагі сваё сухенькае, як порах, сена. Ракітны. // Хутка арганізаваць, зрабіць што‑н. Схапіць таксі і паехаць.

•••

Схапіць бізуна — атрымаць лупцоўку.

Схапіць за руку — злавіць на гарачым учынку, на месцы злачынства.

Схапіць у абдымкі — абняць.

Трасцу схапіць — не атрымаць нічога.

Як вока схопіць гл. вока.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Ле́зці ’ўзбірацца, залазіць, караскацца’, ’апускацца ўніз’, ’забірацца куды-небудзь, улазіць у што-небудзь’, ’пранікаць крадучыся’, ’змяшчацца’, ’выбівацца наверх’, красл. ’вылазіць, выпірацца’ (Бяльк., Касп., Яруш., ТСБМ, Сл. паўн.-зах.), ’надакучаць, назаліць, дражніцца’ ў выразе лезці ў вочы, лезці ў галаву (Шат., КЭС, лаг.; драг., в.-дзв., Сл. паўн.-зах.), беласт., драг. ’паўзці’, ’марудна ісці’, пруж., драг. ’падыходзіць, дакранацца’ (Сл. паўн.-зах.), ’моцна крычаць’, ’старанна рабіць’ у выразе із шкуры лезці (Ян.), драг. косэ лізуть ’падаюць валасы’ (Лучыц-Федарэц). Укр. лізти ’лезці, улазіць у што-небудзь, вылазіць’, ’поўзаць’, лі́заты ’лазіць’, рус. ле́зти, лезть ’уваходзіць куды-небудзь’, ’гразнуць’, польск. ležć (1‑я ас. lezę, ст.-польск. lazę) ’лезці’, н.-луж. lězć ’ісці, паўзці’, ’узбірацца’, в.-луж. lězć ’лезці’, чэш. lézti ’паўзці, цягнуцца’, ’прыходзіць не ў час’, ’паволі падаць, знікаць’, славац. liezť ’лезці’, славен. lę́sti, ст.-серб.-харв. љести, ле̏сти, ли̏сти ’паўзці, ускарасквацца’, сучаснае серб.-харв. ужываецца з прэфіксамі до‑, па‑, у‑ і замяняе дзеяслоў ѝћи ’ісці’, макед. дыял. љазʼа ’(дзіцё) рачкуе’, балг. ле́за, лезя ’лазіць, поўзаць’, ст.-слав. възлѣзѫ, лѣсти ’узбірацца’. Прасл. lěsti (lězǫ) ’паўзці, пасоўвацца наперад’. Самымі блізкімі адпаведнікамі з’яўляюцца балтыйскія мовы, у якіх прасл. ‑ě‑ адпавядае ‑ē‑: ст.-прус. līse (< *lēza) ’паўзе’, лат. lēžât ’ссоўвацца’, lēžuôt ’ісці паволі, цягнуцца’, літ. lė̃kštas ’плоскі’, lažà, lãžas ’паншчына’; параўн. яшчэ ст.-ісл. lágr ’нізкі’, с.-в.-ням. laege ’плоскі’, гал. laeg, ст.-грэч. λαχύς, англ. low ’нізкі’. Да і.-е. *lēg̑h‑ (Бернекер, 1, 715; Фасмер, 2, 476–477; Слаўскі, 4, 192–193; Скок, 2, 278–279; Шустар Шэўц, 11, 835; Бязлай, 2, 136).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)